§ 43. Асноўныя гіпотэзы паходжання жыцця

Гіпотэзы пазаземнага паходжання жыцця зводзяцца да таго, што жыццё на планеце Зямля не ўзнікала, а было занесена з космасу. Пры­хільнікі гэтых гіпотэз мяркуюць, што «споры жыцця» маглі трапіць на нашу планету разам з метэарытамі, каметамі, касмічным пылам, быць перанесенымі з дапамогай святла ці нават іншапланецянамі.

*Меркаванні пра магчымасць пераносу жыцця праз касмічную прастору называюцца гіпотэзамі пансперміі (ад грэч. pan — усё і sperma — семя). Аднымі з першых ідэю пра занясенне жыцця на Зямлю з космасу выказалі шведскі хімік Й. Берцэліус (1834 г.) і нямецкі урач Г. Рыхтар (1865 г.). Цікава, што канцэпцыю пансперміі падтрымлівалі і развівалі многія выдатныя вучоныя, напрыклад брытанскі фізік У. Томсан, шведскі хімік С. Арэніус і адзін з распрацоўшчыкаў мадэлі будовы малекулы ДНК англійскі біяфізік Ф. Крык.*

Лабараторныя даследаванні паказалі, што споры некаторых бактэрый і раслін могуць вытрымліваць працяглае знаходжанне ў вакууме пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля (–273,15 °C), без страты жыцця­здольнасці. Акрамя таго, яны дэманструюць устойлівасць да ультрафіялетавага выпраменьвання і іанізуючай радыяцыі, г. зн. да ўмоў адкрытага космасу. Таксама ёсць даныя пра выяўленне слядоў арганічных рэчываў у саставе камет і метэарытаў. Аднак гіпотэзы пазаземнага паходжання не даюць адказу на пытанне пра першапачатковае ўзнікненне жыцця. У сутнасці, яны пераносяць дадзеную праблему з планеты Зямля ў іншую частку Сусвету.