§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 307-4

Прачытайце тэкст. Пра каго расказваецца ў тэксце? Падбярыце загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай. Выпішыце сказы з безасабовымі дзеясловамі і дзеясловам, ужытым у форме безасабовага.

На дварэ неўпрыкмет вечарэла. А хутка і ў пакой упаўзла цемра.

Неба, нібы аўсом, было ўсыпана зоркамі. Свяціла вялікая, матава-белая поўня. Пас яе святла ляжаў на стале, белым ручніком спадаў на падлогу. І нідзе ні гуку. Адно недзе пад страхою спрасонку цілікнуў верабей, а ў хаце пад печчу адазваўся цвыркун.

Максіму не спалася. Ён борздзенька падняўся з канапы, падышоў да расчыненага акна і прысеў на лаўку.

Раскашавалі каля плота ў садку парэчкі і вішні, кучаравіліся асветленыя месяцам яблыні. Пахла канюшынаю, кропам і палявымі кветкамі.

Максім любіў гэтую вечаровую прахалоду і цішыню. Ды раптам заспакоенасць парушыла чароўнае суладдзе гукаў. Ён пачуў песню. Адзін голас цягнуў мякка, вольна, другі быў высокім і звонкім.

Песні роднага краю, зямлі, дзе нарадзіўся і вырас... Любоў і пяшчота расчулілі Максімаву душу... (Паводле Я. Галубовіча).

Падкрэсліце граматычныя асновы ў выпісаных сказах. Як называюцца такія сказы?

Вызначце від выказніка ў выдзеленым сказе.