§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Правіла

Па адносінах дзеяння да аб’екта дзеясловы бываюць пераходныя і непераходныя.

Пераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, што накіравана непасрэдна на аб’ект, які мае форму вінавальнага склону без прыназоўніка: пісаць сачыненне, глядзець фільм.

Аб’ект дзеяння можа выражацца формай роднага склону, калі ён абазначае частку чаго-небудзь (купіць хлеба, выпіць малака) або калі пры дзеяслове ёсць адмоўе не (не заўважыў памылкі, не глядзеў спектакля).

Непераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое не накіравана непасрэдна на аб’ект у форме вінавальнага склону: ісці па вуліцы, гаварыць пра экзамен.

Адна і тая ж форма дзеяслова ў пэўным кантэксце можа ўжывацца ў значэнні пераходнага або непераходнага дзеяслова: вучні прачыталі правіла і вучні прачыталі; дзяўчынка малюе дом і дзяўчынка прыгожа малюе.