§ 28. Прызначэнне і асаблівасці чарцяжоў агульнага выгляду і зборачнага чарцяжа вырабу

Спецыфікацыя і нумары пазіцый

Спецыфікацыя — гэта тэкставы дакумент, які вызначае склад зборачнай адзінкі. Спецыфікацыя выконваецца на чарцёжнай паперы фармату А4. У спрошчаным выглядзе (выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах) спецыфікацыя складаецца з наступных раздзелаў: «Дакументацыя», «Дэталі», «Стандартныя вырабы».
У спецыфікацыю заносяць нумары пазіцый дэталей вырабу.
У спецыфікацыі запісваюць у графе «Паз.» (пазіцыі) парадкавыя нумары (пазіцыі) дэталей вырабу. У графе «Кол.» (колькасць) паказваюць колькасць кожнага вырабу, які ўваходзіць у зборачную адзінку. У графе «Заўвага» паказваюць дадатковыя звесткі пра выданне, запісаныя ў спецыфікацыю.

Прааналізуйце змест спецыфікацыі на рыс. 97. Вызначыце, з якіх дэталей складаецца выраб, якая іх колькасць, якія стандартныя вырабы ўваходзяць у зборачны чарцёж.

На зборачных чарцяжах наносяць толькі габарытныя, далучальныя і ўстановачныя памеры ў адпаведнасці з патрабаваннямі стандарту. Габарытныя памеры вызначаюць адлегласць паміж пунктамі абрысу вырабу па трох каардынатных напрамках. Далучальныя і ўстановачныя памеры вызначаюць каардынаты і памеры элементаў ці састаўных частак вырабу, з дапамогай якіх да дадзенага вырабу далучаюць іншыя вырабы, што працуюць з ім у комплексе.
Спрашчэнні на чарцяжах агульнага выгляду і зборачных чарцяжах
1. Выгляды, размешчаныя ў праекцыйнай сувязі, не абазначаюць і не падпісваюць.
2. Штрыхоўка адной дэталі (або аднолькавых дэталей) на ўсіх яе відарысах выконваецца з нахілам 45° у адзін бок з аднолькавай адлегласцю паміж лініямі. Штрыхоўка сячэнняў сумежных дэталей выконваецца з нахілам у розныя бакі ці з рознай частатой.
3. Дадатковыя і мясцовыя выгляды пазначаюць стрэлкай з літарай.
4. На сіметрычных відарысах злучаюць палову выгляду з паловай разрэзу (ці іх часткі).
5. На чарцяжах не паказваюцца фаскі, скругленні, паглыбленні, выступы і іншыя дробныя элементы, зазоры паміж стрыжнем і адтулінай.