Печатать книгуПечатать книгу

§ 0-32. Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыметніка. Утварэнне і правапіс дзеепрыметнікаў. Марфалагічны разбор дзеепрыметніка

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 0-32. Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыметніка. Утварэнне і правапіс дзеепрыметнікаў. Марфалагічны разбор дзеепрыметніка
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 22:57

Практыкаванне 0-323

 Падрыхтуйце на аснове табліцы вуснае паведамленне на лінгвістычную тэму «Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова».

Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова

Значэнне

Марфалагічныя прыметы

Сінтаксічная роля

абазначае прымету прадмета паводле дзеяння і адказвае на пытанні які? якая? якое? якія?

  • ад дзеяслова:

стан, трыванне, час, пераходнасць /

непераходнасць;

  • ад прыметніка:

род, лік, склон

азначэнне, выказнік

Практыкаванне 1-323

Прачытайце тэксты. Што іх аб’ядноўвае?

 

І. У 1161 годзе полацкі ювелір Лазар Богша стварыў свой славуты крыж, заказаны Ефрасінняй Полацкай, які з’яўляецца выдатным помнікам сярэдневяковага эмальернага* мастацтва. Крыж шасціканцовы, даўжынёй 51 см, аснова драўляная. На пярэднім і адваротным баках прымацавана па 11 залатых пласцін, аздобленых перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, арнаментальнымі кампазіцыямі, каштоўнымі камянямі. З бакоў крыж абкладзены сярэбранымі пазалочанымі пласцінамі. На іх прасечаны надпіс, у якім паведамляецца гісторыя стварэння рэліквіі, дата, імя майстра. Да 1941 года крыж зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль у вайну быў вывезены. Далейшы лёс Крыжа Ефрасінні Полацкай невядомы («Беларускі каляндар»).

ІІ. Імя брэсцкага мастака Мікалая Пятровіча Кузьміча зараз добра вядома ў культурным асяродку не толькі нашай краіны. Сусветную вядомасць мастаку прынёс, бадай што, галоўны на сёння яго твор: адноўлены ім паводле ўзору старажытнага Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай. Работа над аднаўленнем нацыянальнай рэліквіі* заняла ў Мікалая Кузьміча каля пяці гадоў і, як ён сам прызнаецца, не толькі пакінула адметны след на яго жыццёвым шляху, але і прымусіла істотна перагледзець свае адносіны да многіх з’яў, грамадскіх працэсаў і нават некаторых агульначалавечых каштоўнасцей (Паводле С. Галоўкі).

Назавіце дзеепрыметнікі, ужытыя ў тэксце. Вызначце іх форму і граматычныя характарыстыкі (лік, род, склон), сінтаксічную ролю ў сказе.

Выпішыце з тэксту сказы, у якіх ёсць поўная і кароткая формы дзеепрыметнікаў. Падкрэсліце дзеепрыметнікі як члены сказа.

Раскажыце, чым адрозніваюцца поўная і кароткая формы дзеепрыметніка.

  Раскрыйце сэнс слова рэліквія.

 Чаму Крыж Ефрасінні Полацкай з’яўляецца нашай нацыянальнай рэліквіяй?

Правіла

Дзеепрыметнікі маюць поўную і кароткую формы: выкананае заданне  — заданне выканана, прачытаная кніга — кніга прачытана, праведзеныя назіранні — назіранні праведзены.

Поўныя дзеепрыметнікі выступаюць у ролі азначэння і дапасуюцца да назоўніка ці займенніка ў родзе, ліку і склоне: У сваіх парадзелых лясах я не чую ўсхваляванага гоману, а рака памутнелага часу нас нясе, і нясе, і нясе… (П. Панчанка).

Кароткія дзеепрыметнікі (з канчаткам ніякага і жаночага роду і канчаткам ў множным ліку) выконваюць ролю выказніка ў сказе, дапасуюцца да дзейніка і кіруюць дапаўненнямі: Зямля і неба звязаны дажджамі, мы з роднай вёскай звязаны навек (П. Панчанка). Кароткую форму маюць толькі дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу (з суфіксамі -н-, -ен-, -ан-, -т-). Дзеепрыметнікі мужчынскага роду маюць толькі поўную форму з канчаткам : дом пабудаваны, раман напісаны.

 

Практыкаванне 2-323

Разгледзьце схему пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з дзеепрыметнікавымі зваротамі. Падрыхтуйце вуснае паведамленне аб правілах выдзялення на пісьме дзеепрыметнікавага звароту. 

 

Практыкаванне 3-323

Выпішыце сказы, у якіх дзеепрыметнікі ці дзеепрыметнікавыя звароты выдзяляюцца знакамі прыпынку. Растлумачце свой выбар.

1. Я спыніўся аслеплены сонцам толькі на ўзлеску, перад полем (Б. Сачанка). 2. Ды трэба зберагчы, нібыта долю, людскім дабром засеянае поле (З. Марозаў). 3. Насцярожана прабівалі зямлю расточкі збажыны пасеянай восенню (У. Гніламёдаў). 4. Захопленыя сваім заняткам мы і не заўважылі, як сонца схілілася да самага лесу (В. Вольскі). 5. На плоце сохлі перавернутыя дагары дном гладышы і збанкі (У. Гніламёдаў). 6. Спуджаныя вясной знікаюць снягі з пагоркаў… (М. Лужанін). 7. Самалёт разагнаўся на ўзлётнай паласе і падняўся ў вячэрняе неба зацягнутае аблокамі (Я. Саламевіч). 8. Над лесасекай зарослай густымі кустамі арэшніку плыло павуцінне бабінага лета… (І. Шамякін).

Практыкаванне 4-323

 Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Перакажыце тэкст, абапіраючыся на план.

Утвараюцца беларускія дзеепрыметнікі ад дзеяслоўных асноў пры дапамозе выпрацаванай гістарычна сістэмы суфіксаў.

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы дзеяслова пры дапамозе суфіксаў -л-, -ўш-, -ш-. Пераважаюць у мове дзеепрыметнікі з суфіксам -л-, які далучаецца да асновы неазначальнай формы непераходных дзеясловаў закончанага трывання: заіне-ць — заіне-л-ы, уцале-ць — уцале-л-ы, зарас-ці — зарос-л.

Самыя пашыраныя ў беларускай мове дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу з суфіксамі -н-, -ен-, -ан-, -т-. Яны ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы пераходных дзеясловаў закончанага трывання. Суфікс  -н- далучаецца да асновы на а, я: прывіта-ць — прывіта-н-ы, апрацава-ць —апрацава-н-ы, згуля-ць — згуля-н; суфіксы -ен- і -ан- — да асноў на зычны і галосныя і, ы, е: з’ес-ці — з’едз-ен-ы, забялі-ць — забел-ен-ы, пашкодзі-ць — пашкодж-ан-ы, пазычы-ць — пазыч-ан; суфікс -т- — да асноў дзеясловаў з аднаскладовай каранёвай марфемай: зры-ць — зры-т-ы, укры-ць — укры-т-ы, вылі-ць — вылі-т, а таксама ад асноў на о, у, ну, р: змало-ць — змола-т-ы, пачу-ць — пачу-т-ы, здзер-ці — здзёр-т-ы, апрану-ць — апрану-т.

У сістэме беларускіх дзеепрыметнікаў адсутнічаюць зваротныя формы (Паводле В. Мароз).

Практыкаванне 5-323

 Запішыце загадкі, замяняючы дзеясловы ў дужках адпаведнымі дзеепрыметнікамі. Абазначце суфіксы ў дзеепрыметніках. Адгадайце загадкі.

1. Тысячы брацікаў (звязаць), адным поясам (падпяразаць). 2. У лесе (выразаць), гладка (вычасаць), ажно заліваецца, як называецца? 3. Не куст, а з лісточкамі, не кашуля, а (пашыць). 4. (Разаслаць) пасцілка, на пасцілцы (рассыпаць) сярэбраны пясочак, а пасярэдзіне залаты кружочак. 5. Вісіць сіта не рукамі (звіць). 6. (Скруціць, звярцець) па хаце скача. 

Д л я  д а в е д к і: сноп; венік; дудка; кніга; павуціна; неба, зоркі, месяц.

Паслухаем мовазнаўцаў

Тэарэтычна, на ўзор рускай мовы, магчыма ўтварэнне дзеепрыметнікаў незалежнага стану прошлага часу і з дапамогай суфіксаў  -ш- (пасля асновы на зычны: падрас-ці — падросшая вяргіня), -ўш- (пасля асновы на галосны: парыжэ-ць — парыжэўшыя валасы). Такія дзеепрыметнікі непажаданыя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Але, на жаль, формы жаночага і ніякага роду, а таксама множнага ліку тыпу загарэўшая, загарэўшае, загарэўшыя маюць адноснае пашырэнне ў пісьмовых стылях маўлення. Што да дзеепрыметнікаў мужчынскага роду з суфіксамі -ш-, -ўш-, то яны недапушчальныя: супадаючы з аманімічнымі дзеепрыслоўямі, выклікаюць непажаданую двухсэнсоўнасць выказвання: Праросшы парастак убіраўся ў сілу (парастак  я к і ? — праросшы). Праросшы, парастак убіраўся ў сілу (убіраўся ў сілу  к а л і ? — праросшы). Мэтазгодна замест такіх дзеепрыметнікаў ужываць або дзеепрыметнікі з іншымі суфіксамі (прарослы парастак), або аднакаранёвыя дзеясловы (Парастак прарос і ўбіраўся ў сілу), або даданыя азначальныя часткі складанага сказа  (Парастак, які прарос, убіраўся ў сілу). Паказаныя спосабы прыдатныя і для перакладу на беларускую мову дзеепрыметнікаў, якія маюць нехарактэрныя для нашай мовы суфіксы (Паводле В. Мароз).

Звярніце ўвагу!

У суфіксах дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу пішацца адна літара н: напісаны, прачытаны, зроблены, прынесены, спісаны.

У сістэме беларускіх дзеепрыметнікаў адсутнічаюць зваротныя формы.

Практыкаванне 6-323

Запішыце верш, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Абазначце суфіксы дзеепрыметнікаў. Падкрэсліце дзеепрыметнікі як члены сказа. Растлумачце правапіс не з дзеепрыметнікамі.

Ранак. Узлесак. Снег (не)чапаны,

вуснамі ветру прыцалав..ны,

небам дагледж..ны,

у неба загледж..ны,

голлем атул..ны,

долам прытул..ны…

Снежань. Узлесак. Бель і сінеча.

Боская спакайнеча…

                                               Н. Мацяш.

 Якая карціна намалявана аўтарам? З дапамогай якіх часцін мовы гэта зроблена? Як вы думаеце, чаму гэту карціну можна стварыць без дзеясловаў?

Практыкаванне 7-323

 Прачытайце і прааналізуйце прыклады, якія ілюструюць правіла напісання не (ня-) з дзеепрыметнікамі. Падрыхтуйце на іх аснове вуснае паведамленне на тэму «Правапіс не (ня-) з дзеепрыметнікамі». Прывядзіце ўласныя прыклады.

Правапіс не (ня-)  з дзеепрыметнікамі

 

Разам

неразгледжанае пытанне, 

незавершаная работа,

нязжатае жыта

Асобна 

- пытанне не разгледжана, работа не завершана;

- не разгледжанае на сходзе пытанне, у тэрмін не завершаная работа;

- не зжатае, а скошанае жыта

Паслухаем мовазнаўцаў

Нехарактэрныя для беларускай мовы дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-). Іх запазычванне з рускай мовы праз навуковы і публіцыстычны стылі тлумачыцца або нераспрацаванасцю беларускай афіцыйнай і навуковай тэрміналогіі, калі ўводзяцца ў мову ўстойлівыя тэрміналагічныя словазлучэнні тыпу кіруючая роля, кампраметуючыя факты, або недакладнасцю перакладу з рускай мовы на беларускую.

Тое самае можна сказаць і пра запазычванне або калькаванне* дзеепрыметнікаў залежанага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ем-, -ім-: прадстаўляемы, ліквідуемы, кіруемы (Паводле В. Мароз).

Практыкаванне 8-323

Прачытайце сказы і вызначце сродкі замены не ўласцівых беларускай мове дзеепрыметнікаў пры перакладзе з рускай мовы. Ахарактарызуйце іх сэнсава-стылістычную адпаведнасць.

1. Женщина, сидевшая у его ног, всё еще рассказывала про Сталинград.

2. У одного из вагонов стоял красноармеец, издали обративший на себя внимание Сабурова гвардейской выправкой…

3. …И только пыль впереди, завивавшаяся на буграх, похожа была на далёкие клубы́ порохового дыма.

4. Немцы готовились к ночи, пуская в воздух первые белые ракеты, обозначавшие их передний край.

5. — Ишь ты, голос потерял, — удовлетворённо заметил Конюков, сам запыхавшийся от борьбы с немцем.

6. Переждав ещё одну пулемётную очередь, все рванулись как-то решительно и разом к уже видневшимся стенам дома.

7. Зато и слева, и справа беспрерывно слышались артиллерийские раскаты, перемежавшиеся с раскатами грома.

8. — За мной! — крикнул Сабуров, выждав, когда работающий немецкий пулемёт перенёс огонь куда-то левее.

9. Ноги его вдруг подкосились от усталости, и, сев на первый подвернувшийся стул, он почти равнодушно сказал, вытирая пот со лба…

 (К. Симонов.)

1. Жанчына, што сядзела ля яго ног, усё яшчэ расказвала пра Сталінград.

2. Ля аднаго з вагонаў стаяў чырвонаармеец, які здалёк звярнуў на сябе ўвагу Сабурава гвардзейскай выпраўкай…

3. …І толькі наперадзе, на ўзгорках, завіваўся пыл, і быў ён падобны на далёкія клубы́ парахавога дыму.

 4. Немцы рыхтаваліся да ночы, пускалі ў паветра першыя белыя ракеты, акрэсліваючы свой пярэдні край.

5. — Бач ты, голас згубіў, — задаволена заўважыў Канюкоў, усё яшчэ цяжка дыхаючы ад барацьбы з немцам.

6. Перачакаўшы яшчэ адну кулямётную чаргу, усе рвануліся рашуча і раптам наперад да ўжо недалёкіх сцен.

7. Затое і злева, і справа ўвесь час чуліся артылерыйскія раскаты ўперамежку з раскатамі грому.

 8. — За мной! — крыкнуў Сабураў, счакаўшы, калі нямецкі кулямёт перанёс агонь некуды лявей.

 9. Ногі яго раптам пачалі падкошвацца ад стомленасці, і ён, сеўшы на нейкае крэсла, амаль раўнадушна сказаў, выціраючы пот з ілба…

(Пер. А. Кудраўца.)

Практыкаванне 9-323

Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя назоўнікі ў патрэбным склоне.

Падбярыце да прыметнікаў і дзеепрыметнікаў рускай мовы беларускія адпаведнікі, прааналізуйце сродкі перадачы.

 Перакладзіце тэкст на беларускую мову (вусна).

Лёгкая, щебечущая, острая, смеющаяся, вежливая до дерзости, порхающая, как мотылёк, речь …; тяжёлая, туманная, вдумывающаяся сама в себя, рассчитанная речь …; ясная, сжатая, избегающая всякой неопределённости, прямо идущая к делу, практическая речь …; певучая, сверкающая, играющая красками, образная речь …; бесконечно льющаяся, волнуемая внутренним вздымающим её чувством и изредка разрываемая громкими всплесками речь … — лучше всех возможных характеристик, лучше самой истории знакомят нас с характерами народов, создавших эти языки. Вот почему лучшее и даже единственно верное средство проникнуть в характер народа — усвоить его язык, и чем глубже вошли мы в язык народа, тем глубже вошли в его характер (К. Ушинский).

Д л я  д а в е д к і: британец, итальянец, немец, славянин, француз.

Слоўнік

верный правільны, слушны; дакладны; надзейны, пэўны

дерзость дзёрзкасць, задзі́рыстасць

рассчитанный вымеркаваны

сверкающий зіхатлі́вы, зіхоткі

усвоить засвоіць

щебечущий — шчабятлі́вы

 Выкарыстоўваючы ўласны вопыт зносін з прадстаўнікамі іншых культур, дакажыце, што мова з’яўляецца найлепшай характарыстыкай народа — яе носьбіта.