§ 33–3. Часціца як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс часціц. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы

Правіла

Часціца не пішацца са словамі асобна.

Не (ня) пішацца разам, калі з’яўляецца часткай слова.

Не (ня) пішацца разам:

  • калі слова без не (ня) не ўжываецца: нянавісць, няспынны, ненавідзець, нездаровіцца, непакоячыся, няволячы;
  • у словах з прыстаўкай неда-, якія маюць значэнне непаўнаты: недаацаніць, недаробка;
  • калі не ўтварае новыя словы з супрацьлеглым значэннем, якія можна замяніць сінонімамі без не (ня): няпраўда (хлусня), немалы (вялікі), недалёка (блізка);
  • з поўнымі дзеепрыметнікамі, пры якіх няма залежных слоў: неадпраўлены ліст, неакрэслены арыенцір;
  • у няпэўных займенніках і прыслоўях: нехта, нешта, некалі, недзе.

Не пішацца асобна:

  • калі ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не праўда, а хлусня; не малы, а вялікі дом;
  • з дзеясловамі, дзеепрыслоўямі, кароткімі дзеепрыметнікамі: не разглядаў, не сумавалі; не разглядаўшы, не сумуючы; заданне не выканана;
  • з поўнымі дзеепрыметнікамі, пры якіх ёсць залежныя словы або супрацьпастаўленне са злучнікам а: не засеянае жытам поле; не напісанае, а толькі пачатае сачыненне;
  • са словамі шкада, трэба, варта, супраць: не шкада, не трэба, не варта, не супраць;
  • у складзе ўзмацняльных адмоўяў: зусім не, далёка не, ніколькі не.