§ 1-32. Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыслоўя. Утварэнне і правапіс дзеепрыслоўяў. Марфалагічны разбор дзеепрыслоўя

Правіла

Дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трыванняў утвараюцца ад розных дзеяслоўных асноў пры дапамозе розных суфіксаў.

Дзеепрыслоўі незакончанага трывання абазначаюць незакончанае дадатковае дзеянне, якое адбываецца ці адбывалася адначасова з асноўным дзеяннем, выражаным дзеяслова-выказнікам: То па́даючы ледзь не да зямлі, то сігаючы ўгору, праляцела чорная жаўна (М. Стральцоў).

Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца ад асновы цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогай суфіксаў -учы (-ючы) ад дзеясловаў І спражэння; -ачы (-ячы) ад дзеясловаў ІІ спражэння: няс-уць — несучы, чыта(й)-юць — чыта(й)ючы, гавор-аць — гаворачы, кос-яць — косячы, смя(й)-уц-ца — сме(й)ючыся.

Дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць звычайна закончанае дадатковае дзеянне, якое адбывалася раней за асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам: Раніцай, паснедаўшы, мы пабеглі да аўтобуса (Г. Марчук). Зрэдку дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць дадатковае дзеянне, адначасовае з асноўным: Хлапчукі ляжалі ў цяньку і, уставіўшыся вачыма ў бяскрайні блакіт неба, думалі, марылі кожны пра сваё (Б. Сачанка).

Дзеепрыслоўі закончанага трывання ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы дзеяслова закончанага трывання (або прошлага часу) пры дапамозе суфіксаў -шы (пасля зычных) і -ўшы (пасля галосных): пажартава-ць — пажартаваўшы, пастрыг-чы — пастрыгшы, задума-цца — задумаўшыся, прынёс — прынёсшы.