§ 33–3. Часціца як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс часціц. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы

Практыкаванне 9

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі. Пракаменціруйце напісанне не (ня), ні са словамі.

1. І азорыцца вераю сэрца: (не/ня)загіне радзімы мой кут (М. Пазнякоў). 2. Аднаго разу сустрэча ў мяне была (не/ня)прыемнаяф (І. Навуменка). 3. За шырокай градою гасцінца, які я перайшоў, за (не/ня)выкашаным раўком, у першых, нахіленых над высокай травою, жытніх сцяблінах, ніжэй калосся сціпла шарэла фанерная таблічка на кійку (Я. Брыль). 4. Ён [Валодзька] прачнуўся і заўважыў, што ў хаце (ні)кога няма. Выйшаў з хаты – таксама (ні)дзе (ні)кога няма (У. Гаўрыловіч). 5. Успаміны – (не/ня)рэчы, (не/ня)адсунеш убок, (не/ня)спрабуй – (не/ня)адпрэчыш думак-згадак клубок (І. Карэнда). 6. Яўгенія здзівілася гэтаму: звычайна дачка (не/ня)ахвотна ішла да чужых людзей (М. Даніленка). 7. Аднак апрануты ён быў зусім (не/ня)на валейбол: старанна адпрасаваны касцюм, белая кашуля, гальштук (З. Прыгодзіч). 8. Але як яны абодва (ні)прыглядаліся, (ні)кога (не/ня)было відаць (Я. Маўр). 9. Ужо (не/ня)так многа заставалася прайсці (І. Чыгрынаў). 10. Усе, як згаварыўшыся, выйшлі на ганак і сталі самі (не/ня)свае (К. Чорны). 11. (Не/ні)трэба больш (ні)чога распытваць (К. Чорны). 12. Маладосць – (не/ня)дахоп, які хутка праходзіць, ды чаму ўсе шкадуем, што нельга вярнуць? (М. Чарняўскі).

 Раскрыйце значэнне слова гасцінец з 3-га сказа.