Печатать книгуПечатать книгу

§ 33–3. Часціца як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс часціц. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 33–3. Часціца як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс часціц. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 13:37

Практыкаванне 1

Прачытайце сказ, устаўляючы прапушчаныя словы.

Часціца – ... часціна мовы, якая выражае розныя ...  ... ў сказе або служыць для ўтварэння форм слоў (...  дзеяслова).

Прачытайце табліцу. Раскажыце пра разрады часціц.

РАЗРАДЫ ЧАСЦІЦ

СЭНСАВЫЯ

Указальныя: вось, вунь, гэта

Удакладняльныя: якраз, іменна, сапраўды

Абмежавальныя: толькі, хоць, ледзь

МАДАЛЬНЫЯ

Сцвярджальныя: так, ага, але

Адмоўныя: не, ні, ані

Пытальныя: ці, хіба, няўжо

ЭМАЦЫЯНАЛЬНА-ЭКСПРЭСІЎНЫЯ

Узмацняльныя: нават, жа (ж), дык

Клічныя: вось дык, ну і, што за

ФОРМАЎТВАРАЛЬНЫЯ 

Формы ўмоўнага і загаднага ладу: бы (б), хай, давай

Практыкаванне 2

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, тэму. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай.

Паўгадзіны ў мокрым лесе.

Дождж разбудзіў мяне шумам за вокнамі. Ці гэта я сам прачнуўся, насустрач ягонаму шуму? Падумаў, гледзячы на зялёную сцяну: шум дажджу ўзмацняецца ад таго, што сеецца ён на процьму лістоты і ігліцы. Падумаеш – адкрыццёф! А вось жа прыемна было, нібыта ўпершыню такое ўсвядоміўшы.

У гушчары, калі я пайшоў туды, спачатку па асфальтавай дарожцы, над якой ледзь прыкметна ўздымалася пара, а потым па роснай сцяжыне, прыемна было глядзець на мокрае, крамянае дубовае лісце. Сонца спачатку было за павалокай і не спяшалася выходзіць з-за яе. Распешчана і аднастайна прасіў піць юрок. Амаль незаўважны ветрык паварушваў сям-там лістоту, раз-поразу ціхенька ападалі долу маленькія мясцовыя дожджыкі. Абапал сцежкі – бурачкова-ружовыя кветкі канюшыны. Сімвал спакойнага, лагоднага, няпрагнага дастатку, калі ўспомніш гэтыя кветкі ў вялікай масе, густую, ружовую, канюшынную кашу. У мокрым гушчары сыта мурлыкаў туркач. Дзіўна паводзіў сябе дождж – памаўчыць, памаўчыць і зноў шуміць па лістоце, ідзе. Нібыта чалавек, што думае, а потым – плача зноў...

Сонца ўзяло сваё. Калі я з мокрых сцяжын выйшаў зноў на асфальт, лісцё з паўднёва-ўсходняга боку было ўжо амаль сухое.

Зноў успомніў тое, што думалася днямі пра апісанні прыроды. Нешта не вельмі выразнае, але прыемнае, светлае. Адчуванне красы, удзячнасць за радасць гэтага адчування. Падумалася сёння, што толькі ў гэтым, у такім адчуванні красы прыроды, і ёсць адзіны сэнс яе апісвання (Паводле Я. Брыля).

Выпішыце сказы з часціцамі. Вызначце разрад часціц. Якую ролю яны адыгрываюць у тэксце?

Растлумачце напісанне слоў праз дэфіс.

Правіла

Часціцы бы (б), жа (ж) пішуцца асобна: прыйшоў бы, пачытала б, паступіў жа, казала ж.

Часціца -такі пішацца праз злучок у словах тыпу ўсё-такі, так-такі, пасля дзеяслова: прыехаў-такі.

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце назву. Вызначце часціцы, іх разрад і ролю ў тэксце.

Боршч на Украіне лічыцца культавай нацыянальнай стравай, але, як і суп з капусты (па-руску щи, а па-нашаму проста капуста або капуснік), гэта агульнаславянская з’ява. Такая ж «беларуская» і грэчка. Яе амаль не спажываюць на захадзе Еўропы.сн А ў нас яна вядомая яшчэ з часоў Полацкага княства, калі трапіла сюды з Візантыі, ад грэкаў – таму і такая назва. Усе, напэўна, памятаюць пра хрэстаматыйныя Бядулевы «пяць лыжак заціркі». Чамусьці традыцыйна лічыцца, што зацірка – тыповая страва беднага беларускага стала. Але яна можа быць таксама і багатай, і сытнай, і наогул яе больш шануюць у Венгрыі, чым у нашых краях. Там яна называецца «тархоня», з’яўляецца візітоўкай нацыянальнай венгерскай кухні і як паўфабрыкат нават прадаецца ў гіпермаркетах (Паводле І. Клімковіч).

Растлумачце напісанне часціцы ў выдзеленым сказе.

 Раскрыйце значэнні слоў культавы, паўфабрыкат.

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму, асноўную думку, стыль.

Узоры жыцця

Ці выжыве чалавецтва? Ці ўдасца людзям пазбегнуць глабальнай катастрофы? Даследчыкі не знаходзяць сімвалаў смерці ў беларускіх арнаментах. У іх чытаецца зашыфраваная аповесць пра жыццё беларусаў, іх працу, шчасце і няўдачы, надзеі, мары.

Вось напрыклад возьмем фігуру Сонца: чырвоны ромб ад якога (у/ва)ўсе бакі накіраваны роўныя лініі – прамяні. Калі(ж) памяняць іх кірунак (апусціць лініі ўнутр ромба) то атрымаецца новы сімвал – Зямлі-Матухны. А калі дадаць да яго маленькае Сонца то нараджаецца новы знак (з/са)значэннем: абуджэнне прыроды вясной. Здавалася(б) цалкам зразумелы і нават некалькі прымітыўны сімвал. Але(ж)калі ўдумацца і прыгледзецца то пачынаеш адчуваць глыбокі сэнс яднання гармоніі прыроды. А цяпер дададзім да гэтага знака яшчэ па адным маленькім ромбе ў кожны кут фігуры атрымаецца ўжо новы элемент арнаменту Жыццё (Паводле А. Гюнгер).

Спішыце другі абзац тэксту, раскрываючы дужкі і ставячы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.

Зрабіце марфалагічны разбор пытальнай, указальнай і формаўтваральнай часціц.

 Карыстаючыся даведачнай літаратурай ці інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне «Сімволіка ўзораў беларускага арнаменту».

 

Практыкаванне 5

 Прачытайце выслоўе Я Скрыгана. Пра парушэнне якіх норм гаворыць пісьменнік?

Агульнавядома, што калі вы бачыце добра апранутага і, здавалася б, культурнага чалавека і раптам гэты чалавек гаворыць портфель замест партфель або доцант замест дацэнт, то вам становіцца няёмка за гэтага чалавека, і вы пачынаеце здагадвацца, што ён невук, які толькі падрабляецца пад культурнага.

Растлумачце напісанне слоў няёмка, невук.

Правіла

Часціца не пішацца са словамі асобна.

Не (ня) пішацца разам, калі з’яўляецца часткай слова.

Не (ня) пішацца разам:

  • калі слова без не (ня) не ўжываецца: нянавісць, няспынны, ненавідзець, нездаровіцца, непакоячыся, няволячы;
  • у словах з прыстаўкай неда-, якія маюць значэнне непаўнаты: недаацаніць, недаробка;
  • калі не ўтварае новыя словы з супрацьлеглым значэннем, якія можна замяніць сінонімамі без не (ня): няпраўда (хлусня), немалы (вялікі), недалёка (блізка);
  • з поўнымі дзеепрыметнікамі, пры якіх няма залежных слоў: неадпраўлены ліст, неакрэслены арыенцір;
  • у няпэўных займенніках і прыслоўях: нехта, нешта, некалі, недзе.

Не пішацца асобна:

  • калі ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не праўда, а хлусня; не малы, а вялікі дом;
  • з дзеясловамі, дзеепрыслоўямі, кароткімі дзеепрыметнікамі: не разглядаў, не сумавалі; не разглядаўшы, не сумуючы; заданне не выканана;
  • з поўнымі дзеепрыметнікамі, пры якіх ёсць залежныя словы або супрацьпастаўленне са злучнікам а: не засеянае жытам поле; не напісанае, а толькі пачатае сачыненне;
  • са словамі шкада, трэба, варта, супраць: не шкада, не трэба, не варта, не супраць;
  • у складзе ўзмацняльных адмоўяў: зусім не, далёка не, ніколькі не.

Практыкаванне 6

Прачытайце тэкст. Запішыце, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары.

(Н..)прыкметна надышла восень. Вялізная буслянка на вярбе даўно апусцела. Толькі галубы-буркатуны яшчэ (н..)пакінулі сваё ўтульнае месца ў буслянцы ды зрэдку ў сярэдзіну ламачча заляталі (н..)паседлівыя вераб’і. У цэнтры гнязда пад шэрым небам пакалыхваліся дзве бадыліны. Мусіць, птушкі (н..)калі занеслі туды насенне ад пустазелля... (Паводле М. Даніленкі).

 Раскрыйце значэнні слоў бадыліна, пустазелле.

 Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.

Практыкаванне 7

 Спішыце прыказкі, выбіраючы з дужак не або ня. Растлумачце напісанне не (ня) са словамі.

І. 1. Бацькаўшчыны (не/ня)купляюць і (не/ня)прадаюць. 2. (Не/ня)таму слава, хто на язык лёгкі, а таму – хто ў справе стойкі. 3. Згода дом будуе, а (не/ня)згода руйнуе. 4. Гаспадарку весці – (не/ня)кашу есці. 5. (Не/ня)слаўна хата вугламі, а пірагамі. 6. (Не/ня)дадасі і (не/ня)даясі. 7. (Не/ня)так лёгка зрабіць, як сказаць. 8. Вучэнне – свет, а (не/ня)вучэнне – цемра.сн 9. Чужым розумам (не/ня)далёка заедзеш.

ІІ. 1. Каб добра з людзьмі жыць, (не/ня)трэба каменя за пазухаю насіць. 2. (Не/ня)той бедны, хто грошай (не/ня)мае, а той бедны, хто душы (не/ня)мае. 3. Прыяцеля пазнаеш у (не/ня)шчасці. 4. (Не/ня)кравец, калі чакае скроенае шыць. 5. Узяўся за гуж – (не/ня)кажы, што (не/ня)дуж. 6. (Не/ня)шкадуй, што (не/ня)даеў, пашкадуй пераеўшы. 7. (Не/ня)так шкода, як (не/ня)выгода. 8. (Не/ня)знайка дарогі (не/ня)пакажа. 9. Скора гаворыцца, ды (не/ня)скора робіцца.сн

Правіла

Часціца ні са словамі пішацца асобна.

Ні пішацца разам:

  • у адмоўных займенніках (калі пасля ні няма прыназоўніка) і ў адмоўных прыслоўях: нішто, ніхто, нічый, ніякі (але: ні ў чым, ні ў кога, ні ў чыйго, ні ў якім), нікуды, нідзе, ніколі, ніколькі;
  • у словах, якія без ні не ўжываюцца: нішчымны, нішчымніца, нікчэмны, ніякавата.

Практыкаванне 8

 Запішыце прыказкі, раскрываючы дужкі.

1. (Ні)чога само (не/ня)зробіцца. 2. Ад праўды (ні)куды (не/ня)дзенешся. 3. Ліхое (ні)колі (не/ня)утоіцца. 4. Лёгка (ні)чога (не/ня)даецца. 5. Як бы сава (ні)старалася лятаць, а за сокала (не/ня)будзе. 6. Як быка (ні)кармі, то малака (не/ня)дасць. 7. Едзь бачком, (ні)з(кім) (не/ня)зачэпішся.

Растлумачце напісанне не, ні са словамі.

Практыкаванне 9

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі. Пракаменціруйце напісанне не (ня), ні са словамі.

1. І азорыцца вераю сэрца: (не/ня)загіне радзімы мой кут (М. Пазнякоў). 2. Аднаго разу сустрэча ў мяне была (не/ня)прыемнаяф (І. Навуменка). 3. За шырокай градою гасцінца, які я перайшоў, за (не/ня)выкашаным раўком, у першых, нахіленых над высокай травою, жытніх сцяблінах, ніжэй калосся сціпла шарэла фанерная таблічка на кійку (Я. Брыль). 4. Ён [Валодзька] прачнуўся і заўважыў, што ў хаце (ні)кога няма. Выйшаў з хаты – таксама (ні)дзе (ні)кога няма (У. Гаўрыловіч). 5. Успаміны – (не/ня)рэчы, (не/ня)адсунеш убок, (не/ня)спрабуй – (не/ня)адпрэчыш думак-згадак клубок (І. Карэнда). 6. Яўгенія здзівілася гэтаму: звычайна дачка (не/ня)ахвотна ішла да чужых людзей (М. Даніленка). 7. Аднак апрануты ён быў зусім (не/ня)на валейбол: старанна адпрасаваны касцюм, белая кашуля, гальштук (З. Прыгодзіч). 8. Але як яны абодва (ні)прыглядаліся, (ні)кога (не/ня)было відаць (Я. Маўр). 9. Ужо (не/ня)так многа заставалася прайсці (І. Чыгрынаў). 10. Усе, як згаварыўшыся, выйшлі на ганак і сталі самі (не/ня)свае (К. Чорны). 11. (Не/ні)трэба больш (ні)чога распытваць (К. Чорны). 12. Маладосць – (не/ня)дахоп, які хутка праходзіць, ды чаму ўсе шкадуем, што нельга вярнуць? (М. Чарняўскі).

 Раскрыйце значэнне слова гасцінец з 3-га сказа.

Практыкаванне 10

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай тэксту.

Міхась выцер з ..лба пот – вельмі захацелася высунуць галаву з акна, па..ставіць твар ветру. Так і зрабіў. Сонца на момант асляпіла яго. (Не/ня)узабаве, ра..плюшчыўшы вочы, Міхась павярнуў галаву налева: доўгі хвостл цягніка, як вусень, цягнецца ўперадзе, быццам(бы) (не/ня)спяшаючыся.

«Які цуд вакол! (Ні)дзе больш на з..млі няма такой прыгажосці, як у нас, на Беларусі! Святы, (не/ня)паўторны край... Любы край...»

Праяз..жалі, напэўна, Полач..ыну. Вунь зялёны малады бярозавы гаёк на ўзгорку, а за ім (не)калькі хат – як грыбная сямейка, прытуліліся побач на адным месцы. Ад іх у розныя бакі, як па..уцінкі, разбягаюцца даро..кі, губляючыся дзе(сьці) далёка-далёка... (Паводле Д. Пятровіча).

Спішыце тэкст, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы, дзе патрэбна, літары. Растлумачце напісанне слоў.

Практыкаванне 11

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі. Растлумачце напісанне слоў.

1. Шмат рэчаў дзіўных ёсць у нашым свеце, якія (не/ня)тлумачацца законамі прыроды (В. Вабішчэвіч). 2. Вакол нібыта веяла таямнічай (не/ня)разгаданай казкаюф (Н. Гальпяровіч). 3. І (не)йкай (не/ня)звыклай становіцца раніца (М. Чарняўскі). 4. (Ні)з(кім) вы (не/ня)дамаўляліся (І. Шамякін). 5. Хмары ў небе, як воўна. З воўны гэтай, гляджу, восень прадзе (не/ня)утомна шэрыя ніткі дажджу (М. Маляўка). 6. Бацька з дзедам паехалі, так і (не/ня)узяўшы з сабой Валодзьку (У. Гаўрыловіч). 7. (Ні)чога (не/ня)гаворачы, Альберт Сцяпанавіч павярнуўся і пайшоў да дзвярэй (Г. Аўласенка). 8. Любіць цяжэй ці (не/ня)навідзець? А можа, усё наадварот? (М. Чарняўскі). 9. (Ні)чога (не/ня)знаў, (не/ня)дбаў (ні)аб(чым), знаў толькі гульні свае, забавы дзіцячыя (М. Зарэцкі). 10. Довады Віктара пахіснулі і Мірона. Але як яны (ні)меркавалі, растлумачыць гэты (не/ня)зразумелы факт (ні)як (не/ня)маглі (Я. Маўр)

 Раскрыйце значэнне слова воўна.

Практыкаванне 12

Прачытайце тэкст. Што перадае загаловак: тэму ці асноўную думку?

Шугае полымем трава

Гэта толькі здаецца што лес (ні)чога (не/ня)разумее. Ён, як і чалавек, адчувае ўсё, што робіцца навокал. Прыслухайцеся да пошуму дрэў – і вы пачуеце, як натужна-трывожна скрыпяць яны ў навальніцу, калі неба ўдоўж і ўпапярок паласуюць бліскавіцы, ці як радасна-свавольна шапацяць лістотай, калі ў вершалінах гуляе зіхоткае сонца.

Пасля зімовай спячкі дрэвы з асаблівым (не/ня)цярпеннем чакаюць вясны калі голае голле абсыпле лістота а ўнізе, ля самага камля, зазелянее травяны дыванок. Лес чакае вясны і ў той(жа) час баіцца. (Не/ня)яе самой а нас людзей што звеку нясуць у лес (не/ня)бяспеку.

Хто (не/ня)бачыў як вясной гарыць шугае полымем падсохлаяф на сонцы леташняя трава падпаленаям (не)кім. І коціцца гэты вогненны шар, спапяляючы ўсё на сваім шляху. Добра калі сустрэне на сваім шляху азярко ці дрыгвяністую нізінку якія спыняць яго (не/ня)нажэрны разбег. А калі такіх перашкод (не/ня)выпадзе? Тады пабяжыць далей, а там, глядзіш, і ў лес заскочыць.

Застылі дрэвы на ўскрайку лесу пазіраюць у бок поля дзе палае (не/ня)узаранае з восені ржышча а то і салома пасля ўбранага ўраджаю. І аж сціскаюцца ад жаху. І (ні)як (не/ня)могуць уцяміць што за такая дзіўная істота, гэты чалавек. Здаецца, усе людзі знешне падобныя, але што ў іх адбываецца ўнутры, калі адны садзяць лес, а іншыя яго знішчаюць? Ягады ды грыбочкі любіць кожны, але(ж) чаму тады (не/ня)кожны разумее што калі загіне лес то і гэтых лясных прысмакаў (не/ня)будзе таксама?

Няўжо ты не чуеш, чалавек, як хвалюецца лес, як трывожна трапеча лістота на дрэвах? Прыслухайся: гэта лес звяртаецца да цябе. Просіць і моліць быць літасцівым. Будзь такім і павер: лес аддзячыць табе. Яшчэ крыху – і ты пераканаешся ў гэтым. Як было ўжо не раз (Паводле А. Зэкава).

Выпішыце сказы, у якіх трэба раскрыць дужкі, пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку.

У чым розніца выразаў не раз і ні разу?

Падрыхтуце паведамленне «Беражыце лес ад агню».