Печатать книгуПечатать книгу

§ 33–5. Выклічнік і гукаперайманне. Правапіс выклічнікаў і гукаперайманняў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 33–5. Выклічнік і гукаперайманне. Правапіс выклічнікаў і гукаперайманняў
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 27 Апрель 2024, 10:43

Практыкаванне 1

 Прачытайце. Вызначце, што выражаюць выдзеленыя словы, да якой  часціны мовы яны адносяцца.

Гэй, адвечныя курганы,

Сведкі прошласці глухой!

Кім вы тут панасыпаным?

Чыёй воляю-рукой

Вы раскіданы па полі,

Даўных спраў вартаўнікі?

Эх, не скажаце ніколі,

Што казалі вам вякі!

                                 Я. Колас.

  Раскрыйце значэнне слова курган.

 Карыстаючыся даведачнай літаратурай ці інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра старажытныя курганы на тэрыторыі Беларусі або пра Курган Славы.

Правіла

Выклічнікі — нязменныя словы, якія не адносяцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы і служаць для выражэння пачуццяў, экспрэсіўных ацэнак, пабуджэння, закліку, але не называюць іх: ох, ай, эге-ге, алё, ура, біс, дзякуй, калі ласка і інш.

Паводле паходжання выклічнікі бываюць невытворныя і вытворныя.

Невытворныя выклічнікі не суадносяцца з іншымі часцінамі мовы, могуць складацца з аднаго гука (а, э), спалучэння гукаў (эй, ах) ці іх паўтарэння (о-о-о, ай-яй-яй).

Вытворныя выклічнікі ўтварыліся ад слоў іншых часцін мовы: жах, бацюхны (ад назоўнікаў), дзякуй, падумаеш (ад дзеясловаў), здароў (ад прыметніка), прэч (ад прыслоўя), о-то-то (ад займенніка), добры дзень (ад спалучэнняў розных часцін мовы).

Некаторыя выклічнікі запазычаны з іншых моў: алё (ало), біс, брава, ура і інш.

Выклічнікі сінтаксічна не звязаны са сказам (членамі сказа не з’яўляюцца), аднак могуць выконваць ролю іншых часцін мовы (у такім выпадку яны з’яўляюцца членамі сказа): У адказ пачулася ціхае «бывай» (бывай – дзейнік).

На пісьме пасля выклічнікаў ставіцца коска або клічнік: – Ой, мама! Мы ўжо ў дарогу збіраемся (А. Вольскі); Гм! Праўдзівы ты мастак! (Я. Колас). Калі выклічнік знаходзіцца ў сярэдзіне сказа, ён выдзяляецца коскамі з двух бакоў: Эх, мароз, эх, дзед жартлівы! (Я. Колас). Калі пры выклічніку стаіць асабовы займеннік ты або вы, знак прыпынку пасля выклічніка не ставіцца: – Эх ты, спец! – насмешліва сказаў Віктар (Я. Маўр).

Да выклічнікаў набліжаюцца гукаперайманні (гукапераймальныя словы). Яны не выражаюць пачуццяў і пабуджэнняў і ўжываюцца для перадачы розных гукаў жывой і нежывой прыроды: ку-ку, гаў-гаў, цік-так і інш.

Гукаперайманні могуць выконваць ролю іншых часцін мовы: Пан узяў рог пакручасты, пазалочаны, блішчасты, важна выставіў нагу, галаву крыху адкінуў ды расправіў грудзі, спіну і ў ражок той – тру-гу-гу! (Я. Колас). У гэтым сказе гукаперайманне выконвае ролю дзеяслова-выказніка.

Практыкаванне 2

Прачытайце табліцу. Раскажыце пра разрады выклічнікаў паводле значэння.

Разрады выклічнікаў паводле значэння

Эмацыянальныя

Волевыяўленчыя

Этыкету

Перадаюць пачуцці і выражаюць ацэнку навакольнай рэчаіснасці (згода, адабрэнне, задавальненне, радасць, захапленне; асуджэнне, незадавальненне, недавер, жаль, гора, смутак, боль, роздум, меркаванне і інш.)

Выражаюць валявыя імкненні, пабуджальныя намеры ў адносінах да чалавека, жывых істот (просьба, загад пачаць або спыніць дзеянне, патрабаванне цішыні, увагі, просьба аб паратунку, падзыванне ці адгон жывёл, птушак)

Выражаюць прывітанне, развітанне, ветлівы зварот, падзяку, просьбу, пажаданне, прабачэнне

 

О, ой, ай, ай-яй-яй, ах, гм, брава, дудкі, ух, ого, эх і інш.

Стоп, гайда, ану, ша, прэч, алё (ало), каравул, кыш, кось-кось і інш.

Добрай раніцы, добры дзень, прывітанне, усяго добрага, выбачайце,  даруйце, дзякуй і інш.

Заўвага. Выклічнікі і гукаперайманні, якія ўтвораны шляхам паўтарэння, пішуцца праз дэфіс: ай-ай-ай, ох-ох, хо-хо, мяў-мяў, тук-тук і інш.

Практыкаванне 3

Прачытайце верш. Што перадае назва верша: тэму ці асноўную думку?

Хатынь

Званоў перазвон

Роўна праз паўхвіліны:

Дзынь-дзынь-дзынь...

Меладычна

Ён складае гадзіны

Чалавечага лёсу,

Душэўнага болю –

Напамін для нашчадкаў

Са звановага бою.

Дзынь-дзынь-дзынь,

Дзынь-дзынь-дзынь...

У паветранай плыні –

Беларускі набат

Па ахвярах Хатыні.

                         Л. Крыванос.

Вызначце, што перадае гукаперайманне. Якую ролю яно выконвае ў вершы? Растлумачце напісанне гукапераймання. Вывучыце верш і запішыце яго па памяці.

  Раскрыйце значэнне слова набат.

 Ці наведвалі вы Хатынь? Пра што нагадваюць званы Хатыні? Падрыхтуйце паведамленне «Званы Хатыні».

Практыкаванне 4

Прачытайце сказы з аповесці Я. Маўра «Палескія рабінзоны». Назавіце  выклічнікі, іх разрады паводле паходжання і паводле значэння. Вызначце, што выражаюць выклічнікі ў кожным сказе. Якія словы дапамагаюць вызначыць канкрэтны сэнс?

1. – Эх ты! – з пагардай сказаў Віктар. – Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?

2. – Эх, шкада дабра! – уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. – Дзе яго цяпер возьмеш?

3. – Ну-ну, няма чаго наракаць, – нездаволена забурчаў Віктар.

4. – Ай, заяц дзюбаецца! – крыкнуў ён з жахам.

5. – Ура! Перамога! – закрычаў Віктар, калі дождж скончыўся.

6. – Ну-ну! – абурыўся Мірон і таксама пачаў шукаць.

Растлумачце напісанне выклічнікаў праз дэфіс, пастаноўку знакаў прыпынку пры выклічніках.

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст, устаўляючы на месцы пропускаў выклічнікі. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай тэксту.

Праз некалькі хвілін нашы рыбакі ўжо ўлазілі ў ваду. Але хутка яны ўбачылі, што нічога ў іх не будзе, бо вада не выходзіла з кашулі і рыба нават пры добрым жаданні не магла трапіць у яе – вада не пускала.

– А ведаеш, твая падраная кашуля больш падышла б, – сказаў Мірон.

– Не, дзірка вялікая, ды яна адразу падралася б яшчэ болей. Як жа быць? Хіба вось што зробім: развяжам рукавы і возьмем за канцы адной рукой, а другой будзем трымацца за абруч.

– А калі рыба палезе праз рукаў, дык яе зловім, – засмяяўсям Мірон. – Давай гэтак.

Пачалі лавіць новым спосабам. Пайшло лягчэй, але нязручна было тое, што трэба было нахіляцца ў ваду па шыю, каб трымаць рукавы на належнай глыбіні.

Праз некаторы час Мірон закрычаў:

– Ёсць! ..., вырвалася!

– ..., незграбайла! – раззлаваўся Віктар.

– Ды маленькая была, – апраўдваўся Мірон.

Праз хвіліну закрычаў Віктар:

– Ёсць! Трымай, каб не ўцякла! Да берага цягні, да берага! Падымай угору! Вялікая. ..., кусаецца!

Цяжка было цягнуць на бераг кашулю, нібы бочку, поўную вады. Калі выцягнулі, дык знайшлі ў ёй дзясятак дробных рыбак, а ў Віктара ў руцэ быў двухфунтовы шчупак!

– Вось гэта дык здабыча! – цешыліся хлопцы (Паводле Я. Маўра).

Д л я  д а в е д к і: у-у, ах, ой.

Ці можна памяняць месцамі гэтыя выклічнікі? Чаму?

Вызначце стылістычную ролю выклічнікаў.

Запішыце сказы з выклічнікам, у якіх ён выражаў бы розныя пачуцці.

Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.

Практыкаванне 6

Прачытайце сказы з паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка». Выпішыце спачатку сказы з эмацыянальнымі выклічнікамі, потым — з волевыяўленчымі і выклічнікамі этыкету. Вызначце, што перадаюць выклічнікі ў кожным сказе.

1. Ой, якія байкі баюць мне пясочкі! 2. Гайда, покі сілак хваціць, на прасторыну-разлог. 3. – Го, то кепска, мая кветка! – галавой матнуў жабрак. 4. – Віват, ксёнжа наш вяльможны! 5. Эге, не, мусіць, іначай! 6. – Ша, не плачце – будзе жыва. 7. А той замак – ух, махіна! 8. Бывай! 9. – Ну, расказвай! кажы смела, мой музыка малады: што ў цябе там зноў наспела?

Практыкаванне 7

Запішыце сказы з паэмы «Сымон-музыка», раскрываючы дужкі і ставячы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.

1. – Эх дзівак ты! кажа дзед. 2. – Эх спазнаешся з бядою! 3. –Хо(хо) хлопча: ты гарачы! Ах каб ты здаровы рос! да сябе ўзяў дзед Сымона, за плячук яго патрос. 4. – Эй Сымон... Заснуў, ці што ты? 5. – Ах мой дзядок!.. 6. – Эхе(хе) мая дзяціна ўздыхнуў Даніла дзед. 7. – Гм цікава!.. 8. Уваччу ўсё тыя ноты, кропкі, хвосцікі, кручкі… Ох як многа ў ім ахвоты расчытаць тыя значкі! 9. О край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! 10. Гэй дарогі-паясы Колькі ножак праняслі вы праз аблогі праз лясы! 11. Эх ты родненькі куточак! Ці ж не думаў ён аб ім?

Растлумачце напісанне выклічнікаў праз дэфіс, пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах.

Практыкаванне 8

Запішыце сказы, раскрываючы дужкі і ставячы прапушчаныя знакі прыпынку.

1. – Ай(яй)(яй)! жартаўліва здзівіўся Віктар (Я. Маўр). 2. – У(ух)! крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. (Я. Маўр). 3. – О(о)(о) Ён тут! пачуўся знаёмы голас (Р. Няхай). 4. – Ах(ха)(ха) Калі тое жыццё настане? Абнасіліся, абшарпаліся... (М. Зарэцкі). 5. – А(а) пашкадавала старая (І. Мележ). 6. – Даруйце Леанід Ільіч (У. Краўчанка). 7. – Гэй ты вартаўнік! штурхануў яго пад бок Мірон (Я. Маўр). – 8. – Добры вечар цётачка як мага ласкавей прывіталася Параска (Р. Сабаленка).

Практыкаванне 9

Прачытайце. Назавіце сказы з гукаперайманнямі. Выпішыце сказы, у якіх выклічнікі і гукаперайманні выконваюць ролю іншых часцін мовы. Вызначце, якімі членамі сказа яны з’яўляюцца.

1. – Ура! – амаль у адзін голас закрычалі мы, потым схапілі адно аднаго за рукі і закруціліся ў карагодзе (Э. Луканскі). 2. Шу-шу-шу! – пясочак шурхнуў залаценькі (Я. Колас). 3. Усе пачулі гэта вясёлае «эх!». 4. «Крэ-крэк», – пачуўся недзе голас драча (Я. Маўр). 5.– Гм, хлапчынка: свет вялікі, а прыпынку ў ім няма (Я. Колас). 6. І ўсе яны пішчалі: «Пі-пі-пі-пі!» (Т. Бунта). 7. Ён мінае хаткі тыя, а ў жывоціку – буль-буль! (Я. Колас). 8. – Гэй, уставай! – штурхануў ён Мірона (Я. Маўр).  9. – Го, музыка тут, музыка! А ну, хлопча, – тра-ля-ля! (Я. Колас). 10. Потым раптам шум панёсся, заскрыпела штось там: «крра!» (Я. Колас). 11. – Ай-яй-яй! – уздыхнула мама (Т. Бунта). 12. У канцэртнай зале яшчэ доўга гучала «брава». 13. – Акыш вы (Р. Сабаленка). 14. – Тах-тах-тах-тах... – выразна лапеча латак... – Ж-ж-ж-ж... – працавіта ўтораць яму жорны... (М. Зарэцкі).

Практыкаванне 10

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, асноўную думку. Выпішыце выдзеленыя сказы. Вызначце ролю гукаперайманняў.

Слухаў сёння – не ўпершыню, канечне, але неяк зусім па-новаму, – як спявалі на досвітку пеўні.

Першым азваўся недзе зусім недалёка, мусіць, на суседавым двары, хрыплы, моцны голас:

Ку-кар-рэ-ку-у!

Нейкае імгненне было ціха-ціха, а потым пеўні заспявалі адразу па ўсёй вёсцы – адзін, другі, трэці... Іх галасы чуліся то побач, зычна, то прыцішана, а то і зусім глуха, толькі даносілася апошняе «ку-у...». Спяванне гэта было таксама рознае: ад чыстага, аж здаецца, крыштальнагал «ку-ка-рэку» да хрыплага, неразборлівага.

Усё гэта ішло некалькі хвілін – такімі хвалямі, пералівамі, і здавалася, што зараз спявае ўся зямля. І мо ўпершыню з такой зачараванасцю і нейкім нават здзіўленнем слухаў я гэтую адвечную і жывую песню зямлі, песню жыцця (Паводле З. Прыгодзіча).

Выпішыце словы з падоўжанымі зычнымі.