Печатать книгуПечатать книгу

Раман «Пошукі будучыні»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: Раман «Пошукі будучыні»
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 15 Май 2024, 05:10

«Пошукі будучыні» — буйны эпічны твор часоў вайны

Гэта адзін з апошніх класічных раманаў Кузьмы Чорнага і ў той жа час першы раман пісьменніка, напісаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у якім яскрава праявіўся талент празаіка. У Кузьмы Чорнага атрымалася адлюстраваць беларускую гісторыю ў яе пераломныя моманты.

Раман «Пошукі будучыні» мае сацыяльна-філасофскі змест. З аднаго боку, у ім Кузьма Чорны падняў важныя сацыяльныя пытанні: войны, цыклічнасць гісторыі, неспрыяльныя ўмовы для жыцця беларусаў, пакуты і вымушанае ранняе сталенне дзяцей.

Пісьменніка хвалявала жыццё звычайнага беларуса, на долю якога выпала шмат выпрабаванняў. А з іншага боку, празаік-інтэлектуал здолеў выйсці на ўзровень філасофскага абагульнення адносна лёсу нашай краіны і яе жыхароў.

Цэнтральная праблема рамана — пошук героямі свайго шчасця. Нехта змагаецца за сваю будучыню сумленным шляхам (напрыклад, Нявада, Сымон Ракуцька), а іншыя дзеля сваіх мэт пераступаюць праз мараль і чалавечнасць (напрыклад, Паліводскі, Шрэдэры).

Асаблівасці сюжэтна-кампазіцыйнай будовы «Пошукаў будучыні»

Твор складаецца з дзвюх частак: «Украдзенае маленства» і «Вялікае скрыжаванне». Трэба падкрэсліць маштабнасць ахопу падзей у рамане, аперыраванне цэлымі эпохамі. Аўтар прасачыў лёс Беларусі і беларусаў на працягу надзвычай складаных дзесяцігоддзяў: Першая сусветная вайна, падзел Беларусі на Усходнюю і Заходнюю, Вялікая Айчынная вайна. Праз Сумлічы і падзеі, якія ў іх адбываюцца, пісьменнік абагульнена паказаў усю нашу краіну.

Навукоўцы гавораць. Паводле літаратуразнаўца Міхася Тычыны, назва вёскі Сумлічы ў рамане «Пошукі будучыні» паходзіць ад слова «сумленне». 

 
У рамане выяўлена пэўная цыклічнасць як гістарычных, так і асабістых падзей у лёсе пэўных герояў: немцы, у тым ліку і Густаў Шрэдэр, другі раз прыходзяць на нашу зямлю; Нявада глядзіць на ўнучку Лізу і думае, што і яна такая не па гадах сталая, як была яго дачка Волечка; дарослая Волечка зноў пакутуе ў хаце, у якой пакутавала ў маленстве. Гэта важны прыём пабудовы «Пошукаў будучыні». Нягледзячы на сюжэтную дынаміку, з дапамогай паўтораў у рамане выяўлена замкнёнае кола, у якім апынуліся беларусы. 

У творы сустракаюцца праспекцыі — «апярэджванні» ланцужковага ходу падзей, падказкі наконт будучага: «Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць. А каб хто ім сказаў, што другое пасля іх пакаленне (іх дзеці) ужо і маладосці мець не будуць, што іх маладосць з’есць чужы прышэлец?» І калі ў пачатку твора сам апавядальнік апярэджвае ход падзей і можа выпадкова прагаварыцца, што чакае чытача далей, то пазней такія прадчуванні ўжо ўкладаюцца ў думкі персанажаў. Напрыклад, прадбачанне новай вайны падаецца, калі Нявада сустракае на скрыжаванні невядомага чалавека: «Можа, ужо зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?»

Разам з тым такое апярэджванне хутчэй выключэнне, чым правіла. Наадварот, аўтар пераважна імкнуўся заінтрыгаваць чытача. Адзін з распаўсюджаных прыёмаў у тэкстах Кузьмы Чорнага — убачыць «нейкага чалавека» і далей паступова яго разглядаць і раскрываць. Пазней жа «нейкія» людзі абавязкова распазнаюцца як «свае» або «чужыя».

У «Пошуках будучыні» прысутнічаюць часавыя маркёры (паказчыкі, знакі), асабліва калі падзеі раскрываюцца ў гістарычным зрэзе: «Іх думкі не пакідалі іх аж да сямнаццатага верасня трыццаць дзявятага года», «Канчаўся ўжо трэці тыдзень вайны, калі Лізавета падышла да бацькавай хаты». Гэта дае магчымасць зарыентаваць чытача ў часе.

Кузьма Чорны выявіў сябе як майстар ствараць дэтэктыўную інтрыгу. Напрыклад, у «Пошуках будучыні» Нявада заўважае на падораным немцам Волечцы гадзінніку надпіс «Граф Паліводскі». Падобны надпіс «Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню» ўбачыў Нявада на дзвярах карчмы. Тады ж, дзякуючы карчмару, чытач даведваецца пра гісторыю Паліводскага.  

Сюжэт «Пошукаў будучыні» разгалінаваны. Лёсы прадстаўнікоў розных сюжэтных ліній, розных сем’яў і пакаленняў у пэўныя моманты перасякаюцца: напрыклад, Сымон Ракуцька вызваліць з нямецкага канцлагера не толькі сваю жонку, але і дачку Волечкі ды Кастуся Лукашэвіча — Лізу. У мастацкім тэксце ёсць і вобразы-сімвалы, якія пэўным чынам звязваюць персанажаў. Напрыклад, золата, праз адносіны да якога ў многім раскрываецца ўнутраны свет герояў. 

Асаблівасць кампазіцыі выяўляецца і ў тым, што часта ў творы вялікая колькасць інфармацыі абрушваецца на чытача праз персанажа, які распавядае ўстаўную міні-гісторыю. Напрыклад, пра Густава-старэйшага спачатку мы даведваемся са слоў фельчара: «Ага, — зразумеў нарэшце фельчар, — ты рад, ты шчаслівы, што ачуняў і ўжо здаровы?» Ён спадзяецца, што немец хоча чым-небудзь аддзякаваць добрым людзям і малой Волечцы. 

А калі фельчар другі раз распавядае пра Шрэдэра хворай дзяўчынцы і Кастусю, яго рэпліка займае каля трох старонак. Таксама са слоў Волечкі даведваемся пра ўсё, што адбывалася ў апошні час у Сумлічах, і гэта вельмі аб’ёмны аповед.

Такая ж разгорнутая рэпліка Гертруды, калі яна расказвае, як Густаў добраахвотна пайшоў першы раз на вайну, пра дарма аддадзенае золата, праклёны Шрэдэра-старэйшага, змаганне яго сына Фрыдрыха за ўвесь свет для Германіі.

Збыткоўнасць інфармацыі ў рэпліках персанажаў суседнічае ў рамане з эпізодамі навелістычнага характару, напрыклад, з гісторыяй кахання Кастуся Лукашэвіча і Волечкі Нявадавай.

У рамане выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы і спосабы стварэння тэксту, напрацаваныя Чорным у папярэдніх літаратурных творах.

Навукоўцы гавораць. Алесь Адамовіч заўважыў, што ў кожным сваім наступным мастацкім тэксце Кузьма Чорны развіваў тэмы і прыёмы, выкарыстаныя ў папярэдніх: «Кожны твор яго — прыступка да наступнага. Нават больш: здаецца, што ўсё жыццё чалавек ішоў да галоўнага свайго твора і ўсё, што напісана ім, — толькі “матэрыял” да яго».



Драматычны лёс ахвяр Першай і Другой сусветных войнаў

Падчас Першай сусветнай вайны наша краіна стала памежнай зонай, на якой дзве імперыі змагаліся за свае інтарэсы. У гэты час больш за два (некаторыя даследчыкі лічаць, што амаль тры) мільёны чалавек уцяклі на Усход як бежанцы. Само існаванне беларусаў як асобнай нацыі ставілася пад сумненне краінамі-захопнікамі і тутэйшымі здраднікамі. У творы мы бачым гэта на прыкладзе вобразаў графа Паліводскага, Люцыяна Акаловіча, Шрэдэраў.

Калі Кузьма Чорны пісаў «Пошукі будучыні», ішла Вялікая Айчынная вайна і трэба было падтрымліваць баявы дух людзей. Галоўнай у культурнай сітуацыі 1940-х гадоў зрабілася еднасць. Пісьменнік падкрэсліваў людскую аб’яднанасць часам, прасторай, супольна перажытымі падзеямі. Кузьма Чорны, як і іншыя творцы гэтага перыяду, услаўляў і гераізм, але гэта не перашкодзіла яму выявіць нацыянальнае і агульнафіласофскае ў рамане.

Аўтарская канцэпцыя будучыні беларускага народа

Нягледзячы на апраўданыя ваенным часам ідэалагічныя мэты, у творы на першым месцы — выяўленне беларускай нацыі як асобнай, каларытнай і моцнай, са сваёй  уласнай гісторыяй.

У пэўных фрагментах твора прасочваецца прыпавесційная інтанацыя. Адным з найбольш яскравых вобразаў-сімвалаў у рамане стала таполя, якая расце на Вялікім скрыжаванні і каля якой адбываюцца важныя падзеі: «…узвышаецца вялікае дрэва, усёй вышынёй зялёнае і ўпартае ў бесперапынным змаганні з навакольным светам за сваё патомства». Гэта старое дрэва давала шмат насення, з якога вырасталі маладыя дрэўцы. Яны знішчаліся касой, плугамі, іх тапталі і ламалі. Перасаджаныя Нявадам дубчыкі ў хуткім часе былі стаптаныя нейчымі ботамі.

Але таполя насуперак усяму давала новае насенне. Так і беларусы выжывалі, нягледзячы на прыгнёт, пакуты, здзек. Паводле твора, краіна ўяўляе сабой скрыжаванне дарог, што вядуць на Усход і на Захад.

* Няздзейсненыя мары старэйшага пакалення. Тэма «скрадзенага дзяцінства» ў рамане

У творы закранаецца праблема будучыні, што выяўлена ў назве. Людзі шукаюць шчасце для сябе і сваіх дзяцей. Аднак як ні жадалі ў рамане бацькі шчаслівага лёсу для нашчадкаў, а ўсё роўна іх дзецям даводзілася трываць здзек і пакуты. Нявада, Сымон Ракуцька марылі пра тое, што ў іх дзяцей будзе добры лёс, але ўсё склалася па-іншаму.

У першай частцы рамана «Украдзенае маленства» вялікая ўвага аддадзена лёсу малых, у якіх вялікі злодзей (сімвал зла) адабраў дзяцінства. Нявада з цяжкасцю пазнаў сваю дачку Волечку, вярнуўшыся з вайны. Пазней ён да апошняга будзе імкнуцца ўратаваць ад новай навалы ўнучку Лізу.

Падлеткі Волечка і Кастусь увасабляюць найлепшыя чалавечыя якасці. І менавіта гэтыя героі «Пошукаў будучыні» — прадстаўнікі таго ж пакалення, да якога належаў сам Кузьма Чорны, на долю якога выпалі дзве вайны і распалавіньванне краіны. Ідэя рускага класіка Фёдара Дастаеўскага, што ніякая найвышэйшая гармонія не варта слязы на шчацэ дзіцяці, блізкая і нашаму таленавітаму празаіку.

Чорны стварыў у рамане вобразы сталых дзяцей: з аднаго боку, гэта яшчэ не дарослыя людзі, а з другога — не па гадах сур’ёзныя, вымушаныя праз знешнія абставіны стаць дарослымі. У аповедзе яскрава выяўляюцца адносіны да маленькіх герояў — напрыклад, шкадаванне да Волечкі: «Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты». Гора праследуе беларусаў пакаленне за пакаленнем. Цяжкія выпрабаванні давядзецца перажыць і Лізе — дачцэ Кастуся і Волечкі.

Сымон Ракуцька — персанаж, у якога забралі шчасце, магчымасць гадаваць дзяцей разам з жонкай. «Нехта злы і бязлітасны» скраў у Ракуцькі дзяцінства Тамаша ды Лізы, маладосць жонкі, бо «праз сям’ю» прайшла мяжа паміж Заходняй і Савецкай Беларуссю. Боль героя настолькі моцны, што ён спачатку нават не можа прызнацца дачцэ, якая ўжо вырасла «пад Польшчай», што з’яўляецца яе бацькам.

Навукоўцы гавораць. Алесь Адамовіч пісаў пра Кузьму Чорнага: «У цішыні Чорны шукае буры — вось яго ключ да нацыянальнага характару беларуса»; «У пісьменніка “парог болю” павінен быць самы нізкі, калі гэта датычыцца чужых пакут, чалавечага гора. Інакш пісьменніка проста няма. Тым больш значнага».

Выкрыццё ідэалогіі фашызму ў рамане «Пошукі будучыні»

Пісьменнік стварыў вобраз-сімвал вялікага злодзея — гэта абагульненае ўвасабленне войнаў, фашызму, сусветнага зла, якое забірае ў людзей шчасце. Аўтару на той час служкамі вялікага злодзея бачыліся Шрэдэры-старэйшыя і Шрэдэр-малодшы. Паэтыка рамана часам набывае рысы міфапаэтыкі. Так, немцы паказаны ў творы спрошчана, вельмі адназначна: як тыя, хто па сваёй волі прыходзіць ваяваць з мэтай разбагацець.

У дачыненні ж да станоўчых герояў аўтар выкарыстаў гіпербалізацыю. Так, Ліза Ракуцька непраўдападобна перакусіла шыю немцу ў танку, а таксама кінула гранату ў другога ворага.

У рамане побач з асноўнай лініяй аповеду часта змешчаны эмацыянальна-публіцыстычныя ўстаўкі: «Горкая практыка паказала, што ваяўнічае геройства народа нараджаецца і выпрацоўваецца не ад замілаванасці да рэк крыві на полі вайны, а ад неабходнасці сцерці з твару зямлі такую погань, якая ў нашы дні ў вобразе Гітлера заявіла, што нармальны стан мужчыны — вечна быць у вайне».

У «Пошуках будучыні» асуджаюцца авантурысцкія планы графа Паліводскага і Густава Шрэдэра — новых прэтэндэнтаў на панаванне ва ўмовах акупацыі. З дапамогай прыёму рэтраспекцыі (вяртання назад у часе аповеду) падкрэсліваецца, што Паліводскі і раней прыносіў няшчасце людзям. Варта ўзгадаць яго няўдзячнасць у дачыненні да Сымона Ракуцькі, які выратаваў графа ад смерці. У часы Вялікай Айчыннай вайны Паліводскі падтрымлівае немцаў і становіцца кіраўніком воласці.

У рамане з самага пачатку не ствараецца ілюзія, што Густаў Шрэдэр — станоўчы герой. Аднак калі Густаў трапіў у дом Волечкі падчас Першай сусветнай вайны, на нейкі момант складваецца ўражанне, што персанаж змяняецца, у яго прачынаецца сумленне. Шрэдэр-старэйшы аддаў скрадзеныя рэчы малой выратавальніцы з думкай, што «ўсё золата, якое толькі ёсць на свеце, — нікчэмная драбяза і непатрэбшчына перад самім жыццём». Пасля сцэны душэўнага парывання Густава фельчар адразу ж канстатуе, што аддадзены Волечцы скарб — гэта рэчы, знятыя немцам з мёртвых або параненых афіцэраў. Такім чынам, мы даведваемся, што Шрэдэр-старэйшы фактычна быў марадзёрам.

Фельчар дае яскравую характарыстыку ворагу і пасля прачытання яго ліста да родных, калі прыехаў лячыць хворую Волечку: «Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так ірвануўся душой? От бо нямецкая душа!» І сапраўды, «прасвятленне», якое адбываецца з крывадушным персанажам, аказваецца несапраўдным: ён усе гады да вяртання ў нашу краіну будзе шкадаваць, што аддзячыў дзецям золатам за выратаванне жыцця. У творы акцэнтуецца ўвага на тым, што, калі з’явілася вучэнне фюрэра аб заваёве Германіяй свету, Густаў Шрэдэр адразу знайшоў у ідэалогіі фашызму адлюстраванне ўласных думак.

У «Пошуках будучыні» з самага пачатку чытаем словы Кастуся, яшчэ хлопчыка, выгнанніка з-пад Вільні: «Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалілі па нашай вёсцы і нас у свет выгналі, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы і з дому выехаў, і маці памерла на тым тыдні, пры дарозе пахована, і сястра памерла». Але тады ён яшчэ знаходзіць у сабе сілы на міласэрнасць. 

Ключавы момант у творы — змена погляду Кастуся Лукашэвіча, што ўжо ні пры якіх умовах больш не шкадуе ворага. Пісьменнік адлюстраваў у рамане важную думку: нельга дараваць ворагам, яны не змяняюцца. Калі адзін раз чалавек пераступае мяжу чалавечнасці — яму даецца шанс на выпраўленне, калі двойчы — гэта ўжо сістэма.

Адмоўным персанажам у «Пошуках будучыні» выступае Люцыян Акаловіч, з вуснаў якога ў творы гучыць асобная гісторыя. Гісторыя яго жыцця і жыцця яго сям’і; яго бацькі, які марыў пра Польшчу ад мора да мора, смяяўся са слова «Беларусь» і ненавідзеў усё, што не з’яўлялася польскім. Распавядае персанаж і пра Паліводскага, што вербаваў людзей (у тым ліку і Люцыяна) служыць Германіі і, такім чынам, Польшчы. Акаловіч у пэўны момант радуецца таму, што немцы ідуць наперад. Але аказваецца, што маці Акаловіча спалілі, бацьку павесілі, а сам персанаж, як вораг, сутыкнуўся з Нявадам і быў пабіты на скрыжаванні дарог: «За плячыма ў мяне ганьба, а перад вачыма пустэча». У словы персанажа ўкладзены думкі, якія аўтар аспрэчвае праз асуджэнне Акаловіча іншымі, станоўчымі, героямі.

Раман прасякнуты антываенным пафасам. У «Пошуках будучыні » выразна адлюстравана думка, што вайна — гэта зло. Ад яе пакутуюць і дарослыя, і дзеці. Пісьменнік выявіў супярэчнасці ваеннага часу, калі паказаў розныя падыходы да барацьбы за будучыню Нявады і Кастуся Лукашэвіча. Кастусь вырашае змагацца з дапамогай сілы, а Нявада гатовы ісці на пэўныя кампрамісы, каб ратаваць унучку, бо да апошняга верыць у чалавека: «Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым». Гэта пазіцыя вельмі блізкая самому аўтару, творы якога маюць выразнае гуманістычнае гучанне.

* Стылёвыя адметнасці творчасці і псіхалагізм у прозе Кузьмы Чорнага

Пісьменнік выступае ў «Пошуках будучыні» майстрам мастацкай дэталі. Напрыклад, у той момант, калі нарадзілася і закрычала ўнучка Ліза, на руку Нявады ўпала першая сняжынка як сімвал шчаслівай навіны. У творы паказана, што нават нязначная дэталь можа стаць зачэпкай, каб абудзіць у чалавека вір пачуццяў.

Важным элементам для раскрыцця псіхалогіі персанажаў з’яўляецца моўная характарыстыка. Варта адзначыць унутраныя маналогі герояў, часта экзальтаваныя, якія дапамагаюць раскрыць іх псіхалагічны стан. Напрыклад, Юрась Нявада часта разважае пра адабраную магчымасць гадаваць дачку. 

Кузьма Чорны вялікую ўвагу надаваў і партр этнай характарыстыцы герояў. Праз апісанне знешнасці ў пісьменніка атрымліваецца падкрэсліць індывідуальнасць. З дапамогай тонка расстаўленых акцэнтаў чытачу даецца падказка, што адбываецца ў душы героя. Вось якім чынам аўтар апісвае жонку Сымона Ракуцькі, калі яна знаходзіцца ў канцлагеры: «Рысы твару строгія і, можа, нават халодныя. 

Позірк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасці, што нічога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш». Часта з дапамогай партрэта адлюстроўваюцца душэўныя зрухі герояў. Такім чынам, у рамане Кузьмы Чорнага не проста створаны зрокавыя вобразы — кожны знешні штрых з’яўляецца элементам псіхалагічнай характарыстыкі. 

Істотную ролю ў мастацкім тэксце адыгрываюць пейзажныя і бытавыя замалёўкі. Кузьма Чорны пісаў: «Бярозавы гасцінец, што ішоў цераз Сумлічы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокі ў бок ад яго былі голыя палявыя прасторы з іржэўем і раллёй і жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы». У гэтым прыкладзе прырода ўплывае на стан, настрой чалавека, выклікае настальгію.

Сялянскае жыццё хоць і паказана цяжкім, але паэтызуецца ў рамане. Для Нявады каштоўнасці вясковага жыцця маюць перавагу над уладай і грашыма. Ён разважае: «Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам... дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка...: я колькі год жыта не сеяў».

Навукоўцы гавораць. «Кузьма Чорны — знаўца побыту, але не бытапісальнік: для апошняга ён мысліць залішне абстрактна. Ягоны талент быў арганічна шырокім; ён мысліў абшарамі, космасам нават у лакальных пейзажах, у элементарных фрагментах тэксту, не кажучы ўжо пра свядома дэклараваныя “светы” мастацкіх характараў і тым больш сюжэты ў цэлым» (Людміла Корань. «Цукровы пеўнік»).

Літаратуразнавец Міхась Тычына ў кнізе «Кузьма Чорны: эвалюцыя мастацкага мыслення» прасачыў, як змянялася мастацкае мысленне пісьменніка ў час працы над творамі, якія праўкі ўносіў Кузьма Чорны ў наступныя версіі сваіх мастацкіх тэкстаў. Цікавыя назіранні зроблены таксама і наконт рамана «Пошукі будучыні».

Так, спачатку ў апісанні спакутаваных бежанцаў увагу прыцягваў «стары раз’езджаны воз» Кастуся Лукашэвіча. Але гэта дэталь не ў поўнай меры адлюстроўвала стан героя, таму ў другім варыянце яна была заменена Кузьмой Чорным на «старую растрыбушаную фурманку». У наступным, трэцім, варыянце была пададзена ўжо «старая растрэсеная фурманка», што дае чытачу магчымасць адчуць нават сам працэс язды. Гэта сведчыць пра пільную ўвагу пісьменніка да дэталі, бо кожнае слова можа змяняць чытацкае ўспрыняцце: сказ «Тут пад’ехала фурманка, і фельчар пакінуў хату» празаік замяніў у канчатковым варыянце на «Тут пад’ехала фурманка, і хата апусцела».

Пытанні

1. Чым творчасць Кузьмы Чорнага вылучаецца з агульнай літаратурнай плыні?
2. Лёсы якіх пакаленняў выяўлены ў творы?
Што адрознівае і што аб’ядноўвае прадстаўнікоў гэтых пакаленняў?
3. Як вы разумееце сэнс назвы рамана?
4. Вызначце ідэю «Пошукаў будучыні».
Прасачыце, якім чынам яна развіваецца ў мастацкім тэксце.
5. Даведайцеся ў сваіх бацькоў, бабуль, дзядуль, якую будучыню яны жадалі сваім дзецям.
Ці спраўдзіліся іх надзеі? Напішыце невялікае эсэ на тэму «Глядзець у будучыню».
6. Узгадайце верш Максіма Танка «Шчасце».
Каму з персанажаў рамана Кузьмы Чорнага найбольш адпавядае канцэпцыя шчасця, выказаная ў вершы?
7. Якія гістарычныя падзеі адабралі дзяцінства ў Волечкі і Кастуся, Тамаша і Лізы?
8. Што зблізіла Волечку і Кастуся?
Як і з дапамогай якіх прыёмаў, мастацкіх сродкаў Кузьма Чорны апісвае іх пачуцці і адносіны?
9. Уявіце, што Сымон Ракуцька і яго сваякі вялі б сямейны летапіс.
Якія падзеі там былі б адлюстраваны? Які перыяд гісторыі ён ахапіў бы?
10. Падумайце, як мог бы скласціся далей лёс Лізы Лукашэвіч.
11. Што, на вашу думку, сімвалізуе таполя на Вялікім скрыжаванні?
Успомніце іншыя сімвалічныя вобразы дрэў у беларускай лірыцы і прозе.
12. Дайце характарыстыку вобразу Нявады (знешні воблік, характар, учынкі, мова героя, адносіны аўтара і іншых дзейных асоб).
13. Намалюйце кластар «Героі рамана “Пошукі будучыні”», пракаментуйце адлюстраваныя сувязі паміж персанажамі.
Каго вы лічыце галоўным героем, каго — другаснымі? Чаму?
14. Якой Кузьма Чорны паказвае Другую сусветную вайну ў рамане «Пошукі будучыні»?
Праілюструйце адказ цытатамі з твора.
15. Параўнайце вобразы Нявады і Густава Шрэдэра.
Каштоўнасці якога героя падзяляе аўтар?
З якой мэтай ён уводзіць героя-антыпода?
16. Якую ролю ў творы мае партрэтная характарыстыка персанажаў? 
17. Знайдзіце апісанне жонкі Сымона ў той час, калі яна знаходзілася ў канцлагеры, разгледзьце фотаздымак «Жаночы канцлагер Равенсбрук».
Наколькі псіхалагічна дакладна аўтар апісаў палонную, яе стан?
Якія мастацкія сродкі дапамаглі пісьменніку ў гэтым?
18. Якія вобразы-сімвалы вы можаце назваць у рамане?
Што яны сімвалізуюць?
*19. Адшукайце ў тэксце мастацкія дэталі.
На што яны ўказваюць?
Растлумачце, што змянілася па сэнсе пры замене слоў у сказе «Тут пад’ехала фурманка, і фельчар пакінуў хату» на словы «Тут пад’ехала фурманка, і хата апусцела».
20. Чаму Кузьму Чорнага называюць пісьменнікам-псіхолагам?
21. Разгледзьце дызайн вокладкі рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні».
Якія колеры пераважаюць у ёй?
Якія выявы, эмоцыі?
Наколькі ваша ўражанне ад рамана супадае з ілюстрацыяй мастака?
Апішыце ілюстрацыю, якая супадала б з вашымі адчуваннямі.
22. Уявіце сябе блогерам.
Прапануйце пост пра раман «Пошукі будучыні», каб зацікавіць падпісчыкаў.
23. Стварыце буктрэйлер да кнігі «Пошукі будучыні».