Печатать книгуПечатать книгу

§ 1-32. Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыслоўя. Утварэнне і правапіс дзеепрыслоўяў. Марфалагічны разбор дзеепрыслоўя

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 1-32. Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыслоўя. Утварэнне і правапіс дзеепрыслоўяў. Марфалагічны разбор дзеепрыслоўя
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 07:00

Практыкаванне 10-323

 Падрыхтуйце на аснове табліцы вуснае паведамленне на лінгвістычную тэму «Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова».

Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова

Значэнне

Марфалагічныя прыметы

Сінтаксічная роля

абазначае дадатковае дзеянне ў адносінах да галоўнага, выражанага дзеясловам-выказнікам, адказвае на пытанні што робячы? што зрабіўшы?

  • ад дзеяслова:

трыванне, час, зваротнасць /

незваротнасць, пераходнасць /

непераходнасць;

  • ад прыслоўя:

не змяняецца

акалічнасць

Практыкаванне 11-323

Прачытайце тэкст. 

Дзяды́ адзначаліся ў розныя часы года ў гонар памерлых продкаў. Лічылася, што ў гэты дзень душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. Дзяды адзначаліся ў Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Галоўнымі лічыліся восеньскія, Вялікія або Змітраўскія Дзяды, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты. Звычайна — у першую суботу лістапада (традыцыя «бацькоўскіх субот»), таму Дзяды супадалі з хрысціянскім днём памінання памерлых — 2 лістапада.

Слова дзяды (Дзяды) мае некалькі значэнняў:

  • душы памерлых продкаў, незалежна ад узросту пры жыцці;
  •  дні ўшанавання памерлых;
  • рытуальная ежа, падрыхтаваная да гэтых святаў.

У найбольш старажытнай форме Дзяды захаваліся толькі ў беларусаў. Лічылася, што ў гэты дзень душы могуць прыходзіць у госці да жывых, таму іх запрашалі, гатавалі пачастунак. 

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, пакідаючы пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі, наведаўшы царкву, ішлі на могілкі, прыбіралі там. Вярнуўшыся дадому, рыхтавалі памінальны стол. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць. Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі продкаў па імёнах. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успамінаючы іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць (З газеты «Вячэрні Бабруйск»).

Прывядзіце прыклады з тэксту, калі дзеепрыметнік ужываецца ў сваёй тыповай ролі і ў ролі назоўніка.

У якіх значэннях ужываецца слова дзяды (Дзяды)?

 Калі, згодна з беларускім народным календаром, адзначаюцца дні памяці памерлых? Як беларусы святкавалі Дзяды?

Выпішыце з тэксту дзеепрыслоўі, ахарактарызуйце іх значэнне, марфалагічныя прыметы і сінтаксічную ролю.

 Разгледзьце малюнак. Як вы думаеце, ці перададзена на ім асноўная сутнасць свята Дзяды? Свой адказ пацвердзіце прыкладам з тэксту.

Правіла

Дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трыванняў утвараюцца ад розных дзеяслоўных асноў пры дапамозе розных суфіксаў.

Дзеепрыслоўі незакончанага трывання абазначаюць незакончанае дадатковае дзеянне, якое адбываецца ці адбывалася адначасова з асноўным дзеяннем, выражаным дзеяслова-выказнікам: То па́даючы ледзь не да зямлі, то сігаючы ўгору, праляцела чорная жаўна (М. Стральцоў).

Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца ад асновы цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогай суфіксаў -учы (-ючы) ад дзеясловаў І спражэння; -ачы (-ячы) ад дзеясловаў ІІ спражэння: няс-уць — несучы, чыта(й)-юць — чыта(й)ючы, гавор-аць — гаворачы, кос-яць — косячы, смя(й)-уц-ца — сме(й)ючыся.

Дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць звычайна закончанае дадатковае дзеянне, якое адбывалася раней за асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам: Раніцай, паснедаўшы, мы пабеглі да аўтобуса (Г. Марчук). Зрэдку дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць дадатковае дзеянне, адначасовае з асноўным: Хлапчукі ляжалі ў цяньку і, уставіўшыся вачыма ў бяскрайні блакіт неба, думалі, марылі кожны пра сваё (Б. Сачанка).

Дзеепрыслоўі закончанага трывання ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы дзеяслова закончанага трывання (або прошлага часу) пры дапамозе суфіксаў -шы (пасля зычных) і -ўшы (пасля галосных): пажартава-ць — пажартаваўшы, пастрыг-чы — пастрыгшы, задума-цца — задумаўшыся, прынёс — прынёсшы.

Практыкаванне 12-323

 Прачытайце сказы, замяняючы дзеясловы ў дужках дзеепрыслоўямі адпаведнага трывання. Запішыце прыказкі, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Абазначце суфіксы дзеепрыслоўяў, растлумачце іх напісанне.

1. Лета (прагуляць), (в)осенню не збяр..ш. 2. (Даганяць), не нацалуе..ся. 3. (Гуляць), розуму не нажыв..ш. 4. (Сядзець) дома, многа не (у/ў)бачыш. 5. (Ісці) па клада..цы, на бакі не глядзі. 6. (Пакаштаваць) сало..кага, не захочаш горкага. 7. (Зварыць) каш.., не шкадуй масла.

Практыкаванне 13-323

Прачытайце. Вызначце выпадкі, у якіх з двух простых сказаў можна скласці адзін, утварыўшы ад аднаго з дзеясловаў дзеепрыслоўе. Запішыце гэтыя сказы.

1. Іван моўчкі ішоў па лясной дарозе. Думаў, падбіраў словы да размовы з бацькам. 2. Валянціна не магла стрымаць радасці. Яе самыя смелыя мары спраўдзіліся. 3. Рака рабіла за кустамі круты паварот. Яна агінала бераг і бегла далей. 4. Сонца хілілася на захад. Яго промні залацілі верхавіны высокіх сосен.

Практыкаванне 14-323

Спішыце тэкст, апускаючы дужкі, устаўляючы прапушчаныя літары і знакі прыпынку.

Урачыстая в..чэра

Увесь дзень перад «святым вечарам» маці шкрабла нажом стол лавы мыла ўсё. (Ад)ранку ледзь н.. да сам..га вечара (н..)тух у печы агонь. В..чэра мусіла быць пос(?)ная але ж трэба было (з/с)гатаваць дв..наццаць страў.

Маці (н..)ела ўвесь дзень і другім (н..)давала. Толькі як добра сц..мнела ў хаце ўнесла рэшата з сенам паклала на покуці паставіла (на)верх гаршчок з куццёю*.

З пашанай і нейкай урачыстас(?)цю сачыў бацька як матка с(?)лала на вымытым стале сена як накрывала яго чыстым настольнікам як клала бохан хлеб.. нож лыжкі ставіла конаўку* з соллю. Памыўшы над цэбрам* рукі ён белы ў лапцях у зрэбных штанах у доўгай саро..цы падпяразанай святочным паяском пачакаў калі пады(?)дзе маці і стаў голасна маліцца.

За сталом матка і бацька сядзелі маўкліва нібы чулі за сабою цені тых хто даўно ўжо (н..)прасіў яды. Абое было відаць думалі ўспаміналі. Бацька перш чым браць якой стравы сам..му адліваў лыжку яе ў місу пастаўленую на акне дзядам нябо..чыкам. Міканор ледзь дачакаўся калі бацька нарэшце паставіць на стол гаршчок з куццёю нал..е салодкай вадзіцы-сыты́* з маку і мёд.. паспытаўшы якія можна не крыўдзячы старых устаць...

Заўважыў (н..)пустыя міскі пасля вячэры так і асталіся на стале... (Паводле І. Мележа).

 З якой мэтай на стале быў пакінуты посуд з ежай?

Выпішыце з тэксту прыклады, запоўніўшы табліцу:

Зменныя формы дзеяслова

Нязменныя формы дзеяслова

спрагальныя (асабовыя) формы

скланяльныя формы (дзеепрыметнікі)

дзеепрыслоўі

інфінітывы

 

 

 

 

Зрабіце марфалагічны разбор па адной з кожных дзеяслоўных форм.

Пабудуйце схемы выдзеленых сказаў. Укажыце від падпарадкавання даданых частак галоўнай.