Раман «Пошукі будучыні»

Выкрыццё ідэалогіі фашызму ў рамане «Пошукі будучыні»

Пісьменнік стварыў вобраз-сімвал вялікага злодзея — гэта абагульненае ўвасабленне войнаў, фашызму, сусветнага зла, якое забірае ў людзей шчасце. Аўтару на той час служкамі вялікага злодзея бачыліся Шрэдэры-старэйшыя і Шрэдэр-малодшы. Паэтыка рамана часам набывае рысы міфапаэтыкі. Так, немцы паказаны ў творы спрошчана, вельмі адназначна: як тыя, хто па сваёй волі прыходзіць ваяваць з мэтай разбагацець.

У дачыненні ж да станоўчых герояў аўтар выкарыстаў гіпербалізацыю. Так, Ліза Ракуцька непраўдападобна перакусіла шыю немцу ў танку, а таксама кінула гранату ў другога ворага.

У рамане побач з асноўнай лініяй аповеду часта змешчаны эмацыянальна-публіцыстычныя ўстаўкі: «Горкая практыка паказала, што ваяўнічае геройства народа нараджаецца і выпрацоўваецца не ад замілаванасці да рэк крыві на полі вайны, а ад неабходнасці сцерці з твару зямлі такую погань, якая ў нашы дні ў вобразе Гітлера заявіла, што нармальны стан мужчыны — вечна быць у вайне».

У «Пошуках будучыні» асуджаюцца авантурысцкія планы графа Паліводскага і Густава Шрэдэра — новых прэтэндэнтаў на панаванне ва ўмовах акупацыі. З дапамогай прыёму рэтраспекцыі (вяртання назад у часе аповеду) падкрэсліваецца, што Паліводскі і раней прыносіў няшчасце людзям. Варта ўзгадаць яго няўдзячнасць у дачыненні да Сымона Ракуцькі, які выратаваў графа ад смерці. У часы Вялікай Айчыннай вайны Паліводскі падтрымлівае немцаў і становіцца кіраўніком воласці.

У рамане з самага пачатку не ствараецца ілюзія, што Густаў Шрэдэр — станоўчы герой. Аднак калі Густаў трапіў у дом Волечкі падчас Першай сусветнай вайны, на нейкі момант складваецца ўражанне, што персанаж змяняецца, у яго прачынаецца сумленне. Шрэдэр-старэйшы аддаў скрадзеныя рэчы малой выратавальніцы з думкай, што «ўсё золата, якое толькі ёсць на свеце, — нікчэмная драбяза і непатрэбшчына перад самім жыццём». Пасля сцэны душэўнага парывання Густава фельчар адразу ж канстатуе, што аддадзены Волечцы скарб — гэта рэчы, знятыя немцам з мёртвых або параненых афіцэраў. Такім чынам, мы даведваемся, што Шрэдэр-старэйшы фактычна быў марадзёрам.

Фельчар дае яскравую характарыстыку ворагу і пасля прачытання яго ліста да родных, калі прыехаў лячыць хворую Волечку: «Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так ірвануўся душой? От бо нямецкая душа!» І сапраўды, «прасвятленне», якое адбываецца з крывадушным персанажам, аказваецца несапраўдным: ён усе гады да вяртання ў нашу краіну будзе шкадаваць, што аддзячыў дзецям золатам за выратаванне жыцця. У творы акцэнтуецца ўвага на тым, што, калі з’явілася вучэнне фюрэра аб заваёве Германіяй свету, Густаў Шрэдэр адразу знайшоў у ідэалогіі фашызму адлюстраванне ўласных думак.

У «Пошуках будучыні» з самага пачатку чытаем словы Кастуся, яшчэ хлопчыка, выгнанніка з-пад Вільні: «Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалілі па нашай вёсцы і нас у свет выгналі, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы і з дому выехаў, і маці памерла на тым тыдні, пры дарозе пахована, і сястра памерла». Але тады ён яшчэ знаходзіць у сабе сілы на міласэрнасць. 

Ключавы момант у творы — змена погляду Кастуся Лукашэвіча, што ўжо ні пры якіх умовах больш не шкадуе ворага. Пісьменнік адлюстраваў у рамане важную думку: нельга дараваць ворагам, яны не змяняюцца. Калі адзін раз чалавек пераступае мяжу чалавечнасці — яму даецца шанс на выпраўленне, калі двойчы — гэта ўжо сістэма.

Адмоўным персанажам у «Пошуках будучыні» выступае Люцыян Акаловіч, з вуснаў якога ў творы гучыць асобная гісторыя. Гісторыя яго жыцця і жыцця яго сям’і; яго бацькі, які марыў пра Польшчу ад мора да мора, смяяўся са слова «Беларусь» і ненавідзеў усё, што не з’яўлялася польскім. Распавядае персанаж і пра Паліводскага, што вербаваў людзей (у тым ліку і Люцыяна) служыць Германіі і, такім чынам, Польшчы. Акаловіч у пэўны момант радуецца таму, што немцы ідуць наперад. Але аказваецца, што маці Акаловіча спалілі, бацьку павесілі, а сам персанаж, як вораг, сутыкнуўся з Нявадам і быў пабіты на скрыжаванні дарог: «За плячыма ў мяне ганьба, а перад вачыма пустэча». У словы персанажа ўкладзены думкі, якія аўтар аспрэчвае праз асуджэнне Акаловіча іншымі, станоўчымі, героямі.

Раман прасякнуты антываенным пафасам. У «Пошуках будучыні » выразна адлюстравана думка, што вайна — гэта зло. Ад яе пакутуюць і дарослыя, і дзеці. Пісьменнік выявіў супярэчнасці ваеннага часу, калі паказаў розныя падыходы да барацьбы за будучыню Нявады і Кастуся Лукашэвіча. Кастусь вырашае змагацца з дапамогай сілы, а Нявада гатовы ісці на пэўныя кампрамісы, каб ратаваць унучку, бо да апошняга верыць у чалавека: «Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым». Гэта пазіцыя вельмі блізкая самому аўтару, творы якога маюць выразнае гуманістычнае гучанне.