§ 20. Тэхнічны рысунак

Выяўленне аб’ёму прадмета на тэхнічным рысунку дэталі

Для надання тэхнічнаму рысунку большай нагляднасці, аб’ёмнасці і рэльефнасці на яго наносяць святлацень рознымі спосабамі. Найбольш распаўсюджанымі спосабамі перадачы святлаценю з’яўляюцца штрыхоўка, шрафіроўка, адцяненне пунктамі. 

Святлацень — гэта размеркаванне святла на паверхнях прадмета. Спрыяе ўспрыманню аб’ёмнай формы прадмета.

У тэхнічным рысаванні ўмоўна прынята лічыць, што крыніца святла знаходзіцца зверху злева і ззаду ад таго, хто рысуе. Такім чынам, святло заўсёды будзе злева, а цень справа, незалежна ад таго, як рысуецца прадмет — з натуры ці па чарцяжы. Аб’ёмнасць рысунка прадмета дасягаецца шляхам градацыі (пераходу) святла і ценю: найбольш асветленыя паверхні адцяняюцца святлей, чым паверхні, аддаленыя далей ад святла.

Успомніце з курса выяўленчага мастацтва, з якіх элементаў складаецца святлацень. Для чаго служаць гэтыя элементы?

Разгледзім некаторыя метады размеркавання святла на паверхнях.

Штрыхоўка. Гэта найбольш распаўсюджаны спосаб адцянення відарыса суцэльнымі паралельнымі лініямі рознай таўшчыні. Спосаб выканання штрыхоўкі мае свае асаблівасці.
1. Вертыкальныя плоскасці прадмета штрыхуюць вертыкальнымі прамымі; гарызантальныя — прамымі, паралельнымі аксонаметрычным восям x і y; нахіленыя — прамымі, паралельнымі лініі схілу плоскасці.
2. У ценявой частцы штрыхавыя лініі наносяць таўсцей (гусцей) і адлегласць паміж імі меншая; на светлавой частцы штрыхі — танчэйшыя (святлейшыя) і радзейшыя.
3. Гарызантальныя паверхні адцяняюцца святлей у параўнанні з вертыкальнымі.
4. На цыліндрычнай паверхні штрыхоўку наносяць у выглядзе ўтваральных рознай таўшчыні наступным чынам: пачынаюць штрыхоўку з самай цёмнай часткі прадмета, паступова пераходзячы да больш светлых. Месца для бліку не заштрыхоўваюць.

Як вы лічыце, чаму пры выкананні штрыхоўкі важна падтрымліваць форму паверхні прадмета?

Тэхнічным рысункам людзі карысталіся даўно і ў самых розных яго выглядах. Інжынеры-канструктары часцей за ўсё выкарыстоўвалі рэалістычныя рысункі (перспектыўныя). Іх прыкладамі могуць служыць шмат якія рысункі Леанарда да Вінчы. Гэты чалавек валодаў таксама вялікім інжынерным розумам, які яго сучаснікі ацаніць, на жаль, не маглі. Большасць вынаходстваў да Вінчы немагчыма было ўвасобіць у жыццё з дапамогай інструментаў XV—XVI стст. Усе тэхнічныя ідэі генія засталіся толькі на паперы — у рысунках, чарцяжах і падрабязных апісаннях. Толькі праз пяць стагоддзяў энтузіясты, прачытаўшы рукапісы, паспрабавалі ўвасобіць ідэі вучонага ў жыццё, сканструяваўшы механізмы па яго чарцяжах і тэхнічных рысунках. Толькі ўявіце сабе, усе гэтыя машыны спраўна працавалі!

Шрафіроўка. Гэта штрыхоўка ў выглядзе сеткі, або двайной штрыхоўкі. Шрафіроўку наносяць на шматгранніках і паверхнях вярчэння аналагічна штрыхоўцы, улічваючы форму прадмета. Адцяненне шрафіроўкай асноў геаметрычных цел выконваюць нахіленымі штрыхамі, паралельнымі восям x і y.

Адцяненне пунктамі. Пры пунктавым спосабе святлацень наносяць пунктамі. На цёмныя часткі прадмета пункты наносяць бліжэй адзін да аднаго, з павелічэннем асветленасці паверхні адлегласці паміж імі павялічваюць. Адцяненне трэба наносіць так, каб пункты не зліваліся. Адцяненне пунктамі выконваюць пяром, напоўненым тушшу ці фарбай.