§ 0-32. Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыметніка. Утварэнне і правапіс дзеепрыметнікаў. Марфалагічны разбор дзеепрыметніка

Паслухаем мовазнаўцаў

Тэарэтычна, на ўзор рускай мовы, магчыма ўтварэнне дзеепрыметнікаў незалежнага стану прошлага часу і з дапамогай суфіксаў  -ш- (пасля асновы на зычны: падрас-ці — падросшая вяргіня), -ўш- (пасля асновы на галосны: парыжэ-ць — парыжэўшыя валасы). Такія дзеепрыметнікі непажаданыя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Але, на жаль, формы жаночага і ніякага роду, а таксама множнага ліку тыпу загарэўшая, загарэўшае, загарэўшыя маюць адноснае пашырэнне ў пісьмовых стылях маўлення. Што да дзеепрыметнікаў мужчынскага роду з суфіксамі -ш-, -ўш-, то яны недапушчальныя: супадаючы з аманімічнымі дзеепрыслоўямі, выклікаюць непажаданую двухсэнсоўнасць выказвання: Праросшы парастак убіраўся ў сілу (парастак  я к і ? — праросшы). Праросшы, парастак убіраўся ў сілу (убіраўся ў сілу  к а л і ? — праросшы). Мэтазгодна замест такіх дзеепрыметнікаў ужываць або дзеепрыметнікі з іншымі суфіксамі (прарослы парастак), або аднакаранёвыя дзеясловы (Парастак прарос і ўбіраўся ў сілу), або даданыя азначальныя часткі складанага сказа  (Парастак, які прарос, убіраўся ў сілу). Паказаныя спосабы прыдатныя і для перакладу на беларускую мову дзеепрыметнікаў, якія маюць нехарактэрныя для нашай мовы суфіксы (Паводле В. Мароз).