§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Рубрыка "Паслухаем мовазнаўцаў"

Пры супадзенні лексічных значэнняў дзеясловы закончанага і незакончанага трыванняў утвараюць суадносныя пары, члены якіх адрозніваюцца толькі граматычна (параўн.: рабіць – зрабіць, ламаць – адламаць, гаварыць – сказаць і інш.). Фармальна завершанасць дзеяння фіксуецца дзеясловамі закончанага трывання прошлага часу (прачытаў, зрабіў, адламаў і інш.), тады як дзеясловы закончанага трывання будучага часу паказваюць, што дзеянне завершыцца пасля моманту гутаркі (параўн.: прачытаю, зраблю, адламаю і інш.).

Дзеясловы, якія не ўтвараюць суадносных пар у адносінах да выражэння мяжы дзеяння, называюцца аднатрывальнымі і могуць мець або толькі форму закончанага трывання (параўн.: расплакацца, набыць і інш.), або толькі форму незакончанага трывання (параўн.: ганарыцца, адсутнічаць і інш.).

Дзеясловы незакончанага трывання спалучаюцца з іншымі дзеясловамі тыпу скончыць, пачаць і да т. п., а дзеясловы закончанага трывання з падобнымі дзеясловамі не спалучаюцца. Дзеясловы, што не ўтвараюць суадносных трывальных пар, маюць асаблівасці ў сваёй лексічнай семантыцы, якая характарызуецца ўказаннем на пачынальнасць дзеяння (параўн.: закрычаць, пабегчы, узляцець і інш.), на абмежавальнасць дзеяння (параўн.: пагартаць, праспаць, перабегчы і інш.), аднакратнасць, ці інхаатыўнасць, дзеяння (параўн.: мігнуць, глынуць і інш.), выніковасць дзеяння (параўн.: абрынуць, выскачыць, злезці і інш.), мнагакратнасць, ці ітаратыўнасць, дзеяння (параўн.: папаездзіць, папанасіць і інш.), перарывістасць (параўн.: пакусваць, узмахваць і інш.), суправаджальнасць (параўн.: прыпяваць, падсвістваць і інш.), размеркавальнасць, ці дыстрыбутыўнасць (параўн.: панадпісваць, ператрэсці і інш.).

Б.А. Плотнікаў, Л.А. Антанюк

 Знайдзіце ў тэксце словы, якія з’яўляюцца сінонімамі да слоў аднакратнасць, мнагакратнасць, размеркавальнасць.