§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 307-6

Прачытайце тэкст. Выпішыце зваротныя дзеясловы ў той форме, у якой яны ўжыты ў тэксце, вызначце (калі магчыма) іх асобу, лік, час.

Зубрэвічы. Хаджу па дзьмухаўцах. Любуюся дзьмухаўцамі.

Яны ўжо цвітуць. Яны – усюды. Прачнуўся, зірнуў у акно, а яны, вірлавокія, ужо глядзяць сваімі прагнымі да жыцця, поўнымі ўпэўненасці і сілы вачамі, радуючыся раніцы.

Азірнуўся, а яны, бачыце, пазахоплівалі не засеяныя пакуль агароды, лугі ды сенажаці і ператварылі іх у прыгожыя кветнікі – як усё роўна дзьмухаўцы нехта тут знарок панасеяў.

Кінуў вокам за рэчку, а на Зарэччы – таксама ўсё жоўта ад іх. Травы не відаць, а ўсё і ўсюды – дзьмухаўцы, дзьмухаўцы, дзьмухаўцы. Нібыта прамяні сонца густа ўпалі на лугі і агароды, на зямлю.

Якая прыгажосць! Глядзі – не наглядзецца, любуйся – не налюбавацца, цешся – не нацешыцца. Замілаванне! Вачэй не адвесці! (Паводле Я. Сіпакова).

Ці да ўсіх выпісаных зваротных дзеясловаў можна падабраць  незваротныя?

Вызначце спосаб утварэння выдзеленых дзеясловаў.

Якую сінтаксічную ролю ў сказе выконвае слова бачыце?

 Знайдзіце ў тэксце і выпішыце фразеалагізм, растлумачце яго значэнне.

 Зрабіце марфалагічны разбор трох дзеясловаў (умоўнага, загаднага і абвеснага ладу).

 Параўнайце ролю дзеясловаў у прапанаваных тэкстах параграфа, падрыхтуйце паведамленне «Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення».