Раман «Людзі на балоце»
* Майстэрства раскрыцця ўнутранага свету Васіля Дзятла
Вобраз Васіля поўны драматызму. Вялікая заслуга пісьменніка ў тым, што ён імкнуўся ўлічыць усе ўмовы i акалічнасці жыцця свайго героя. Мележаўскі Васіль нагадвае Міхала з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», ён блізкі да Тамаша (раман Кузьмы Чорнага «Зямля»). Герой падобны і да Хведара Роўбы (аповесць Васіля Быкава «Аблава»), Дзяніса Зазыбы з раманаў Iвана Чыгрынава, хаця напісаны гэтыя кнігі былі пазней.
Ва ўсіх названых творах ёсць таксама яшчэ адзін вельмі важны герой — гэта сама зямля, якая адыгрывае значную ролю ў мастацкай канцэпцыі кожнага пісьменніка. Яна — аснова ўсяго. У гэтым можна пераканацца з першых старонак мележаўскага рамана. «Уся сіла чалавека — у зямлі, — разважае Васіль. — I сіла ўся, i радасць! Няма зямлі — няма, лічы, i чалавека». Ён не перастае думаць пра зямлю нават на спатканні з Ганнай, якую шчыра кахае: «Васілю было чутно, як трапеча, б’ецца каля яго рукі Ганніна сэрца... Горнучы яе, Васіль марыў:
— Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення б купіў адборнага... Пабачылі б!»
Аўтару важна было вылучыць думку пра тое, што чалавек, у якога любоў да зямлі становіцца вышэй за каханне і даражэй за сябе самога, выходзіць на вельмі прынцыповыя і непахісныя асновы праўды.
Малдаўскі пісьменнік Іон Друцэ ў аповесці «Вяртанне на кругі свае» выказаў думку, што «чалавека павінна пракарміць зямля, на якой ён жыве, — гэта старадаўні саюз, заключаны нашымі продкамі з зямлёй, на якой яны аселі, i гэты саюз павінен быць для нас святым». |
Вось, думаецца, дзе вытокі маралі, блізкай i роднаснай Васілю. Аднак ён не паўтарыў нікога ca сваіх «папярэднікаў» — у яго ўласны лёс, руплівасць, любоў да зямлі i працы, з якімі ён звязваў асабістае жыццёвае прызначэнне. Седзячы ў Юравіцкай турме, Васіль пакутаваў не столькі ад гэтага свайго незайздроснага становішча, колькі ад бяздзеяння: «Горш за ўсё, самай вялікай пакутай было тут проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы.
I доўгімі днямі i яшчэ даўжэйшымі ў крыўднай бессані начамі думаў, балеў душою па дамоўцы, па недамалочаным жыце, па небараку Гузу, які, можа, стаіць не дагледжаны як след, па хаце, для якой ён не прывёз дроў i якая, можа, выстыла. Не дрэмлючы, трызніў гумном, цэпам з выслізганым далонямі цапільнам, бачыў пусты ток, убіраў ноздрамі пах даўняй трухі з застаронкаў, чуў, як шамаціць сена ў мяккіх маршчыністых губах каня. Рукі, душа яго прагнулі працы».
Аўтар вельмі патрабавальны да свайго героя, у якім спалучаюцца i шчыры працаўнік, i ўласнік. Гэтай супярэчнасцю адзначана i свядомасць «людзей на балоце», што, дарэчы, добра адчувае старшыня валвыканкама Апейка. Наведаўшы Васіля ў турме, Апейка ў размове з ім выказаў свой погляд на сялянства: «Для вас, для вашага шчасця стараюцца, гінуць людзі. А вы, вы — за сябе пастаяць не ўмееце!.. Ты — не бандыт, ты — крот, які капаецца ў сваёй нары. I толькі адну сваю шкуру беражэ. А там — хоць трава не расці! Хай другія прынясуць табе шчасце на талерачцы!..»
Васіль хоча быць багатым, жыць у дастатку, i ў гэтым няма нічога дзіўнага. Але шлях, які ён выбірае, не вядзе да жаданай мэты, не прыносіць шчасця. Герой не можа вось так, адразу, беззваротна, аддаць «некаму» сваю зямлю, якая корміць яго сям’ю. Ён спыняецца перад нялёгкім выбарам: Ганніна каханне або ўласная гаспадарка, тое, што набыта — зямля каля цагельні, новая хата i ўся сялянская жыўнасць вакол яе. Што рабіць? Выбіраючы другое, ён вызначае свой лёс.
Мележ разважаў: «Не кіне ён ніколі поле гэтае, якім не пацешыўся, хату, у якой не жыў яшчэ; не кіне — каб i хацеў! Не можа кінуць, як не можа сам сябе загубіць!» У гэтым рашэнні выявілася праўда жыцця i праўда мележаўскага мастацтва.
Подых «навальніцы» змяняе жыццё Васіля — цяпер ужо заможнага гаспадара, бацькі, разважлівага, але па-ранейшаму ўнурлівага і засяроджанага.
Здаецца, у яго ёсць усё, каб радавацца: выпакутаваная зямля каля цагельні, сям’я, амаль пабудаваная новая хата. Усё было б добра, каб не новыя падзеі — сусед Міканор націскае, вярэдзіць душу: уступай у калгас — і кропка. У першым рамане Васіль бараніў зямлю ад Карчоў, у другім — ад Міканора: «Не дам!! — закрычаў ён Міканору. — Мая зямля!! На пакляваным Міканоравым твары была тая ж пагардлівая ўпэўненасць. Нібы выхваляўся сваёю сілай. Нібы здзекаваўся з яго бяды.
— Зямля — народная, — прамовіў Міканор. У голасе яго пачулася зноў помслівая злараднасць.
— Мая!!!
Васіль аж задрыжаў. Ад крыку, ад упартасці. Ён чуў, што сіла-такі на Міканоравым баку, што надзеі ў яго, Васіля, амаль ніякай, што, мабыць, не даб’ецца нічога. Але гэта цяпер не толькі не кволіла, a дзіўна ўздымала адвагу. Зямля, якую ён любіў i раней, цяпер была яму даражэй, як калі-небудзь. Даражэй за ўсё, за сябе самога. Даражэй асабліва таму, што ён чуў — от-от яна сыдзе з-пад яго ног. Ужо сыходзіць. Ён цяпер гатоў быў для яе на ўсё. Не здольны ўжо разважаць, ён, як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў:
— Не пушчу!!!»
Пасля сутычкі з Міканорам — горкія і крыўдныя думкі… Пісьменнік перадае цэлую гаму пачуццяў, адкрывае патаемныя куткі душы свайго героя. Можна зразумець псіхалагічны стан Васіля-працаўніка, які толькі што атрымаў зямлю. Трэба адчуць яго роспач: «Аддай поле — ета ўсё адно што — аддай душу! Папробуй, адарві душу!» — гэта крык героя аб паратунку і дапамозе.
У фінале рамана Васіль вяртаецца з Юравічаў пасля гаворкі з Зубрычам. Спустошаны, духоўна надламаны, «з імжой і абыякавасцю ў душы», ён бачыць паараную рунь. Яна «падрапана, парэзана, засыпана камлыгамі, — як бы знарок» — гэта здзек не толькі з зямлі, але і з чалавечых пачуццяў, з душы.
Васіль разгублены: не ўладкавалася ні асабістае, ні грамадскае жыццё; старое разам з зямлёй страчана, будучыня пакуль што ўяўляецца вельмі цьмяна і зноў жа залежыць ад новага зямельнага надзелу. Герой, які змалку засвоіў бясспрэчную ісціну, што «жыццё — не вясёлае, бесклапотнае свята, што трэба цярпець», і зараз застаецца верны сваёй сялянскай вытрымцы: «…нібы прывыкаў ужо да бяды. Быццам адчуваў ужо, што страчанага, — як ні кідайся, не вернеш… Можа ж, і на той зямлі, калі папапяцца добра, дабіцца чаго-небудзь можна».
Жыццё працягваецца. Пасля першых «навальніц» будуць «маразы» і «завеі» (трэці раман «Палескай хронікі» — «Завеі, снежань» надрукаваны ў «Полымі» ў 1976 годзе). А пасля зноў прыйдзе вясна (апошні раман «Праўда вясны», накіды), але адвечны рух не спыніцца.
Паводле дзённікавых запісаў Івана Мележа, Васіль Дзяцел, скончыўшы вайну ў Германіі ці Аўстрыі, мусіў вярнуцца з франтоў Другой сусветнай, зноў сустрэцца з роднымі мясцінамі, спазнаць боль страты (у адным з накідаў можна прачытаць: «Калі палалі Курані — сям’я Васіля загінула. Выратаваўся сынок адзін. Яго выпадковая смерць абмінула»), зразумець галоўнае: «Курані. Нідзе мне без вас жыцця не будзе. Толькі ў вас i маё гора, i мая радасць. Мае жыццё!».
У заключнай карціне аўтару бачылася сцэна вясковага ворыва. За плугам — Васіль. «Вясна, арэ... Толькі б тут. Хоць што. От яна, Карчова паласа. Якую прагнуў. Усё паламалася. Hi Ганны, ні зямлі. Дурань. Так, пэўне, трэба. I трэба жыць, як е. Як доля наканавала. Жыць. Хай будзе, што будзе — толькі хадзіць па сваёй зямлі, чуць яе пад нагамі, дыхаць яе пахам... Хай хоць што, толькі тут быць! Толькі тут!..» |