Раман «Людзі на балоце»
Традыцыі празаічнага эпасу. Наватарства. Мастацкі стыль пісьменніка
Стыль кожнага творцы ў нейкай ступені вызначаецца яго папярэднікамі.
Стыль пісьменніка (ад грэч. stуlos — ‘палачка для пісьма’) — ідэйна-мастацкая своеасаблівасць творчасці. З’яўляючыся канкрэтным увасабленнем адзінства зместу і формы, рэалізуецца ў тым, пра што і як піша аўтар. |
Вялікую ролю ў выпрацоўцы мастацкага стылю Івана Мележа адыграла яго творчая вучоба на лепшых узорах мастацкага слова. Раннія творы пісьменніка ўжо вызначаліся вернасцю жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. З самага пачатку для тэкстаў Івана Паўлавіча былі характэрныя эпічная паўната і цэласнасць узнаўлення характараў і абставін. Гэта сведчыла, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны мастак, які глыбока разумее і любіць чалавека, здольны ярка паказаць яго ўнутраны свет. З часам пашыраліся жанравыя рамкі твораў, а зварот да паказу жыцця любага Палесся надаў стылю аўтара рамана «Людзі на балоце» яшчэ большы лірызм. Асэнсаванне падзей прымусовай калектывізацыі напоўніла твор праўдзівым драматызмам.
|
Паўната, шматграннасць увасаблення тагачаснай рэчаіснасці ў яе сувязі з мінулым i будучым — вось што было мэтай Івана Мележа. Маштабнасць мыслення, веданне карэнных каштоўнасцей народнага жыцця складае стылёвую адметнасць яго твораў. На думку крытыка Серафіма Андраюка, «жыццё ў хроніцы ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, гэта значыць, жыццю рэальнаму».
|
Іван Мележ здолеў убачыць тое, чаго да яго не бачыў ніхто. Ён добра разумеў і перадаў паляшуцкую свядомасць, псіхалогію сваіх герояў. А ўвядзенне ў канву «Палескай хронікі» этнаграфічнага матэрыялу дало магчымасць мастаку дасканала ўзнавіць рэчаіснасць палескай вёскі 1920-х гадоў, адзначыць агульнае і акрэсліць тыя рысы характару, што робяць палешукоў адметнымі. Плённым аказаўся таксама зварот да фальклору, які выступае ў творы як адна са сфер жыцця народа.
Традыцыя (ад лац. traditio — ‘перадача’) — перадача мастацкага вопыту з пакалення ў пакаленне, яго творчае праламленне ў гісторыі літаратуры. |
Ідучы па ўжо традыцыйным шляху, Iван Мележ па-свойму імкнуўся не толькі паказаць драматызм таго, што адбывалася ў пераломны перыяд гісторыі народа, але i дайсці «да каранёў». Больш пільную ўвагу праявіў Іван Мележ да ўнутранага свету селяніна-працаўніка, да сацыяльна-этычнай сутнасці чалавечых узаемаадносін. Напоўніўшы спрадвечную вясковую тэматыку палескім матэрыялам, Іван Мележ здолеў выказаць сваё слова пра чалавека на зямлі. Ён з сучасных яму пазіцый расказаў пра падзеі 1920-х гадоў, да асэнсавання якіх ужо звярталася літаратура.
Наватарства — развіццё пісьменнікам лепшых уласцівасцей творчай спадчыны, адкрыццё новых шляхоў у літаратуры, вынаходніцтва новых падыходаў, прыёмаў, сродкаў у вершатворчасці, якія замацуюцца і створаць новыя традыцыі. |
Наватарства мастака выявілася ў тым, што ён засяродзіўся на драматызме для сялянства паспешлівай і гвалтоўнай калектывізацыі.
З першых старонак твора Іван Мележ паказаў сябе не вучнем, а мастаком-сапернікам, які не баіцца будаваць «сваю грэблю». Гэта ўпэўненасць тлумачыцца не толькі глыбокім веданнем жыццёвага матэрыялу, але і пэўным адчуваннем часу. Аўтар гаварыў пра «Палескую хроніку» як пра «кнігу ў поўным сэнсе народную, кнігу, якая праслаўляла б народ, яго подзвіг, была б прасякнута вялікай павагай да яго і клопатам пра яго».
У Івана Мележа арганічна спалучаюцца жанр і хронікі, і рамана-эпапеі. Мы бачым не толькі падзеі гістарычнага значэння, адлюстраваныя ў храналагічнай паслядоўнасці (хроніка), але і лёс галоўных герояў у цеснай сувязі з лёсам усіх беларусаў, шматграннасць дачыненняў чалавека да жыцця (раман-эпапея, эпічны раман).
Заслуга пісьменніка не толькі ў тым, што, паказваючы той суровы час, ён імкнуўся захаваць у творы непаўторны каларыт эпохі, але i ў тым — і гэта галоўнае, — што яго гістарызм спалучае праўдзівы паказ жыцця з усімі яго складанасцямі. Лёс герояў «Палескай хронікі » арганічна i непасрэдна звязваецца з рухам гісторыі, які пачынае ўздзейнічаць на ўсю мастацкую плынь твора, часта патрабуючы ад герояў глыбокага роздуму, прыняцця надзвычай адказных рашэнняў і здзяйснення адпаведных учынкаў.
«Палеская хроніка» прасякнута павагай да духоўных каштоўнасцей народа, яго працоўнай маралі, патрыятызму: не толькі асоба для гісторыі, але i гісторыя для асобы! Але, зразумела, i чалавек павінен адчуваць адказнасць перад часам i грамадствам — гэта таксама адна з важных думак пісьменніка.
«Палеская хроніка» застаецца ў найвышэйшай ступені актуальнай i сучаснай, бо пытанне аб прызначэнні чалавека i яго прыроды i сёння знаходзіцца на пярэднім плане. Іван Мележ прыходзіць да надзвычай важных ідэйных высноў аб жыцці ў грамадстве па гуманістычных законах.
|