§ 33–5. Выклічнік і гукаперайманне. Правапіс выклічнікаў і гукаперайманняў

Практыкаванне 3

Прачытайце верш. Што перадае назва верша: тэму ці асноўную думку?

Хатынь

Званоў перазвон

Роўна праз паўхвіліны:

Дзынь-дзынь-дзынь...

Меладычна

Ён складае гадзіны

Чалавечага лёсу,

Душэўнага болю –

Напамін для нашчадкаў

Са звановага бою.

Дзынь-дзынь-дзынь,

Дзынь-дзынь-дзынь...

У паветранай плыні –

Беларускі набат

Па ахвярах Хатыні.

                         Л. Крыванос.

Вызначце, што перадае гукаперайманне. Якую ролю яно выконвае ў вершы? Растлумачце напісанне гукапераймання. Вывучыце верш і запішыце яго па памяці.

  Раскрыйце значэнне слова набат.

 Ці наведвалі вы Хатынь? Пра што нагадваюць званы Хатыні? Падрыхтуйце паведамленне «Званы Хатыні».