§ 0-32. Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова. Марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля дзеепрыметніка. Утварэнне і правапіс дзеепрыметнікаў. Марфалагічны разбор дзеепрыметніка

Практыкаванне 1-323

Прачытайце тэксты. Што іх аб’ядноўвае?

 

І. У 1161 годзе полацкі ювелір Лазар Богша стварыў свой славуты крыж, заказаны Ефрасінняй Полацкай, які з’яўляецца выдатным помнікам сярэдневяковага эмальернага* мастацтва. Крыж шасціканцовы, даўжынёй 51 см, аснова драўляная. На пярэднім і адваротным баках прымацавана па 11 залатых пласцін, аздобленых перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, арнаментальнымі кампазіцыямі, каштоўнымі камянямі. З бакоў крыж абкладзены сярэбранымі пазалочанымі пласцінамі. На іх прасечаны надпіс, у якім паведамляецца гісторыя стварэння рэліквіі, дата, імя майстра. Да 1941 года крыж зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль у вайну быў вывезены. Далейшы лёс Крыжа Ефрасінні Полацкай невядомы («Беларускі каляндар»).

ІІ. Імя брэсцкага мастака Мікалая Пятровіча Кузьміча зараз добра вядома ў культурным асяродку не толькі нашай краіны. Сусветную вядомасць мастаку прынёс, бадай што, галоўны на сёння яго твор: адноўлены ім паводле ўзору старажытнага Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай. Работа над аднаўленнем нацыянальнай рэліквіі* заняла ў Мікалая Кузьміча каля пяці гадоў і, як ён сам прызнаецца, не толькі пакінула адметны след на яго жыццёвым шляху, але і прымусіла істотна перагледзець свае адносіны да многіх з’яў, грамадскіх працэсаў і нават некаторых агульначалавечых каштоўнасцей (Паводле С. Галоўкі).

Назавіце дзеепрыметнікі, ужытыя ў тэксце. Вызначце іх форму і граматычныя характарыстыкі (лік, род, склон), сінтаксічную ролю ў сказе.

Выпішыце з тэксту сказы, у якіх ёсць поўная і кароткая формы дзеепрыметнікаў. Падкрэсліце дзеепрыметнікі як члены сказа.

Раскажыце, чым адрозніваюцца поўная і кароткая формы дзеепрыметніка.

  Раскрыйце сэнс слова рэліквія.

 Чаму Крыж Ефрасінні Полацкай з’яўляецца нашай нацыянальнай рэліквіяй?