§ 1-32. Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыслоўя. Утварэнне і правапіс дзеепрыслоўяў. Марфалагічны разбор дзеепрыслоўя

Практыкаванне 11-323

Прачытайце тэкст. 

Дзяды́ адзначаліся ў розныя часы года ў гонар памерлых продкаў. Лічылася, што ў гэты дзень душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. Дзяды адзначаліся ў Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Галоўнымі лічыліся восеньскія, Вялікія або Змітраўскія Дзяды, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты. Звычайна — у першую суботу лістапада (традыцыя «бацькоўскіх субот»), таму Дзяды супадалі з хрысціянскім днём памінання памерлых — 2 лістапада.

Слова дзяды (Дзяды) мае некалькі значэнняў:

  • душы памерлых продкаў, незалежна ад узросту пры жыцці;
  •  дні ўшанавання памерлых;
  • рытуальная ежа, падрыхтаваная да гэтых святаў.

У найбольш старажытнай форме Дзяды захаваліся толькі ў беларусаў. Лічылася, што ў гэты дзень душы могуць прыходзіць у госці да жывых, таму іх запрашалі, гатавалі пачастунак. 

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, пакідаючы пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі, наведаўшы царкву, ішлі на могілкі, прыбіралі там. Вярнуўшыся дадому, рыхтавалі памінальны стол. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць. Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі продкаў па імёнах. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успамінаючы іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць (З газеты «Вячэрні Бабруйск»).

Прывядзіце прыклады з тэксту, калі дзеепрыметнік ужываецца ў сваёй тыповай ролі і ў ролі назоўніка.

У якіх значэннях ужываецца слова дзяды (Дзяды)?

 Калі, згодна з беларускім народным календаром, адзначаюцца дні памяці памерлых? Як беларусы святкавалі Дзяды?

Выпішыце з тэксту дзеепрыслоўі, ахарактарызуйце іх значэнне, марфалагічныя прыметы і сінтаксічную ролю.

 Разгледзьце малюнак. Як вы думаеце, ці перададзена на ім асноўная сутнасць свята Дзяды? Свой адказ пацвердзіце прыкладам з тэксту.