§ 0-32. Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыметніка. Утварэнне і правапіс дзеепрыметнікаў. Марфалагічны разбор дзеепрыметніка

Практыкаванне 4-323

 Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Перакажыце тэкст, абапіраючыся на план.

Утвараюцца беларускія дзеепрыметнікі ад дзеяслоўных асноў пры дапамозе выпрацаванай гістарычна сістэмы суфіксаў.

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы дзеяслова пры дапамозе суфіксаў -л-, -ўш-, -ш-. Пераважаюць у мове дзеепрыметнікі з суфіксам -л-, які далучаецца да асновы неазначальнай формы непераходных дзеясловаў закончанага трывання: заіне-ць — заіне-л-ы, уцале-ць — уцале-л-ы, зарас-ці — зарос-л.

Самыя пашыраныя ў беларускай мове дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу з суфіксамі -н-, -ен-, -ан-, -т-. Яны ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы пераходных дзеясловаў закончанага трывання. Суфікс  -н- далучаецца да асновы на а, я: прывіта-ць — прывіта-н-ы, апрацава-ць —апрацава-н-ы, згуля-ць — згуля-н; суфіксы -ен- і -ан- — да асноў на зычны і галосныя і, ы, е: з’ес-ці — з’едз-ен-ы, забялі-ць — забел-ен-ы, пашкодзі-ць — пашкодж-ан-ы, пазычы-ць — пазыч-ан; суфікс -т- — да асноў дзеясловаў з аднаскладовай каранёвай марфемай: зры-ць — зры-т-ы, укры-ць — укры-т-ы, вылі-ць — вылі-т, а таксама ад асноў на о, у, ну, р: змало-ць — змола-т-ы, пачу-ць — пачу-т-ы, здзер-ці — здзёр-т-ы, апрану-ць — апрану-т.

У сістэме беларускіх дзеепрыметнікаў адсутнічаюць зваротныя формы (Паводле В. Мароз).