Печатать книгуПечатать книгу

§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 21:37

Практыкаванне 307

Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя словы.

Дзеяслоў — ... часціна мовы, якая абазначае ... або ... прадмета.

Вылучаюць тры лады дзеяслова: ... , ... і ... .

Дзеясловы ... ладу абазначаюць дзеянне ў цяперашнім, прошлым ці будучым часе.

Дзеясловы бываюць ... і ... трывання.

Спражэнне — гэта змяненне дзеясловаў па ... і ... у цяперашнім (... простым) часе ... ладу.

Адрозніваюцца два тыпы спражэння дзеясловаў у залежнасці ад характару ... ... .

Практыкаванне 307-1

Разгледзьце схему. Раскажыце пра формы дзеяслова, дапоўніўшы сказы. 

Формы дзеяслова:

І. Неазначальная форма (інфінітыў)

ІІ. Асабовыя формы

ІІІ. Асобыя формы:

- Дзеепрыметнік

- Дзеепрыслоўе

Неазначальная форма дзеяслова (інфінітыў) — гэта яго ... форма. Яна называе ..., але ... форм часу, асобы, ліку: вучыцца, глядзець, ахоўваць.

Асабовыя формы дзеяслова  формы, якія паказваюць, хто або што ... : я вучуся, ты глядзіш, мы ахоўваем.

Дзеясловы змяняюцца па асобах у ... і ... часах ... ладу.

Асабовыя формы дзеяслова ў сказе ў асноўным выконваюць функцыю ..., аднак могуць выконваць функцыю ... членаў сказа.

Дзеясловы могуць абазначаць дзеянне, утворанае само па сабе, без указання на асобу. Яны маюць назву — ... : мне не спіцца, на вуліцы світае.

Асобыя формы дзеяслова спалучаюць у сабе прыметы ... і ... (дзеепрыметнік), ... і ... (дзеепрыслоўе).

Дзеепрыметнік абазначае ... ..., якая выражана праз дзеянне: падлога (якая?) падмеценая; дзеепрыслоўе абазначае ... ..., якое перадаецца праз іншае (дадатковае) дзеянне: ішлі (як?) спяваючы, чытаў (як?) захапляючыся.

Назавіце граматычныя катэгорыі дзеяслова. Ахарактарызуйце іх.

Практыкаванне 307-2

Прачытайце тэкст. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай. Выпішыце спачатку ўсе дзеясловы, потым асобыя формы дзеяслова – дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі. Вызначце лад дзеясловаў, трыванне, у дзеясловаў абвеснага ладу — час.

Вясна абрынулася на зямлю раптоўна, гарачым сонцам за некалькі дзён растапіла зляжалы снег, ручаіны, як ашалелыя, несліся з пясчаных узгоркаў у прызамкавае возера, падалі між выдмаў у набрынялую Ушу. І рака, заціснутая вадою спадыспаду і зверху, не вытрымала, трэснула, уздыбіўшы грувасткія крыгі. За які тыдзень разводдзе ўтаймавалася, сплыло ў Нёман. А сонца паліла, ажыўляючы мурагі аксамітавай травою, аздабляючы надрэчча пухнатымі коцікамі вербалозаў. І калі б неба было літасцівым, паслала б на зямлю пару зацяжных залеў, уся гэтая пекнасць яшчэ больш бы ўвабралася ў сілу, забуяла б, закрасавала б лугамі і ўзлескамі кветак. Але дажджавыя хмары ці то засердавалі, ці то недзе заблудзілі, абмінаючы нясвіжскую зямлю. І тое, што так хораша рынулася ў рост, пачало памалу марнець, блякнуць, губляць сваю вабнасць і раскошу (Паводле А. Камароўскага).

Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.

Практыкаванне 307-3

Прачытайце прыказкі. Растлумачце значэнне кожнай. Назавіце асабовыя формы дзеяслова і інфінітыў.

Дай зямлі, і яна табе дасць.

Раней пасееш, раней паспееш.

Не марнуй часу дарэмна: вясна пройдзе – не вернеш.

Ад навукі галава не баліць.

Мякка сцеле, ды мулка спаць.

Рубрыка "Паслухаем мовазнаўцаў"

Пры супадзенні лексічных значэнняў дзеясловы закончанага і незакончанага трыванняў утвараюць суадносныя пары, члены якіх адрозніваюцца толькі граматычна (параўн.: рабіць – зрабіць, ламаць – адламаць, гаварыць – сказаць і інш.). Фармальна завершанасць дзеяння фіксуецца дзеясловамі закончанага трывання прошлага часу (прачытаў, зрабіў, адламаў і інш.), тады як дзеясловы закончанага трывання будучага часу паказваюць, што дзеянне завершыцца пасля моманту гутаркі (параўн.: прачытаю, зраблю, адламаю і інш.).

Дзеясловы, якія не ўтвараюць суадносных пар у адносінах да выражэння мяжы дзеяння, называюцца аднатрывальнымі і могуць мець або толькі форму закончанага трывання (параўн.: расплакацца, набыць і інш.), або толькі форму незакончанага трывання (параўн.: ганарыцца, адсутнічаць і інш.).

Дзеясловы незакончанага трывання спалучаюцца з іншымі дзеясловамі тыпу скончыць, пачаць і да т. п., а дзеясловы закончанага трывання з падобнымі дзеясловамі не спалучаюцца. Дзеясловы, што не ўтвараюць суадносных трывальных пар, маюць асаблівасці ў сваёй лексічнай семантыцы, якая характарызуецца ўказаннем на пачынальнасць дзеяння (параўн.: закрычаць, пабегчы, узляцець і інш.), на абмежавальнасць дзеяння (параўн.: пагартаць, праспаць, перабегчы і інш.), аднакратнасць, ці інхаатыўнасць, дзеяння (параўн.: мігнуць, глынуць і інш.), выніковасць дзеяння (параўн.: абрынуць, выскачыць, злезці і інш.), мнагакратнасць, ці ітаратыўнасць, дзеяння (параўн.: папаездзіць, папанасіць і інш.), перарывістасць (параўн.: пакусваць, узмахваць і інш.), суправаджальнасць (параўн.: прыпяваць, падсвістваць і інш.), размеркавальнасць, ці дыстрыбутыўнасць (параўн.: панадпісваць, ператрэсці і інш.).

Б.А. Плотнікаў, Л.А. Антанюк

 Знайдзіце ў тэксце словы, якія з’яўляюцца сінонімамі да слоў аднакратнасць, мнагакратнасць, размеркавальнасць.

 

Практыкаванне 307-4

Прачытайце тэкст. Пра каго расказваецца ў тэксце? Падбярыце загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай. Выпішыце сказы з безасабовымі дзеясловамі і дзеясловам, ужытым у форме безасабовага.

На дварэ неўпрыкмет вечарэла. А хутка і ў пакой упаўзла цемра.

Неба, нібы аўсом, было ўсыпана зоркамі. Свяціла вялікая, матава-белая поўня. Пас яе святла ляжаў на стале, белым ручніком спадаў на падлогу. І нідзе ні гуку. Адно недзе пад страхою спрасонку цілікнуў верабей, а ў хаце пад печчу адазваўся цвыркун.

Максіму не спалася. Ён борздзенька падняўся з канапы, падышоў да расчыненага акна і прысеў на лаўку.

Раскашавалі каля плота ў садку парэчкі і вішні, кучаравіліся асветленыя месяцам яблыні. Пахла канюшынаю, кропам і палявымі кветкамі.

Максім любіў гэтую вечаровую прахалоду і цішыню. Ды раптам заспакоенасць парушыла чароўнае суладдзе гукаў. Ён пачуў песню. Адзін голас цягнуў мякка, вольна, другі быў высокім і звонкім.

Песні роднага краю, зямлі, дзе нарадзіўся і вырас... Любоў і пяшчота расчулілі Максімаву душу... (Паводле Я. Галубовіча).

Падкрэсліце граматычныя асновы ў выпісаных сказах. Як называюцца такія сказы?

Вызначце від выказніка ў выдзеленым сказе.

 

Правіла

Па адносінах дзеяння да аб’екта дзеясловы бываюць пераходныя і непераходныя.

Пераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, што накіравана непасрэдна на аб’ект, які мае форму вінавальнага склону без прыназоўніка: пісаць сачыненне, глядзець фільм.

Аб’ект дзеяння можа выражацца формай роднага склону, калі ён абазначае частку чаго-небудзь (купіць хлеба, выпіць малака) або калі пры дзеяслове ёсць адмоўе не (не заўважыў памылкі, не глядзеў спектакля).

Непераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое не накіравана непасрэдна на аб’ект у форме вінавальнага склону: ісці па вуліцы, гаварыць пра экзамен.

Адна і тая ж форма дзеяслова ў пэўным кантэксце можа ўжывацца ў значэнні пераходнага або непераходнага дзеяслова: вучні прачыталі правіла і вучні прачыталі; дзяўчынка малюе дом і дзяўчынка прыгожа малюе.

Практыкаванне 307-5

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Які твор нагадаў вам гэты тэкст? Вызначце лады дзеясловаў. Назавіце дзеяслоў, ужыты ў адным ладзе замест другога. Выпішыце асабовыя формы дзеясловаў, утварыце з імі трывальныя пары (калі магчыма). Вызначце пераходнасць / непераходнасць выдзеленых дзеясловаў.

Шумелі лістотай бярозы, шэра-зялёныя алешыны і вербы, цёмныя елкі і залацістыя сосны. З вышыні далятала вясёлае цвірканне вераб’ёў, здалёк пачуўся плач зязюлі.

Віктар сарваў кветку, паказаў спадарожнікам:

— Ці ведаеце, што гэта?

— Ані хот-дог, ані гамбургер, — вяла адрэагавала Юлька.

— Маеш рацыю, — бадзёра заявіў брат. — Гэта кольнік каласавідны. Сцябло ў яго падоўжанае, а суквецце сабрана ў колас. На жаль, неядомы!

Спусціўшыся ў нізіну, юныя падарожнікі пашлёпалі па лужынах сярод сакавітай травы. Леваруч ад іх пабліскваў з-за хмызняку рачны разліў. Віктар сарваў расліну з ружовым вузкім лісцем, сказаў:

— Бачыце? Гэта скрыпень. Нашы продкі ўжывалі яго замест чаю...

— Каб зварыць чай, трэба здабыць агонь, — заявіла Юлька.

— Па-навуковаму завецца «скрыпень вузкалісты», — працягваў яе брат. — Яго дадаюць у корм каровам, коням, авечкам.

Неўзабаве лес падрабнеў. Прадраўшыся праз шчыльнае кустоўе, юныя падарожнікі выйшлі на пясчаную граду, якая абрывалася ў балоце.

— Паварочваем, — загадаў Мірон і з зайздрасцю паглядзеў на бусла, які лунаў над разлівам.

Ён зрабіў крок, як раптам Віктар страшным голасам закрычаў:

— Мірон, спыніся!

Мірон адскочыў назад. Віктар паказваў на тонкую жоўтую расліну, якая пасярод пяску калыхалася пад ветрыкам.

— Я думаў, ты заўважыў кубло атрутных гадаў, — сказаў Мірон.

— Гэта залататысячнік, — распавёў Віктар. — Расліна з Чырвонай кнігі, рэдкі від. Нам варта было патрапіць сюды ўжо дзеля таго, каб пабачыць яго на ўласныя вочы. А ты яго ледзь не растаптаў!

— Прабач, — кісла вымавіў Мірон і скептычна пераглянуўся з Юлькай.

Вярнуўшыся назад у лес, вандроўнікі павярнулі ўлева і праз гадзіну выйшлі на паляну, парослую чаромхай, васількамі. Але Віктараву ўвагу прыцягнула трава з круглым лісцем.

— Заечая капуста! — закрычаў ён. — З яе можна боршч згатаваць. Яе можна дадаць у салат. Або і так з’есці!

Яго спадарожнікі са шчаслівым крыкам наляцелі на кіслы спажытак (Паводле Я. Конева).

Выпішыце з тэксту аднакаранёвыя словы, раскрыйце іх значэнні.

Растлумачце напісанне складаных слоў.

 Карыстаючыся даведачнай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра расліны, на якія звяртае ўвагу спадарожнікаў Віктар.

Практыкаванне 307-6

Прачытайце тэкст. Выпішыце зваротныя дзеясловы ў той форме, у якой яны ўжыты ў тэксце, вызначце (калі магчыма) іх асобу, лік, час.

Зубрэвічы. Хаджу па дзьмухаўцах. Любуюся дзьмухаўцамі.

Яны ўжо цвітуць. Яны – усюды. Прачнуўся, зірнуў у акно, а яны, вірлавокія, ужо глядзяць сваімі прагнымі да жыцця, поўнымі ўпэўненасці і сілы вачамі, радуючыся раніцы.

Азірнуўся, а яны, бачыце, пазахоплівалі не засеяныя пакуль агароды, лугі ды сенажаці і ператварылі іх у прыгожыя кветнікі – як усё роўна дзьмухаўцы нехта тут знарок панасеяў.

Кінуў вокам за рэчку, а на Зарэччы – таксама ўсё жоўта ад іх. Травы не відаць, а ўсё і ўсюды – дзьмухаўцы, дзьмухаўцы, дзьмухаўцы. Нібыта прамяні сонца густа ўпалі на лугі і агароды, на зямлю.

Якая прыгажосць! Глядзі – не наглядзецца, любуйся – не налюбавацца, цешся – не нацешыцца. Замілаванне! Вачэй не адвесці! (Паводле Я. Сіпакова).

Ці да ўсіх выпісаных зваротных дзеясловаў можна падабраць  незваротныя?

Вызначце спосаб утварэння выдзеленых дзеясловаў.

Якую сінтаксічную ролю ў сказе выконвае слова бачыце?

 Знайдзіце ў тэксце і выпішыце фразеалагізм, растлумачце яго значэнне.

 Зрабіце марфалагічны разбор трох дзеясловаў (умоўнага, загаднага і абвеснага ладу).

 Параўнайце ролю дзеясловаў у прапанаваных тэкстах параграфа, падрыхтуйце паведамленне «Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення».