§ 31–1. Дзеяслоў: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Формы дзеяслова. Марфалагічны разбор дзеяслова. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля дзеяслова ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 307-2

Прачытайце тэкст. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай. Выпішыце спачатку ўсе дзеясловы, потым асобыя формы дзеяслова – дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі. Вызначце лад дзеясловаў, трыванне, у дзеясловаў абвеснага ладу — час.

Вясна абрынулася на зямлю раптоўна, гарачым сонцам за некалькі дзён растапіла зляжалы снег, ручаіны, як ашалелыя, несліся з пясчаных узгоркаў у прызамкавае возера, падалі між выдмаў у набрынялую Ушу. І рака, заціснутая вадою спадыспаду і зверху, не вытрымала, трэснула, уздыбіўшы грувасткія крыгі. За які тыдзень разводдзе ўтаймавалася, сплыло ў Нёман. А сонца паліла, ажыўляючы мурагі аксамітавай травою, аздабляючы надрэчча пухнатымі коцікамі вербалозаў. І калі б неба было літасцівым, паслала б на зямлю пару зацяжных залеў, уся гэтая пекнасць яшчэ больш бы ўвабралася ў сілу, забуяла б, закрасавала б лугамі і ўзлескамі кветак. Але дажджавыя хмары ці то засердавалі, ці то недзе заблудзілі, абмінаючы нясвіжскую зямлю. І тое, што так хораша рынулася ў рост, пачало памалу марнець, блякнуць, губляць сваю вабнасць і раскошу (Паводле А. Камароўскага).

Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.