Раман «Людзі на балоце»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Раман «Людзі на балоце» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 15:29 |
Оглавление
- * Творчая гісторыя, тэматыка і праблематыка «Палескай хронікі»
- * Нацыянальныя характары ў рамане
- * Майстэрства раскрыцця ўнутранага свету Васіля Дзятла
- * Раскрыццё псіхалогіі заможных сялян
- * Драматычны лёс Ганны
- * Чалавек і прырода ў творы
- Традыцыі празаічнага эпасу. Наватарства. Мастацкі стыль пісьменніка
- Пытанні
* Творчая гісторыя, тэматыка і праблематыка «Палескай хронікі»
З другой паловы 1940-х гадоў Івана Мележа неадступна хвалявала задума стварыць вялікі раман пра роднае Палессе, якое ў яго свядомасці атаясамлівалася з усёй Радзімай, з беларускім народам.
«Хочацца, каб, чытаючы маю кнігу, вы адчулі, што я не мог не напісаць яе. …Я хацеў выканаць свой сыноўні абавязак перад бацькоўскай зямлёй, перад роднымі людзьмі; яна невыпадкова пачынаецца прысвячэннем — “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”» (Іван Мележ. «Жыццёвыя клопаты»). |
Першы накід — апавяданне «Хлопец і дзяўчына », у цэнтры якога — узаемаадносіны паміж Ганнай, Васілём і Яўхімам. Прага помсты вядзе Яўхіма ў Куранёўку, бо трэба разлічыцца з Васілём, які нібыта вінаваты, што на Чортавым балоце разбіта Яўхімава банда. З Васілём у Яўхіма і асабістыя рахункі — з-за Ганны. Яўхім хоча забіць Васіля, але Ганна засланяе каханага і гіне. Сюжэт урыўка падказаў назву твора — «Звер сочыць з зарасніку».
Адначасова пісьменнік пачаў працу над раманам «Час спадзяванняў», галоўным героем якога быў Валодзя Дзятлікаў, учарашні выпускнік. І ў першым, і ў другім творы падаваліся толькі асобныя эпізоды з прыватнага жыцця герояў, слаба звязаныя з падзеямі эпохі. Аўтар вырашае звярнуцца да больш ранняга перыяду ў жыцці палескай вёскі і робіць некалькі накідаў будучага твора.
Адзін з першых накідаў рамана выглядаў так: |
Сямейна-побытавыя рамкі рамана абмяжоўвалі творчыя планы аўтара. Ён імкнуўся да кнігі, героем якой быў бы народ. Акрэсліўся канфлікт твора:
З’явілася новая назва — «Туманы над багнаю».
Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай будучага рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», то на асобным лісце мелася аж пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: «Людзі на балоце» і «Туманы над багнай». Урэшце, перад тым як здаць нумар у набор, раман назвалі «Туманы над багнай».
Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся: «Даволі змрочна ўсё гэта. Назва “Туманы над багнай” прыгнятае. Тут святло павінна быць, а не туманы…» Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва «Людзі на балоце» яму больш па душы: «Хай ідзе ў часопісе. Калі што — потым, можа, памяняю, як буду выдаваць асобнай кніжкай…»
Увага пісьменніка акцэнтавалася на ўслаўленні духоўнай велічы ўсяго народа, які ўсвядоміў сваю гістарычную сілу. Узніклі змены ў задуме. Выразна бачыўся цыкл твораў, прысвечаных жыццю палескай вёскі. Вымалёўвалася вялікае эпічнае палатно — «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань…» (надрукавана ў 1976 годзе), «За асакою — бераг» (накіды), «Праўда вясны» (накіды).
Раман «Людзі на балоце» аўтар пачаў як лірычны твор і называў яго лірычным раманам, а працяг трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—1930-х гадоў, праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна.
Літаратурныя сувязі. Паводле культуролага Юрыя Борава, існуе некалькі спосабаў узаемадзеяння традыцыі і наватарства — працяг традыцыі, адштурхоўванне ад традыцыі і г. д. А найвышэйшы спосаб узаемадзеяння — канцэнтрацыя традыцыі. Калі твор, які ў нацыянальнай літаратуры можа быць ці не быць прынцыпова новым, але ў ім падсумоўваецца ўсё зробленае пісьменнікамі-папярэднікамі і сучаснікамі, то ён з’яўляецца творам-канцэнтрацыяй. У сусветным літаратурным працэсе прыкладам канцэнтрацыі з’яўляецца «Сто гадоў адзіноты» калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса (яго «магічны рэалізм» быў адкрыццём для сусветнай літаратуры, але не для нацыянальнай калумбійскай, дзе ў гэтым рэчышчы пісалі і да яго). «Палеская хроніка» Івана Мележа таксама з’яўляецца прыкладам канцэнтрацыі традыцыі: у беларускай літаратуры сярэдзіны ХХ стагоддзя існавала шмат беларускіх тэкстаў пра розныя аспекты вясковага жыцця, а Мележ сваім творам падагульніў і развіў вопыт папярэднікаў. У літаратурным працэсе разгортванне пэўнай мастацкай тэмы можа ісці такім чынам: колькаснае назапашванне тэкстаў рыхтуе глебу для твора, які стане класікай. Эвалюцыю вясковай тэмы ў беларускай літаратуры можна заўважыць па некалькіх тэкстах: паэма Якуба Коласа «Новая зямля» (вёска да калектывізацыі), трылогія «Палеская хроніка» Івана Мележа (вёска часоў калектывізацыі), аповесць «Вёска» Андрэя Федарэнкі (заняпад вёскі канца 1980-х гадоў). |
З успамінаў. Пісьменнік Васіль Вітка згадваў, як аднойчы ў доме 36 на Карла Маркса, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дома тады нікога не было. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя. «Прымчаліся пажарныя, — расказваў Вітка. — Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон, а з балкона ў кватэру… Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі дыван, займалася канапа…» Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале цэлы і непашкоджаны ляжаў скончаны раман «Людзі на балоце». Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку. |
Пісьменнік неаднаразова станавіўся лаўрэатам літаратурных прэмій. За раман «Людзі на балоце» ў 1962 годзе Іван Мележ атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.
З успамінаў. Ствараючы раманы, Іван Мележ кіраваўся мантажна-кінематаграфічным прынцыпам. Янка Скрыган згадваў: «...Мележ можа пісаць, не пільнуючыся паслядоўнасці твора. Тыя мясціны, якія найбольш гатовы ў галаве, прадуманы, перажыты ўяўленнем — у канцы гэта або ў сярэдзіне кнігі, — а потым ужо кампанаваць іх, устаўляючы кожную на сваё месца». |
_________________
1 Франтыспі´с — малюнак перад першай старонкай кнігі на цотнай паласе.
* Нацыянальныя характары ў рамане
Пісьменнік вельмі любіў сваіх «людзей на балоце» — палешукоў, што добра відаць у творы. Ён умеў разгледзець у палешуку ці паляшучцы персанажа такога ўзроўню, як Андрэй Балконскі або Іван Карамазаў; паказаць, што іх жыццёвыя страсці — радасць і гора, каханне і страты, мары і сумненні — усё гэта не менш складанае, чым страсці шэкспіраўскіх герояў. «Палессе — край незвычайна цяжкі для чалавечага жыцця i надзвычай багаты фарбамі, маляўнічы, — зазначаў аўтар у кнізе “Жыццёвыя клопаты”. — Багатыя душой тут i людзі — ім уласціва i выключная мяккасць характару, i выключная працавітасць, а пры неабходнасці — i адвага. <…> Пачынаючы пісаць сваю хроніку, я абнадзейваў сябе тым, …што яны, мае знаёмыя, варты таго, каб ix ведалі — ведалі i любілі».
У паэме «Новая зямля», напісанай паводле гісторыі сям’і Міцкевічаў, Якуб Колас з доляй іроніі характарызуе сваіх герояў: «Мае знаёмыя няўзрачны, // Нічым не слаўны і не значны, // Ўсё людзі простыя, малыя, // Хоць па-сваему і ўдалыя, // Але ўдалымі іх не лічуць. // Жывуць, цярпліва долю смычуць…» Параўнайце гэты падыход з мележаўскай характарыстыкай яго персанажаў. |
Мележаўская канцэпцыя жыцця і чалавека таксама выяўляецца ў філасофскіх і разам з тым простых словах: «Людзям тут трэба было жыць, і яны жылі».
«Палеская хроніка» пісалася на працягу многіх гадоў. За гэты час праз Палессе прайшло шмат гістарычных падзей, а Іван Паўлавіч хацеў захаваць у рамане асаблівасці сялянскага побыту пачатку ХХ стагоддзя. Асноўнай гістарычнай крыніцай для пісьменніка сталі лісты ад яго бацькі. У кожным з іх Іван задаваў пытанні адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў. Бацька ў падрабязнасцях інфармаваў сына пра мясцовыя назвы, стравы, святы, пра сельскагаспадарчыя работы і іншае. Як бачым, у пісьменніка быў вельмі адказны, шчыры і вопытны кансультант. Бацька з вялікім захапленнем рабіў гэта для сына. |
У творы беражліва захавана эстэтыка фальклору, паказана гісторыя не аднаго пакалення людзей, спрадвечны лад ix жыцця, які патрабуе да сябе сур’ёзных i паважных адносін. Перад намі арыгінальныя, дасканала выпісаныя характары з выразнай індывідуальнасцю: кожны «не галоўны» можа стаць «галоўным», «павесці за сабой» дзеянне, як толькі гэтага запатрабуе рух падзей або аўтарскай думкі. Для Івана Мележа, як і для Кузьмы Чорнага, «чалавек — гэта цэлы свет», у якім выяўляюцца глыбокія і складаныя перажыванні і ўчынкі. Дзякуючы майстэрству псіхалагічнага аналізу пісьменніка раскрываюцца глыбінныя таямніцы чалавечай свядомасці, унутраны свет палешукоў.
Вось вясковы кніжнік, «палітык», «хадзячая энцыклапедыя» — Андрэй Руды. І хоць звычка ўстаўляць недарэчы кніжныя словы, якія ён сам часта не разумее, выглядае камічна, у героі па-свойму ўвасобілася цяга селяніна да ведаў, да пазнання вялікага свету. Побач — Сарока, вострая на язык, так i сыпле прыказкамі і прымаўкамі. У яе памяці — векавыя пласты народнага вопыту, што дапамагае ёй знайсці сваё месца ў куранёўскай грамадзе. Здольны да жартаў і Зайчык, які заўсёды аптымістычна ўспрымае жыццё. Яго супрацьлегласцямі выглядаюць адкрытая душа Хоня, недаверлівы Нібыто-Ігнат, дзівакаваты Пракоп Лясун, які гаворыць з такім намаганнем, «нібы воз сена падымае»...
Пісьменнік вельмі глыбока адчуваў сваіх герояў. З першых старонак перад чытачом адкрываецца звычайнае, вякамі ўзважанае жыццё, са сваімі старадаўнімі клопатамі — пра зямлю, ураджай, хлеб. Ва ўкладзе жыцця палешукоў знайшлі адлюстраванне самыя старажытныя — язычніцкія — уяўленні чалавека пра навакольны свет, пра жыццё людзей i прыроды. Трываласць гістарычнай памяці прасочваецца нават у імёнах i мянушках мележаўскіх герояў: Корч, Сарока, Пракоп Лясун, Грыбок, Зайчык, Руды…
Праз сакавітыя замалёўкі побыту вяскоўцаў, праз ix адносіны да новага пісьменнік паказвае характары сваіх персанажаў, якім уласціва ўся гама чалавечых пачуццяў: яны кахаюць, ненавідзяць, радуюцца, адчайваюцца, спадзяюцца — адчуваюць i перажываюць па-свойму тонка. Здзіўляе багаццем i палескім каларытам гаворка куранёўцаў: «мамо», «цётко», «братко», «жыто», «ето», «дзераво»... У звароце да мясцовага слова i выразу няма нічога штучнага — яны ўспрымаюцца вельмі натуральна і дапамагаюць чытачу больш дакладна ўявіць герояў твора.
Навукоўцы гавораць. «Гэта кніга не якогасьці прыватнага, хаця б і істотнага, значэння і месца ў літаратуры, не з тых, што прыкладаюцца да больш значных і дапаўняюць тым самым агульную карціну. Гэта кніга магістральнага месца і значэння — гэта да яе прыкладаюцца іншыя добрыя і нават выдатныя кнігі…» (Ніл Гілевіч). |
Літаратурныя сувязі. У 1975 годзе Пімен Панчанка напісаў верш «Зямля бацькоў», прысвечаны творчасці Івана Мележа. У ім — роздум пра пачуццё «роднасці», якое мастак нам вяртае. Бо, чытаючы «Палескую хроніку», кожны згадвае дарагія сэрцу мясціны, дзе прайшло дзяцінства, «свае Курані». Паэт перакананы, што «матчынай зямлі карэнні // Ніколі не адпусцяць нас», што яны маюць вялікую сілу, як і сама «зямля бацькоўская, святая». |
* Майстэрства раскрыцця ўнутранага свету Васіля Дзятла
Вобраз Васіля поўны драматызму. Вялікая заслуга пісьменніка ў тым, што ён імкнуўся ўлічыць усе ўмовы i акалічнасці жыцця свайго героя. Мележаўскі Васіль нагадвае Міхала з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», ён блізкі да Тамаша (раман Кузьмы Чорнага «Зямля»). Герой падобны і да Хведара Роўбы (аповесць Васіля Быкава «Аблава»), Дзяніса Зазыбы з раманаў Iвана Чыгрынава, хаця напісаны гэтыя кнігі былі пазней.
Ва ўсіх названых творах ёсць таксама яшчэ адзін вельмі важны герой — гэта сама зямля, якая адыгрывае значную ролю ў мастацкай канцэпцыі кожнага пісьменніка. Яна — аснова ўсяго. У гэтым можна пераканацца з першых старонак мележаўскага рамана. «Уся сіла чалавека — у зямлі, — разважае Васіль. — I сіла ўся, i радасць! Няма зямлі — няма, лічы, i чалавека». Ён не перастае думаць пра зямлю нават на спатканні з Ганнай, якую шчыра кахае: «Васілю было чутно, як трапеча, б’ецца каля яго рукі Ганніна сэрца... Горнучы яе, Васіль марыў:
— Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення б купіў адборнага... Пабачылі б!»
Аўтару важна было вылучыць думку пра тое, што чалавек, у якога любоў да зямлі становіцца вышэй за каханне і даражэй за сябе самога, выходзіць на вельмі прынцыповыя і непахісныя асновы праўды.
Малдаўскі пісьменнік Іон Друцэ ў аповесці «Вяртанне на кругі свае» выказаў думку, што «чалавека павінна пракарміць зямля, на якой ён жыве, — гэта старадаўні саюз, заключаны нашымі продкамі з зямлёй, на якой яны аселі, i гэты саюз павінен быць для нас святым». |
Вось, думаецца, дзе вытокі маралі, блізкай i роднаснай Васілю. Аднак ён не паўтарыў нікога ca сваіх «папярэднікаў» — у яго ўласны лёс, руплівасць, любоў да зямлі i працы, з якімі ён звязваў асабістае жыццёвае прызначэнне. Седзячы ў Юравіцкай турме, Васіль пакутаваў не столькі ад гэтага свайго незайздроснага становішча, колькі ад бяздзеяння: «Горш за ўсё, самай вялікай пакутай было тут проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы.
I доўгімі днямі i яшчэ даўжэйшымі ў крыўднай бессані начамі думаў, балеў душою па дамоўцы, па недамалочаным жыце, па небараку Гузу, які, можа, стаіць не дагледжаны як след, па хаце, для якой ён не прывёз дроў i якая, можа, выстыла. Не дрэмлючы, трызніў гумном, цэпам з выслізганым далонямі цапільнам, бачыў пусты ток, убіраў ноздрамі пах даўняй трухі з застаронкаў, чуў, як шамаціць сена ў мяккіх маршчыністых губах каня. Рукі, душа яго прагнулі працы».
Аўтар вельмі патрабавальны да свайго героя, у якім спалучаюцца i шчыры працаўнік, i ўласнік. Гэтай супярэчнасцю адзначана i свядомасць «людзей на балоце», што, дарэчы, добра адчувае старшыня валвыканкама Апейка. Наведаўшы Васіля ў турме, Апейка ў размове з ім выказаў свой погляд на сялянства: «Для вас, для вашага шчасця стараюцца, гінуць людзі. А вы, вы — за сябе пастаяць не ўмееце!.. Ты — не бандыт, ты — крот, які капаецца ў сваёй нары. I толькі адну сваю шкуру беражэ. А там — хоць трава не расці! Хай другія прынясуць табе шчасце на талерачцы!..»
Васіль хоча быць багатым, жыць у дастатку, i ў гэтым няма нічога дзіўнага. Але шлях, які ён выбірае, не вядзе да жаданай мэты, не прыносіць шчасця. Герой не можа вось так, адразу, беззваротна, аддаць «некаму» сваю зямлю, якая корміць яго сям’ю. Ён спыняецца перад нялёгкім выбарам: Ганніна каханне або ўласная гаспадарка, тое, што набыта — зямля каля цагельні, новая хата i ўся сялянская жыўнасць вакол яе. Што рабіць? Выбіраючы другое, ён вызначае свой лёс.
Мележ разважаў: «Не кіне ён ніколі поле гэтае, якім не пацешыўся, хату, у якой не жыў яшчэ; не кіне — каб i хацеў! Не можа кінуць, як не можа сам сябе загубіць!» У гэтым рашэнні выявілася праўда жыцця i праўда мележаўскага мастацтва.
Подых «навальніцы» змяняе жыццё Васіля — цяпер ужо заможнага гаспадара, бацькі, разважлівага, але па-ранейшаму ўнурлівага і засяроджанага.
Здаецца, у яго ёсць усё, каб радавацца: выпакутаваная зямля каля цагельні, сям’я, амаль пабудаваная новая хата. Усё было б добра, каб не новыя падзеі — сусед Міканор націскае, вярэдзіць душу: уступай у калгас — і кропка. У першым рамане Васіль бараніў зямлю ад Карчоў, у другім — ад Міканора: «Не дам!! — закрычаў ён Міканору. — Мая зямля!! На пакляваным Міканоравым твары была тая ж пагардлівая ўпэўненасць. Нібы выхваляўся сваёю сілай. Нібы здзекаваўся з яго бяды.
— Зямля — народная, — прамовіў Міканор. У голасе яго пачулася зноў помслівая злараднасць.
— Мая!!!
Васіль аж задрыжаў. Ад крыку, ад упартасці. Ён чуў, што сіла-такі на Міканоравым баку, што надзеі ў яго, Васіля, амаль ніякай, што, мабыць, не даб’ецца нічога. Але гэта цяпер не толькі не кволіла, a дзіўна ўздымала адвагу. Зямля, якую ён любіў i раней, цяпер была яму даражэй, як калі-небудзь. Даражэй за ўсё, за сябе самога. Даражэй асабліва таму, што ён чуў — от-от яна сыдзе з-пад яго ног. Ужо сыходзіць. Ён цяпер гатоў быў для яе на ўсё. Не здольны ўжо разважаць, ён, як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў:
— Не пушчу!!!»
Пасля сутычкі з Міканорам — горкія і крыўдныя думкі… Пісьменнік перадае цэлую гаму пачуццяў, адкрывае патаемныя куткі душы свайго героя. Можна зразумець псіхалагічны стан Васіля-працаўніка, які толькі што атрымаў зямлю. Трэба адчуць яго роспач: «Аддай поле — ета ўсё адно што — аддай душу! Папробуй, адарві душу!» — гэта крык героя аб паратунку і дапамозе.
У фінале рамана Васіль вяртаецца з Юравічаў пасля гаворкі з Зубрычам. Спустошаны, духоўна надламаны, «з імжой і абыякавасцю ў душы», ён бачыць паараную рунь. Яна «падрапана, парэзана, засыпана камлыгамі, — як бы знарок» — гэта здзек не толькі з зямлі, але і з чалавечых пачуццяў, з душы.
Васіль разгублены: не ўладкавалася ні асабістае, ні грамадскае жыццё; старое разам з зямлёй страчана, будучыня пакуль што ўяўляецца вельмі цьмяна і зноў жа залежыць ад новага зямельнага надзелу. Герой, які змалку засвоіў бясспрэчную ісціну, што «жыццё — не вясёлае, бесклапотнае свята, што трэба цярпець», і зараз застаецца верны сваёй сялянскай вытрымцы: «…нібы прывыкаў ужо да бяды. Быццам адчуваў ужо, што страчанага, — як ні кідайся, не вернеш… Можа ж, і на той зямлі, калі папапяцца добра, дабіцца чаго-небудзь можна».
Жыццё працягваецца. Пасля першых «навальніц» будуць «маразы» і «завеі» (трэці раман «Палескай хронікі» — «Завеі, снежань» надрукаваны ў «Полымі» ў 1976 годзе). А пасля зноў прыйдзе вясна (апошні раман «Праўда вясны», накіды), але адвечны рух не спыніцца.
Паводле дзённікавых запісаў Івана Мележа, Васіль Дзяцел, скончыўшы вайну ў Германіі ці Аўстрыі, мусіў вярнуцца з франтоў Другой сусветнай, зноў сустрэцца з роднымі мясцінамі, спазнаць боль страты (у адным з накідаў можна прачытаць: «Калі палалі Курані — сям’я Васіля загінула. Выратаваўся сынок адзін. Яго выпадковая смерць абмінула»), зразумець галоўнае: «Курані. Нідзе мне без вас жыцця не будзе. Толькі ў вас i маё гора, i мая радасць. Мае жыццё!».
У заключнай карціне аўтару бачылася сцэна вясковага ворыва. За плугам — Васіль. «Вясна, арэ... Толькі б тут. Хоць што. От яна, Карчова паласа. Якую прагнуў. Усё паламалася. Hi Ганны, ні зямлі. Дурань. Так, пэўне, трэба. I трэба жыць, як е. Як доля наканавала. Жыць. Хай будзе, што будзе — толькі хадзіць па сваёй зямлі, чуць яе пад нагамі, дыхаць яе пахам... Хай хоць што, толькі тут быць! Толькі тут!..» |
* Раскрыццё псіхалогіі заможных сялян
Вобраз гаспадара ў рамане выяўляецца не толькі ў паказе Васіля Дзятліка, а таксама іншых «людзей на балоце»: Нібыто-Ігната, Дамеціка, Цімоха Чарнушкі. Разам з тым пісьменнік глыбока раскрывае сацыяльную прыроду вясковага багацея Халімона Глушака, тлумачыць яе з пазіцый не толькі грамадства, але і канкрэтнай асобы. Іван Мележ у рамане не спяшаецца адназначна асуджаць уласніцтва як з’яву, а абгрунтоўвае натуральнае жаданне і права чалавека мець нешта сваё, карыстацца плёнам сваёй штодзённай непасільнай працы. Заўсёды, усё жыццё, Халімон пры гаспадарцы: «Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, i сам хвіліны не пастаяў, i другім стаяць не даў».
Куранёцы ўспрымаюць яго як коршака, павука, гадзюку, старога ліса, усе думкі якога скіраваны на багацце, што асляпляе яго, пазбаўляе чалавечнасці. Але ў героі «з тхарыным» позіркам глыбока схаваных вачэй аўтар імкнуўся паказаць не толькі прагу да матэрыяльнага.
Каб глыбей раскрыць вобраз Халімона Глушака, пісьменнік зрэдку пакідаў яго адзін на адзін з успамінамі, «як год за годам, можна сказаць, усё жыццё гнуўся, выжыльваўся дзеля сваёй зямлі». Глушак — няшчасны чалавек, бо «долю сваю, можна сказаць, знявечыў праз гэта: з-за пасагу ж пабраўся з няўдаліцай Лантуховай Кулінай. Гнілога Лантуха, бацьку яе, усцёг сабе на шыю, каб прылічыць да сваіх блішчастыя лантухоўскія залатоўкі».
Пісьменнік бачыў у сваім героі чалавека, які шмат зведаў, перажыў, перадумаў: «дзеля тае зямелькі» стаў лепшым гаспадаром у Куранях, дамогся багацця — даволі шмат зямлі, сельскагаспадарчыя машыны, лішкі хлеба. У яго гумне пануе незвычайная чысціня. Робіць ён усё «не хапаючыся, паважна, нават урачыста». Але ці стаў ён шчаслівым? Пакутліва перажывае Халімон павевы новага часу. Таму і шукае герой паратунку ў працы.
Пры ўсёй супярэчлівасці характару Глушак не проста Корч, які трымаецца за зямлю ўсімі каранямі, а селянін-працаўнік, якому цяжка пазбавіцца сваіх прынцыпаў. Уся яго надзея на прадаўжэнне роду: «Бацькава насенне!» — з задавальненнем гаворыць ён пра сына Яўхіма. Але той больш «ахвочы да жыццёвых уцех», праца для яго не ў радасць. Ён гатовы паздзекавацца са слабейшага, прадэманстраваць перад усімі сваю перавагу. У партрэтах героя абсалютны лоск: блішчасты казырок, фарсістае галіфэ, прылізаны чуб, твар, як памазаны салам, масляністыя вочкі… Найбольш эстэтычна знішчальным з’яўляецца наступнае назіранне: «Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь». Гэта параўнанне падкрэслівае недахоп чалавечнасці, духоўнасці ў героя, яго арыентацыю на сілавыя дзеянні, што даволі часта паказваецца на старонках твора.
У мележаўскіх чарнавых распрацоўках вобразаў ёсць запіс: «Васіль прывязаны да зямлі больш, чым Яўхім». I гэта слушна. Не можа Яўхім стаць сапраўдным гаспадаром, працягнуць бацькаву справу, бо не з ласкай, як Васіль, ставіцца да зямлі. Ён не марыў пра яе ўсё жыццё, не выпакутаваў яе, як Васіль, — атрымаў задарма. Таму і не мае зямля для Яўхіма ніякай каштоўнасці, а з’яўляецца выключна сродкам дабрабыту.
Літаратурныя сувязі. Вельмі блізкі да Івана Мележа паводле асэнсавання тэмы зямлі Кузьма Чорны. У рамане «Зямля» ён паказаў, што яна — крыніца духоўнага жыцця, радасць існавання чалавека. Пісьменнік даводзіць, што чалавек без каранёў губляе пачуццё гаспадара. Яшчэ на самым пачатку калектывізацыі празаік перасцерагаў ад разбурэння працоўнага ўкладу дзядоў, нібы прадбачыў, што выраджэнне сялянскай прыроды, народнага светапогляду можа прынесці непапраўную бяду. Удумліва і разам з тым празорліва Кузьма Чорны пісаў: «А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы на свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абы-як прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека, ― прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе...» |
Адзін з суседзяў Івана Мележа для аховы свайго лецішча завёў сабаку. Ці то апошні быў злы па характары, ці то сабаку не кармілі і ўвесь час трымалі на прывязі, але «чацвераногі сябра» часта выў. Іван Паўлавіч не вытрымаў і папрасіў, каб сабаку кудысьці прыбралі, але сусед адмовіўся. Пісьменнік паспрабаваў знайсці ў гэтай сітуацыі свае перавагі. Часова змірыўшыся са сваім становішчам, Іван Паўлавіч пачаў прыглядацца да асобы гэтага мужчыны, каб зразумець матывацыю яго ўчынкаў. Як сцвярджаў паэт Алесь Бачыла, Мележ прызнаўся яму, што пісаў з суседа вобраз свайго Глушака з «Палескай хронікі». |
* Драматычны лёс Ганны
Ганна Чарнушка ўвасабляе шматлікія маральна-духоўныя каштоўнасці. Сцвярджаючы іх дзейснасць, моц, хараство, Іван Мележ паэтызаваў вобраз Ганны.
У пачатку рамана паказана, як глядзяць на яе куранёўцы: яна, нібы рабіна, цвіце красой дзявочай маладосці. Гэта паэтычная паралель — працяг хараства народнага жыцця, аблічча продкаў. Невыпадкова пісьменнік падкрэсліў, што Ганна вельмі падобная да маці: «З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, нібы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца…».
Звяртаюць на сябе ўвагу яе «вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні», вочы, у якіх «увесь час блішчэла, ззяла няўціхнае хваляванне». Гэта партрэтная дэталь паўтараецца і вар’іруецца аўтарам вельмі часта: «...у іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах», «стомленымі вішнёвымі вачыма паглядвала яна на гасцей». Эстэтычная важкасць дэталі ў тым, што вочы ставяцца ў адзін паэтычны рад з прыроднай праявай, якая выклікае самыя чыстыя і светлыя пачуцці. Рабіна, вішня, макаў цвет (так бачыць дачку бацька) і Ганна — адна эстэтычная лінія.
Аўтар (зноў жа вачыма куранёўцаў) прыкмячаў і змены ў характары гераіні: станаўленне натуры — моцнай, незалежнай, здольнай пастаяць за сябе. Малюючы Ганну, Іван Мележ карыстаўся псіхалагічна дакладнымі назіраннямі. Заўважаецца яе пачуццё ўласнай годнасці, вытрымка, імкненне ў маральна цяжкіх сітуацыях заставацца вернай сабе, не паказваць сваё гора на людзях. Ганна гатова ратаваць каханага ад бандыцкай расправы, бараніць яго на допыце. Але вось правялі па вуліцы арыштаванага Васіля, які нават не адгукнуўся на яе шчырыя словы… І яна, вяртаючыся ў свой двор, «ішла дахаты, з выгляду спакойная, паважная, ішла так, як і належала ёй ісці. Ні разу не азірнулася, нават не паглядзела, куды яго павялі».
Іван Мележ любуецца Ганнай-працаўніцай, якая завіхаецца па гаспадарцы, працуе на полі, дапамагае бацьку ў гумне. Усялякая справа ладзіцца ў яе руплівых руках. Дзяўчына не па ўзросце мудра ставіцца да спрадвечных жыццёвых каштоўнасцей: паважае бацькоў, слухаецца ix ва ўсім. Яна выходзіць замуж за Яўхіма, падпарадкоўваючыся жаданню родных, спадзеючыся на спрадвечнае «сцерпіцца — злюбіцца». Яе развагі-маналогі пра замужжа шчымлівыя і праўдзівыя, як само жыццё.
Далейшы лёс гераіні складаны і супярэчлівы: жыццё ў хаце Карчоў, страта любай дачушкі, спатканні з Васілём і надзея на вяртанне радасцей маладосці. Усё гэта патрабуе ад Ганны мужнасці, цярплівасці, самаахвярнасці.
Пісьменнік перадаў увесь драматызм Ганніных перажыванняў, выкліканых смерцю Верачкі. Ёй вельмі цяжка яшчэ i ад каменнай абыякавасці Глушакоў. «Бог даў — бог узяў» — вось ix рэакцыя на гэту трагічную падзею, якая ўзмацніла нелюбоў Ганны да Яўхіма і, здаецца, канчаткова вырашыла яе адносіны да мужа. Пакідаючы чужую ёй сям’ю Карчоў, гераіня застаецца вернай сабе і сваім жыццёвым прынцыпам.
Для Ганны віхура, якая пранеслася над скошаным балотам, з першых і да апошніх старонак рамана «Подых навальніцы» застаецца сімвалам страшэннага асабістага гора, выяўляе ўсю цяжкасць яе заблытанага лёсу, што прымусіў жыць з нялюбым чалавекам, цярпець яго здзекі, скарыцца. Грамадскія падзеі, «асветленыя» навальніцай, праходзяць міма Ганны і пакуль што далёкія ад яе. Гераіня абыякавая да іх, як шолахаўская Аксіння (раман «Ціхі Дон»), замкнёная ў асабістым «я».
«Палескую хроніку» Мележ не скончыў. Але ў нататніках пісьменніка засталіся запісы, якія дазваляюць меркаваць, што здарылася з галоўнымі героямі. Так, Ганна Чарнушка ўрэшце звязала б свой лёс не з Васілём, Яўхімам або з Башлыковым (раман «Завеі, снежань»), а з былым чырвонаармейцам Міканорам. Тым самым, які асабліва настойліва агітаваў аднавяскоўцаў будаваць грэблю. Згодна з Мележам, урэшце абраннік Ганны зрабіў бы крок, які заслужыў павагу аднавяскоўцаў. Калі нейкі начальнік хацеў пакінуць калгаснікаў без хлеба, Міканор «здаў нарыхтоўкі. Выдзеліў насенне. А ўсё астатняе размеркаваў. І дачакаўся пракурора».
Дарэчы, Лідзія Пятрова-Мележ пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны або пачуцці паміж іх дзецьмі. Але пісьменніцкім планам так і не было наканавана ажыццявіцца. |
* Чалавек і прырода ў творы
Хроніка жыцця Куранёў пачынаецца так: «Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся нi марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы».
Як бачым, палеская прырода далёкая ад ідыліі. Нягледзячы на гэта, куранёўцы любілі свой родны кут. Жыццё i праца тут былі цяжкія, але ў нейкіх сваіх гранях не пазбаўленыя i своеасаблівай паэзіі — прыгажосці лесу, поля, сенажаці.
У рамане шмат маляўніча выпісаных сцэн: перадсенакосная летняя раніца, жнівеньскі гарачы поўдзень, першыя зазімкі, зімовыя адвячоркі. Але, бадай, самая паэтычная карціна — «маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна», якая аднойчы неспадзявана «апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў». Сціплае і непрыкметнае дрэва раптам «заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. I не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..» Пейзажныя замалёўкі выяўляюць душэўны стан герояў, з’яўляюцца адным са сродкаў раскрыцця іх унутранага свету, узмацняюць эмацыянальнае ўздзеянне на чытача.
У творы пераканаўча пацвярджаецца сувязь чалавека з прыродай, што не толькі ўзбагачае светаўспрыманне герояў, але і дапамагае ім усвядоміць сваю залежнасць ад навакольнай рэчаіснасці, набыць гармонію, неабходную для ўласнай душы і адносін да жыццёвых праяў. Велічная і мудрая прырода чуйна рэагуе на ўсе змены жыцця. У другім рамане малюецца вобраз грознай навальніцы, якая перакрэслівае звыклае жыццё куранёўцаў: маланкай спалены тры гумны, разбіты стары дуб, абвугліўся крыж, пастаўлены продкамі. Усё гэта набывае сімвалічны сэнс: «подых навальніцы» адбіўся на лёсах Ганны, Васіля, Апейкі, іншых герояў. Кожны з іх уступае ў сваю паласу жыццёвай непагадзі, трывожыцца за свае парушаныя надзеі на шчасце. Пейзажныя малюнкі ў творы — рух і абнаўленне жыцця, з’явы прыроды — гэта адначасова глыбокі роздум пра вечнае.
Літаратурныя сувязі. Мележ далёка не адзіны творца, які пісаў пра беларускія балоты. Балота стала фонам для падзей у многіх мастацкіх творах: у балотах хаваліся беларусы ў час вайны (творы Васіля Быкава, раман Віктара Казько «Бунт незапатрабаванага праху» і інш.). Балоты станавіліся месцам небяспечных прыгод для падлеткаў («Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Ведзьміна тоня» Валерыя Гапеева). Дрыгва стварае атмасферу хорару ў дэтэктыўных творах («Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, «Сцэнарый смерці» Максіма Клімковіча). Багна — фон для фантастычных сюжэтаў (прошча ў аповесці Алеся Наварыча «Літоўскі воўк»). Балотам прысвечана дзіцячая кніжка Алены Масла «Балотныя прыгоды». Балота, што займае вялікую частку тэрыторыі Беларусі, наклала адбітак і на гісторыю краіны (вядомы факты, калі ў час войнаў войскі ворагаў натыкаліся на непралазную дрыгву і разварочваліся), і на нацыянальны характар (балота — месца дваістае: яно, з аднаго боку, кансервуе, захоўвае тое каштоўнае, што магло б знікнуць у больш дынамічных умовах, а з другога — не спрыяе развіццю). |
Традыцыі празаічнага эпасу. Наватарства. Мастацкі стыль пісьменніка
Стыль кожнага творцы ў нейкай ступені вызначаецца яго папярэднікамі.
Стыль пісьменніка (ад грэч. stуlos — ‘палачка для пісьма’) — ідэйна-мастацкая своеасаблівасць творчасці. З’яўляючыся канкрэтным увасабленнем адзінства зместу і формы, рэалізуецца ў тым, пра што і як піша аўтар. |
Вялікую ролю ў выпрацоўцы мастацкага стылю Івана Мележа адыграла яго творчая вучоба на лепшых узорах мастацкага слова. Раннія творы пісьменніка ўжо вызначаліся вернасцю жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. З самага пачатку для тэкстаў Івана Паўлавіча былі характэрныя эпічная паўната і цэласнасць узнаўлення характараў і абставін. Гэта сведчыла, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны мастак, які глыбока разумее і любіць чалавека, здольны ярка паказаць яго ўнутраны свет. З часам пашыраліся жанравыя рамкі твораў, а зварот да паказу жыцця любага Палесся надаў стылю аўтара рамана «Людзі на балоце» яшчэ большы лірызм. Асэнсаванне падзей прымусовай калектывізацыі напоўніла твор праўдзівым драматызмам.
Літаратурныя сувязі. Літаратурнымі настаўнікамі Івана Мележа былі Якуб Колас, Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Леў Талстой, Міхаіл Шолахаў. Якуб Колас вабіў каларытнасцю мовы, уменнем раскрыць унутраны свет герояў, самабытнасцю апісання прыроды, побыту. Кузьма Чорны — майстэрствам псіхалагічнага аналізу. Цішка Гартны — здольнасцю паказаць чалавечы характар у працы. |
Паўната, шматграннасць увасаблення тагачаснай рэчаіснасці ў яе сувязі з мінулым i будучым — вось што было мэтай Івана Мележа. Маштабнасць мыслення, веданне карэнных каштоўнасцей народнага жыцця складае стылёвую адметнасць яго твораў. На думку крытыка Серафіма Андраюка, «жыццё ў хроніцы ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, гэта значыць, жыццю рэальнаму».
Навукоўцы гавораць. «Іван Мележ — пісьменнік, які выпрацаваў свой уласны стыль, адметную манеру весці апавяданне. Яго фраза — ёмістая, ёй уласціва імкненне ахапіць матэрыяльнае, рэчыўнае багацце навакольнага свету, даць яго пластычны вобраз. Але ў той жа час гэтая фраза i музычная, яна вызначаецца багаццем інтанацый, адценняў, у ёй пераплятаюцца ўсе гамы эмацыянальнага спектра: гумар — з лірыкай, спакойная апавядальнасць — з патэтыкай» (Iван Навуменка). |
Іван Мележ здолеў убачыць тое, чаго да яго не бачыў ніхто. Ён добра разумеў і перадаў паляшуцкую свядомасць, псіхалогію сваіх герояў. А ўвядзенне ў канву «Палескай хронікі» этнаграфічнага матэрыялу дало магчымасць мастаку дасканала ўзнавіць рэчаіснасць палескай вёскі 1920-х гадоў, адзначыць агульнае і акрэсліць тыя рысы характару, што робяць палешукоў адметнымі. Плённым аказаўся таксама зварот да фальклору, які выступае ў творы як адна са сфер жыцця народа.
Традыцыя (ад лац. traditio — ‘перадача’) — перадача мастацкага вопыту з пакалення ў пакаленне, яго творчае праламленне ў гісторыі літаратуры. |
Ідучы па ўжо традыцыйным шляху, Iван Мележ па-свойму імкнуўся не толькі паказаць драматызм таго, што адбывалася ў пераломны перыяд гісторыі народа, але i дайсці «да каранёў». Больш пільную ўвагу праявіў Іван Мележ да ўнутранага свету селяніна-працаўніка, да сацыяльна-этычнай сутнасці чалавечых узаемаадносін. Напоўніўшы спрадвечную вясковую тэматыку палескім матэрыялам, Іван Мележ здолеў выказаць сваё слова пра чалавека на зямлі. Ён з сучасных яму пазіцый расказаў пра падзеі 1920-х гадоў, да асэнсавання якіх ужо звярталася літаратура.
Наватарства — развіццё пісьменнікам лепшых уласцівасцей творчай спадчыны, адкрыццё новых шляхоў у літаратуры, вынаходніцтва новых падыходаў, прыёмаў, сродкаў у вершатворчасці, якія замацуюцца і створаць новыя традыцыі. |
Наватарства мастака выявілася ў тым, што ён засяродзіўся на драматызме для сялянства паспешлівай і гвалтоўнай калектывізацыі.
З першых старонак твора Іван Мележ паказаў сябе не вучнем, а мастаком-сапернікам, які не баіцца будаваць «сваю грэблю». Гэта ўпэўненасць тлумачыцца не толькі глыбокім веданнем жыццёвага матэрыялу, але і пэўным адчуваннем часу. Аўтар гаварыў пра «Палескую хроніку» як пра «кнігу ў поўным сэнсе народную, кнігу, якая праслаўляла б народ, яго подзвіг, была б прасякнута вялікай павагай да яго і клопатам пра яго».
У Івана Мележа арганічна спалучаюцца жанр і хронікі, і рамана-эпапеі. Мы бачым не толькі падзеі гістарычнага значэння, адлюстраваныя ў храналагічнай паслядоўнасці (хроніка), але і лёс галоўных герояў у цеснай сувязі з лёсам усіх беларусаў, шматграннасць дачыненняў чалавека да жыцця (раман-эпапея, эпічны раман).
Заслуга пісьменніка не толькі ў тым, што, паказваючы той суровы час, ён імкнуўся захаваць у творы непаўторны каларыт эпохі, але i ў тым — і гэта галоўнае, — што яго гістарызм спалучае праўдзівы паказ жыцця з усімі яго складанасцямі. Лёс герояў «Палескай хронікі » арганічна i непасрэдна звязваецца з рухам гісторыі, які пачынае ўздзейнічаць на ўсю мастацкую плынь твора, часта патрабуючы ад герояў глыбокага роздуму, прыняцця надзвычай адказных рашэнняў і здзяйснення адпаведных учынкаў.
«Палеская хроніка» прасякнута павагай да духоўных каштоўнасцей народа, яго працоўнай маралі, патрыятызму: не толькі асоба для гісторыі, але i гісторыя для асобы! Але, зразумела, i чалавек павінен адчуваць адказнасць перад часам i грамадствам — гэта таксама адна з важных думак пісьменніка.
«Палеская хроніка» застаецца ў найвышэйшай ступені актуальнай i сучаснай, бо пытанне аб прызначэнні чалавека i яго прыроды i сёння знаходзіцца на пярэднім плане. Іван Мележ прыходзіць да надзвычай важных ідэйных высноў аб жыцці ў грамадстве па гуманістычных законах.
Навукоўцы гавораць. «Мы звыкліся з думкаю, што пісьменнік “адлюстроўвае” свет. Але нагадаю яшчэ раз, што Вялікі пісьменнік не адлюстроўвае, а пераадольвае і перастварае рэчаіснасць» (Пятро Васючэнка). |
Пытанні
1. Разгледзьце кампазіцыю Валерыя Кандраценкі «Людзі на балоце». Ці адпавядае яна тэме мастацкага твора? Як бы вы перадалі гэту тэму ў скульптуры? |
|
2. Як раскрываецца характар Васіля праз апісанне яго знешнасці, думак, перажыванняў? Якім паўстае Васіль у адносінах да маці, дзеда, брата, Ганны? |
|
3. Разгледзьце франтыспіс выдання рамана 1987 года. Які момант адлюстраваны на малюнку? Чаму, на вашу думку, ілюстратар выбраў менавіта гэту сцэну? Як змяніўся статус героя пасля сцэны касьбы? |
|
4. Чаму паміж Васілём і Яўхімам узнікла спрэчка за зямлю? Якія матывы для яе былі ў кожнага героя? Ці згодны вы з думкай Віктара Каваленкі, што Васіль — гэта ў будучым той самы Глушак? |
|
5. Ці сапраўднае было каханне Васіля да Ганны? Іх расстанне — выпадковасць або заканамернасць? Выкажыце ўласнае меркаванне. |
|
6. У чым выяўляецца жыццёвае крэда Глушака? Чаму ў тэксце даецца партрэт героя на фоне самага вялікага ў Куранях гумна? Як раскрываецца Халімон у працы? |
|
7. Складзіце пералік эпітэтаў, якімі вы маглі б ахарактарызаваць старога Глушака. Узгадайце сітуацыі, у якіх выяўляецца яго характар. Арганізуйце дыскусію «Халімон Глушак — станоўчы або адмоўны персанаж?». |
|
8. Паразважайце, што збліжае і што адрознівае бацьку і сыноў — Яўхіма і Сцяпана. Чаму стары Глушак называе «бацькавым насеннем» толькі Яўхіма? |
|
9. Чаму аўтар паказвае Ганну праз успрыманне розных людзей? Якой бачаць яе бацька, Васіль, Яўхім, сам аўтар? Якую партрэтную дэталь і чаму настойліва паўтарае Іван Мележ у апісанні гераіні? |
|
10. Чым адрозніваюцца паводзіны, думкі і перажыванні Ганны ад паводзін Васіля ў сцэне з бандытамі? | |
11. Не захацела ці не змагла Ганна зрабіць інакш, калі пайшла замуж за Яўхіма? Чаму? Якой асобай — моцнай ці слабай — можна лічыць гэту гераіню? |
|
12. Як вы думаеце: Ганна пераможца або ахвяра абставін? Абгрунтуйце сваю пазіцыю. |
|
13. Разгледзьце кадры з мастацкага фільма «Людзі на балоце» (1981, рэжысёр Віктар Тураў, «Беларусьфільм») і сцэну са спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ці супадае ўяўленне пра герояў у аўтара аповесці і рэжысёраў? Паразважайце, чаму немагчыма замяніць чытанне кнігі праглядам фільма або спектакля. Як вы лічыце, ці будзе мець поспех у сучаснага гледача новая экранізацыя твора Івана Мележа або серыял па яго матывах? Аргументуйце адказ. |
|
14. Выканайце заданне «Хвіліна маўлення» па творчасці Івана Мележа. | |
15. Знайдзіце ў творы апісанні прыроды ў розныя поры года. Як выяўляюць пейзажныя карціны душэўны стан персанажаў і рух іх пачуццяў? Каго з герояў не цікавіць прырода? Як гэта іх характарызуе? |
|
16. Разгледзьце фотаздымак палескай вёскі, зроблены ў тыя ж гады, калі развіваецца дзеянне ў «Палескай хроніцы». Як прырода паўплывала на штодзённыя заняткі палешукоў? Наколькі праўдзіва апісвае аўтар клопаты куранёўцаў? |
|
17. Якая трагедыя закранула прыроду беларускага Палесся ў 1986 годзе? Чаму звесткі пра побыт і культуру гэтага рэгіёна, захаваныя ў раманах Мележа, сталі надзвычай каштоўнымі? |
|
18. Стварыце макет старонкі Васіля Дзятла (або іншых герояў), якой яна магла б быць у сацыяльных сетках, прадумайце посты, рэпосты, склад сяброў (падпісчыкаў), ілюстрацыйную частку. Вызначцеся, якая платформа найлепш падыдзе для вашай мэты («УКантакце», Facebook, Instagram, Pinterest, TikTok-канал і інш.). |
|
19. Пазнаёмцеся з вершам Пімена Панчанкі «Зямля бацькоў» («А на Палессі ўсё нядробна…»). Якія радкі з гэтага верша маглі б стаць тэмай вечарыны, прысвечанай творчасці Івана Мележа? Якія — эпіграфам да сачынення па рамане «Людзі на балоце»? |
|
20. Напішыце сачыненне-разважанне «Не жыццё гэта, калі не любіш, калі ў душы нянавісць адна…» (Вобраз Ганны), «Вобразы-сімвалы ў “Палескай хроніцы” Івана Мележа і рамане “Пошукі будучыні” Кузьмы Чорнага», «Трагедыя “вялікага пералому” ў адлюстраванні Івана Мележа і Міхася Зарэцкага» або на вольную тэму (на выбар). | |
21. Вывучыце на памяць урывак з рамана Івана Мележа «Людзі на балоце » (са слоў «Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна...», заканчваючы словамі «...так і відаць — маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!»). | |
* 22. Выкажыце ўласнае меркаванне наконт выказвання Марыі Верціхоўскай: «Ганнай, якая парывае з нялюбым і ўгаворвае Васіля зрабіць тое ж самае, можна захапляцца, як захапляешся Таццянай (“Яўгеній Анегін”) за яе “но я другому отдана и буду век ему верна”. Учынкі гераінь у падобных сітуацыях (жыццё з нялюбым і магчымасць быць з каханым) розныя, а адносіны да гераінь аднолькавыя — захапленне». Падмацуйце адказ эпізодамі твора. |
|
* 23. Прыгадайце назвы ўсіх раманаў «Палескай хронікі» — напісаных і запланаваных. Чаму Іван Мележ адлюстраваў у іх прыродныя з’явы? Раскрыйце сэнс кожнай з іх. Якая, на вашу думку, самая драматычная? |