Уступ

У канцы ХIX ст. многія вучоныя лічылі, што развіццё фізікі завяршылася. Законы механікі і тэорыя сусветнага прыцягнення былі вядомы больш за 200 гадоў. Да гэтага часу была развіта і стала агульнапрызнанай тэорыя электрамагнітнага поля, асновы якой былі закладзены Дж. Максвелам.
Аднак да пачатку ХХ ст. паўсталі праблемы, якія мелі дачыненне да фізічнай прыроды выпраменьвання і рэчыва, а таксама іх узаема­дзеяння. У рамках класічнай фізікі ўзніклі непераадольныя супярэчнасці пры тлумачэнні эксперыментальных даных для працэсаў паглынання і выпраменьвання святла атамамі, заканамернасцей выпускання электрамагнітнага выпраменьвання нагрэтымі целамі, фотаэфекту і да т. п.
Аналіз гэтых супярэчнасцей і пабудова на іх аснове новых тэорый прывялі фізікаў на пачатку XX ст. да навуковай рэвалюцыі, якая карэнным чынам змяніла погляды вучоных на аб’екты мікрасвету — атам, яго ядро і элементарныя часціцы.
На працягу наступных 30 гадоў былі закладзены асновы квантавай фізікі, якая прыйшла на змену класічнай фізіцы пры разглядзе з’яў на атамным і ўнутрыатамным (субатамным) узроўнях.