§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 307-5

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Які твор нагадаў вам гэты тэкст? Вызначце лады дзеясловаў. Назавіце дзеяслоў, ужыты ў адным ладзе замест другога. Выпішыце асабовыя формы дзеясловаў, утварыце з імі трывальныя пары (калі магчыма). Вызначце пераходнасць / непераходнасць выдзеленых дзеясловаў.

Шумелі лістотай бярозы, шэра-зялёныя алешыны і вербы, цёмныя елкі і залацістыя сосны. З вышыні далятала вясёлае цвірканне вераб’ёў, здалёк пачуўся плач зязюлі.

Віктар сарваў кветку, паказаў спадарожнікам:

— Ці ведаеце, што гэта?

— Ані хот-дог, ані гамбургер, — вяла адрэагавала Юлька.

— Маеш рацыю, — бадзёра заявіў брат. — Гэта кольнік каласавідны. Сцябло ў яго падоўжанае, а суквецце сабрана ў колас. На жаль, неядомы!

Спусціўшыся ў нізіну, юныя падарожнікі пашлёпалі па лужынах сярод сакавітай травы. Леваруч ад іх пабліскваў з-за хмызняку рачны разліў. Віктар сарваў расліну з ружовым вузкім лісцем, сказаў:

— Бачыце? Гэта скрыпень. Нашы продкі ўжывалі яго замест чаю...

— Каб зварыць чай, трэба здабыць агонь, — заявіла Юлька.

— Па-навуковаму завецца «скрыпень вузкалісты», — працягваў яе брат. — Яго дадаюць у корм каровам, коням, авечкам.

Неўзабаве лес падрабнеў. Прадраўшыся праз шчыльнае кустоўе, юныя падарожнікі выйшлі на пясчаную граду, якая абрывалася ў балоце.

— Паварочваем, — загадаў Мірон і з зайздрасцю паглядзеў на бусла, які лунаў над разлівам.

Ён зрабіў крок, як раптам Віктар страшным голасам закрычаў:

— Мірон, спыніся!

Мірон адскочыў назад. Віктар паказваў на тонкую жоўтую расліну, якая пасярод пяску калыхалася пад ветрыкам.

— Я думаў, ты заўважыў кубло атрутных гадаў, — сказаў Мірон.

— Гэта залататысячнік, — распавёў Віктар. — Расліна з Чырвонай кнігі, рэдкі від. Нам варта было патрапіць сюды ўжо дзеля таго, каб пабачыць яго на ўласныя вочы. А ты яго ледзь не растаптаў!

— Прабач, — кісла вымавіў Мірон і скептычна пераглянуўся з Юлькай.

Вярнуўшыся назад у лес, вандроўнікі павярнулі ўлева і праз гадзіну выйшлі на паляну, парослую чаромхай, васількамі. Але Віктараву ўвагу прыцягнула трава з круглым лісцем.

— Заечая капуста! — закрычаў ён. — З яе можна боршч згатаваць. Яе можна дадаць у салат. Або і так з’есці!

Яго спадарожнікі са шчаслівым крыкам наляцелі на кіслы спажытак (Паводле Я. Конева).

Выпішыце з тэксту аднакаранёвыя словы, раскрыйце іх значэнні.

Растлумачце напісанне складаных слоў.

 Карыстаючыся даведачнай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра расліны, на якія звяртае ўвагу спадарожнікаў Віктар.