§ 33–3. Часціца як службовая часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс часціц. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы

Практыкаванне 2

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, тэму. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай.

Паўгадзіны ў мокрым лесе.

Дождж разбудзіў мяне шумам за вокнамі. Ці гэта я сам прачнуўся, насустрач ягонаму шуму? Падумаў, гледзячы на зялёную сцяну: шум дажджу ўзмацняецца ад таго, што сеецца ён на процьму лістоты і ігліцы. Падумаеш – адкрыццёф! А вось жа прыемна было, нібыта ўпершыню такое ўсвядоміўшы.

У гушчары, калі я пайшоў туды, спачатку па асфальтавай дарожцы, над якой ледзь прыкметна ўздымалася пара, а потым па роснай сцяжыне, прыемна было глядзець на мокрае, крамянае дубовае лісце. Сонца спачатку было за павалокай і не спяшалася выходзіць з-за яе. Распешчана і аднастайна прасіў піць юрок. Амаль незаўважны ветрык паварушваў сям-там лістоту, раз-поразу ціхенька ападалі долу маленькія мясцовыя дожджыкі. Абапал сцежкі – бурачкова-ружовыя кветкі канюшыны. Сімвал спакойнага, лагоднага, няпрагнага дастатку, калі ўспомніш гэтыя кветкі ў вялікай масе, густую, ружовую, канюшынную кашу. У мокрым гушчары сыта мурлыкаў туркач. Дзіўна паводзіў сябе дождж – памаўчыць, памаўчыць і зноў шуміць па лістоце, ідзе. Нібыта чалавек, што думае, а потым – плача зноў...

Сонца ўзяло сваё. Калі я з мокрых сцяжын выйшаў зноў на асфальт, лісцё з паўднёва-ўсходняга боку было ўжо амаль сухое.

Зноў успомніў тое, што думалася днямі пра апісанні прыроды. Нешта не вельмі выразнае, але прыемнае, светлае. Адчуванне красы, удзячнасць за радасць гэтага адчування. Падумалася сёння, што толькі ў гэтым, у такім адчуванні красы прыроды, і ёсць адзіны сэнс яе апісвання (Паводле Я. Брыля).

Выпішыце сказы з часціцамі. Вызначце разрад часціц. Якую ролю яны адыгрываюць у тэксце?

Растлумачце напісанне слоў праз дэфіс.