§ 31–2. Правапіс дзеясл. Марфалагіч. нормы: ужыванне асабовых канчаткаў дзеясл., адрозненне канчаткаў дзеясл. абвес. і загад. ладу, ужыванне дзеясловаў з суф. -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-), акцэнталагічныя нормы пры ўтварэнні спрагальных форм дзеясл.

Практыкаванне 318

Прачытайце тэкст. Што перадае загаловак: тэму ці асноўную думку?

Рарытэты* з чыгункі

Музеі, як вядома, бываюць розныя. Некаторыя з іх вельмі ары­гі­нальныя. У Баранавічах, напрыклад, ёсць музей... чыгункі. «Музей чыгункі ў г. Баранавічы УП “Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі”» — такую афіцыйную назву ён мае. Найбольш цікавая частка экспазіцыі музея размешчана пад адкрытым небам. Тут можна пабачыць самыя розныя ўзоры чыгуначнай тэхнікі. Прычым не толькі пастаяць побач, але дзесьці нават залезці на падножку вагона, зазірнуць унутр.

Тут размяшчаецца калекцыя паравозаў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Ёсць цеплавозы, пасажырскія і грузавыя вагоны розных пакаленняў.

Асабліва цікавы для многіх экскурсантаў дзейны макет Бара­на­віц­кага чыгуначнага вузла, усталяваны ў адным з пасажырскіх вагонаў.

У іншых вагонах таксама ёсць экспазіцыйныя залы, дзе прад­стаў­лены некаторыя інструменты, прыборы і механізмы (напрыклад, ручныя рэйкарэзныя і рэйкасвідравальныя станкі), якімі ў мінулым карысталіся чыгуначнікі.

У экспазіцыі можна пабачыць і грузавую дры­зіну, якую многія ведаюць калі не з асабістага досведу, то па старых кінафільмах. Ёсць там і дзейны семафор, і гідраўлічная калонка для запраўкі паравозаў вадой.

Гэтыя экспанаты, без сумнення, цікавыя як прафесіяналам-чы­гу­начнікам, гісторыкам, так і іншым. Дзе яшчэ атрымаецца тра­піць у такі цэласны, напоўнены рознымі цікавасцямі тэхнічны свет? У 2002 годзе ў музеі стварылі экспазіцыю тэхнікі чыгуначных войскаў. Гэта пуцеўкладчык, выправачна-падбівачная машына, зенітна-кулямётныя ўстаноўкі, якія ставілі калісьці на спецыяльных чыгуначных платфор­мах з браніраванымі адсекамі для размяшчэння кулямётных стужак, машыны для будавання мастоў на палях.

Наведваючы экспазіцыю пад адкрытым небам, усведамляеш прыгажосць і значнасць многіх ідэй, рэалізаваных пры стварэнні чыгунак. Тут можна дакрануцца да мінулага і ўбачыць гісторыю развіцця і ўдасканалення чыгуначнай тэхнікі ў розныя часы. Музей перыядычна папаўняецца новымі экспанатамі.

Непадалёк ад экспазіцыі пад адкрытым небам размяшчаецца і му­зейны будынак. Ён датуецца пачаткам ХХ стагоддзя і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. А сам музей быў створаны ў ім у 1984 годзе. У музейным дамку можна сустрэць шмат ці­ка­вых экспанатаў, звязаных з працай чыгуначнікаў (Паводле Н. Шчар­бачэвіч).

Пра які музей расказваецца ў тэксце? Чым ён адметны?
Перабудуйце сказы з выдзеленымі словамі, замяняючы гэтыя словы дзея­словамі ў форме 2-й асобы множнага ліку будучага простага часу (можна ўстаў­ляць займеннік вы).

У з о р. Там можна пабачыць самыя розныя ўзоры чыгуначнай тэхнікі. — Там вы пабачыце самыя розныя ўзоры чыгуначнай тэхнікі.

Растлумачце напісанне канчаткаў дзеясловаў.
Назавіце запазычаныя словы. Чаму іх многа ў тэксце? Растлумачце іх напісанне.
 Правядзіце завочную экскурсію па адным з музеяў вашага рэгіёна. Выкарыстайце дзеясловы ў форме 2-й асобы множнага ліку цяперашняга або будучага простага часу.