§ 30. Будаўнічыя чарцяжы. Паслядоўнасць чытання будаўнічых чарцяжоў

Асаблівасці будаўнічых чарцяжоў

На чарцяжы плана паказваюць тое, што атрымліваецца ў сякучай плоскасці і што размешчана ніжэй за ёй (рыс. 104). Пры неабходнасці асобныя ўчасткі плана адлюстроўваюць у больш буйным маштабе на чарцяжах элементаў плана. Па плане можна вызначыць памеры і форму будынка, памеры і ўзаемнае размяшчэнне памяшканняў, аконных і дзвярных праёмаў, калон, сцен, перагародак і іншых частак.
Пабудову плана пачынаюць з правядзення разбівачных восей — ліній, якія праходзяць уздоўж знешніх і ўнутраных капітальных сцен.

Вертыкальныя восі на плане абазначаюць арабскімі лічбамі, узятымі ў акружнасці, гарызантальныя — вялікімі літарамі таксама ў акружнасці. 

Сячэнні сцен, выкананыя з матэрыялу, які з’яўляецца для дома асноўным, не штрыхуюць. Асобныя ўчасткі з іншага матэрыялу штрыхуюць. Для кожнага памяшкання ў плане адзначаюць плошчу (у м2). Плошчу паказваюць лічбай без абазначэння адзінкі вымярэння і падкрэсліваюць лініяй.

 Звярніце ўвагу, што на будаўнічых чарцяжах размерныя лініі абмежаваны не стрэлкамі, а кароткімі рыскамі памерам 2—4 мм пад вуглом 45° да гэтых ліній. Памеры наносяць замкнутым ланцугом. Дапускаецца паўтор памераў.

Вызначыце плошчы жылых памяшканняў на плане будынка (рыс. 104). Вылічыце агульную плошчу памяшкання першага паверха.

На фасадах паказваюць размяшчэнне вокнаў і дзвярэй, а таксама архітэктурныя дэталі будынка. На фасадах не наносяць памеры, за выключэннем вышынных адзнак.
Вышыннай адзнакай называюцць лік, які паказвае вышыню гарызантальнай пляцоўкі над нулявой плоскасцю (рыс. 105). За нулявую адзнаку звычайна прымаюць узровень падлогі першага паверха. Адзнакі наносяць у метрах, лікі запісваюць на полцы.

.

Гэты лік паказвае, наколькі вышэй або ніжэй (са знакам мінус) за нулявую адзнаку знаходзіцца адзначаны ўзровень. Нулявую метку запісваюць лікам 0,000.

Вызначыце па рысунку 105 вышыню падмурка, вышыню першага паверха.

Разрэзы выконваюць для таго, каб паказаць унутраны выгляд (інтэр’ер) памяшканняў, іх вышыню і выявіць канструкцыі (рыс. 106). У разрэзах паказваюць элементы, якія атрымліваюцца ў сякучай плоскасці, і тыя, што бачныя за ёй. Элемент, які трапляе ў сякучую плоскасць (контуры сцен і перакрыццяў паміж этапамі), паказваюць суцэльнай тоўстай асноўнай лініяй, а элемент, змешчаны за гэтай плоскасцю,  — тонкай лініяй. Сякучыя плоскасці, як правіла, праходзяць па аконных і дзвярных праёмах. У разрэзах наносяць памеры паміж восямі.

Вызначыце па рысунку 106 вышыню жылога памяшкання дома.

Да кожнага будаўнічага чарцяжа складаецца эксплікацыя — тлумачэнне да архітэктурнага праекта, эскіза, чарцяжа ці асобнай яго часткі ў выглядзе пераліку з указаннем некаторых колькасных, якасных, тэхнічных характарыстак памяшкання (напрыклад, пералік памяшканняў, будаўнічых матэрыялаў і інш.).
Паслядоўнасць чытання будаўнічых чарцяжоў
1. Вызначыце назвы будынка, адлюстраванага на чарцяжы.
2. Вызначыце віды відарысаў (фасады, планы, разрэзы).
3. Разгледзьце надпісы і відарысы на чарцяжы.
4. Разгледзьце ўзаемнае размяшчэнне і канструкцыю ўсіх частак будынка.
5. Вызначыце плошчу і вышыню памяшканняў, агульныя памеры будынка.
6. Высветліце размяшчэнне дзвярэй, вокнаў, санітарна-тэхнічнага і іншага абсталявання ў памяшканнях.