§ 31–2. Правапіс дзеясл. Марфалагіч. нормы: ужыванне асабовых канчаткаў дзеясл., адрозненне канчаткаў дзеясл. абвес. і загад. ладу, ужыванне дзеясловаў з суф. -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-), акцэнталагічныя нормы пры ўтварэнні спрагальных форм дзеясл.

Практыкаванне 316

Прачытайце тэкст. Што перадае загаловак: тэму ці асноўную думку тэксту?

Бессмяротны слізявік

Парыжскі заапарк прадставіў свету свой новы экспанат — загад­кавую аднаклетачную істоту, якая падобна да грыбоў, паводзіць сябе так, як жывёла, здольная рэгенерыраваць*.

Навукоўцы яшчэ будуць адказваць на многія звязаныя з ім пы­танні, аднак цяпер кожны ахвотны можа назіраць містычную жоўтую плёнку, якая ўжо атрымала імя ў гонар фільма 1958 года The Blоb (кропля, клякса, згустак). Па сюжэце фільма іншапланетная слізь па­глынае ўсё на сваім шляху.

Згаданы клас істот да гэтага часу не атрымлівалася ўпісаць у якое-небудзь канкрэтнае царствал жывёльнага свету. Іх называюць слізевікамі, і ў прыродзе налічваецца каля тысячы відаў такіх арганіз­маў, кожны з іх здольны паставіць у тупік нават дасведчанага біёлага. Напрыклад, Blоb з’яўляецца аднаклетачным, хоць яго памер дасягае некалькіх сантыметраў. Ён расце практычна бясконца, перамяшчаецца з хуткасцю да чатырох сантыметраў у гадзі´ну, шукае ежу і ператраўляе* яе. Пры гэтым «кропля» можа перадаваць свой вопыт іншым асобінам. У адным з эксперыментаў слізявік павінен быў знайсці выхад з лабірынта. Пасля паспяховага выканання Blоb выбіраўся з пасткі хутчэй, а калі яго змясцілі побач з іншай асобінай, то тая таксама справілася з задачай хутка. Слізявік практычна бессмяротны: сваю цэласнасць ён аднаўляе за лічаныя хвіліны. Небяспеку для яго ўяўляюць толькі засуха і крытычныя тэмпературы, прычым нават у гэтым выпадку ён, хутчэй за ўсё, проста ўпадзе ў стан, блізкі да анабіёзу*. Знішчаюць слізевіка толькі магутнае ультрафіялетавае выпраменьванне і агонь. У прыродзе «кропля» камфортна жыве пры вільготнасці каля 85—100 % і тэмпературы паветра 19—25 °С, а харчуецца рознай арганікай (напрыклад, драўнінай). Упершыню гэты від трапіў у фокус увагі наву­коўцаў у 1973 годзе, калі жыхарка Тэхаса знайшла на сваім двары загадкавую жоўтую субстанцыю (Паводле І. Купарваса).

Як выглядае слізявік? Чаму ён атрымаў назву ў гонар фільма?
Выпішыце з тэксту ўсе дзеясловы, паставіўшы іх у пачатковую форму і ў фор­му 2-й асобы множнага ліку цяперашняга або будучага простага часу.

У з о р: прадставіць — прадставіце.

Растлумачце напісанне асабовых канчаткаў дзеясловаў.
• Сфармулюйце правілы, якім падпарадкоўваецца напісанне выдзеленых слоў.