Раман «Пошукі будучыні»

* Стылёвыя адметнасці творчасці і псіхалагізм у прозе Кузьмы Чорнага

Пісьменнік выступае ў «Пошуках будучыні» майстрам мастацкай дэталі. Напрыклад, у той момант, калі нарадзілася і закрычала ўнучка Ліза, на руку Нявады ўпала першая сняжынка як сімвал шчаслівай навіны. У творы паказана, што нават нязначная дэталь можа стаць зачэпкай, каб абудзіць у чалавека вір пачуццяў.

Важным элементам для раскрыцця псіхалогіі персанажаў з’яўляецца моўная характарыстыка. Варта адзначыць унутраныя маналогі герояў, часта экзальтаваныя, якія дапамагаюць раскрыць іх псіхалагічны стан. Напрыклад, Юрась Нявада часта разважае пра адабраную магчымасць гадаваць дачку. 

Кузьма Чорны вялікую ўвагу надаваў і партр этнай характарыстыцы герояў. Праз апісанне знешнасці ў пісьменніка атрымліваецца падкрэсліць індывідуальнасць. З дапамогай тонка расстаўленых акцэнтаў чытачу даецца падказка, што адбываецца ў душы героя. Вось якім чынам аўтар апісвае жонку Сымона Ракуцькі, калі яна знаходзіцца ў канцлагеры: «Рысы твару строгія і, можа, нават халодныя. 

Позірк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасці, што нічога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш». Часта з дапамогай партрэта адлюстроўваюцца душэўныя зрухі герояў. Такім чынам, у рамане Кузьмы Чорнага не проста створаны зрокавыя вобразы — кожны знешні штрых з’яўляецца элементам псіхалагічнай характарыстыкі. 

Істотную ролю ў мастацкім тэксце адыгрываюць пейзажныя і бытавыя замалёўкі. Кузьма Чорны пісаў: «Бярозавы гасцінец, што ішоў цераз Сумлічы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокі ў бок ад яго былі голыя палявыя прасторы з іржэўем і раллёй і жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы». У гэтым прыкладзе прырода ўплывае на стан, настрой чалавека, выклікае настальгію.

Сялянскае жыццё хоць і паказана цяжкім, але паэтызуецца ў рамане. Для Нявады каштоўнасці вясковага жыцця маюць перавагу над уладай і грашыма. Ён разважае: «Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам... дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка...: я колькі год жыта не сеяў».

Навукоўцы гавораць. «Кузьма Чорны — знаўца побыту, але не бытапісальнік: для апошняга ён мысліць залішне абстрактна. Ягоны талент быў арганічна шырокім; ён мысліў абшарамі, космасам нават у лакальных пейзажах, у элементарных фрагментах тэксту, не кажучы ўжо пра свядома дэклараваныя “светы” мастацкіх характараў і тым больш сюжэты ў цэлым» (Людміла Корань. «Цукровы пеўнік»).

Літаратуразнавец Міхась Тычына ў кнізе «Кузьма Чорны: эвалюцыя мастацкага мыслення» прасачыў, як змянялася мастацкае мысленне пісьменніка ў час працы над творамі, якія праўкі ўносіў Кузьма Чорны ў наступныя версіі сваіх мастацкіх тэкстаў. Цікавыя назіранні зроблены таксама і наконт рамана «Пошукі будучыні».

Так, спачатку ў апісанні спакутаваных бежанцаў увагу прыцягваў «стары раз’езджаны воз» Кастуся Лукашэвіча. Але гэта дэталь не ў поўнай меры адлюстроўвала стан героя, таму ў другім варыянце яна была заменена Кузьмой Чорным на «старую растрыбушаную фурманку». У наступным, трэцім, варыянце была пададзена ўжо «старая растрэсеная фурманка», што дае чытачу магчымасць адчуць нават сам працэс язды. Гэта сведчыць пра пільную ўвагу пісьменніка да дэталі, бо кожнае слова можа змяняць чытацкае ўспрыняцце: сказ «Тут пад’ехала фурманка, і фельчар пакінуў хату» празаік замяніў у канчатковым варыянце на «Тут пад’ехала фурманка, і хата апусцела».