§ 20. Тэхнічны рысунак

Правілы выканання тэхнічнага рысунка.

Тэхнічны рысунак можна выконваць з натуры (з рэальнага прадмета), па чарцяжы, прадстаўленым адным ці некалькімі выглядамі, па апісанні. У любым выпадку пры выкананні тэхнічных рысункаў выконваюцца тыя ж правілы, што і ў час пабудовы аксонаметрычных праекцый.
1. Спачатку выбіраецца від аксонаметрычнай праекцыі, на аснове якой будзе выконвацца тэхнічны рысунак. Выбар віду залежыць ад формы прадмета, які адлюстроўваецца. Калі дэталь складаецца пераважна з акружнасцей, паралельных гарызантальнай плоскасці праекцый, то мэтазгодна ўжыць прамавугольную ізаметрыю. Калі дадзена дэталь, у якой у цэнтры квадратная форма, то пры адлюстраванні яе ў прамавугальнай ізаметрыі яна не дае нагляднага ўяўлення. У гэтым выпадку дэталь трэба адлюстраваць у прамавугольнай дыметрыі.
2. Праводзяцца аксонаметрычныя восі.
3. Адлюстроўваецца плоская фігура, якая ляжыць у аснове прадмета.
4. Дабудоўваецца плоская фігура да геаметрычнага цела.
5. Удакладняюцца канструкцыя і геаметрычная форма прадмета.
6. Выбіраецца спосаб адцянення, выконваецца дарысоўка і абвядзенне адлюстраванага прадмета.

Тэхнічныя рысункі зручна выконваць на паперы ў клетку. Гэта палягчае рысаванне ліній. Пабудова аксонаметрычных восей па клетках была паказана ў § 17.

Параўнайце рысункі а і б. На якім відарысе лепш паказана форма прадмета? Вызначыце від  аксонаметрычнай праекцыі.

Уменне выконваць тэхнічныя рысункі плоскіх фігур дае магчымасць у далейшым рысаваць аб’ёмныя прадметы. Разгледзім пабудову тэхнічных рысункаў плоскіх фігур квадрата і акружнасці як найбольш часта сустракаемых у практыцы.

Пабудова тэхнічнага рысунка квадрата
1. Рысуюць дзве ўзаемна перпендыкулярныя восі. Пункт іх перасячэння  — пункт О.
2. Ад пункта О на восях адкладаюць адрэзкі О1, О2, О3 і О4, роўныя палове стараны квадрата L.
Праз атрыманыя пункты праводзяць прамыя, паралельныя восям.

 

Пабудова квадрата ў прамавугольнай ізаметрыі (рысунак квадрата ўмоўна прымаюць за ромб).
1. Рысуюць ізаметрычныя восі і адкладаюць ад пункта О адрэзкі О1, О2, О3 і О4, роўныя палове стараны квадрата L.
2. Праз пункты 2 і 4 праводзяць прамыя, паралельныя восі х, праз пункты 1 і 3 — паралельныя восі y.

Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, выканайце пабудову ў прамавугольнай ізаметрыі і франтальнай дыметрыі трохвугольніка, пяцівугольніка.

Пабудова тэхнічнага рысунка акружнасцей
Рысунак акружнасці пачынаецца з пабудовы квадрата, у які яна ўпісваецца. Гэта дазваляе хутчэй атрымаць больш правільны відарыс акружнасці. У ізаметрычнай праекцыі акружнасць адлюстроўваюць у выглядзе эліпса, старана квадрата (ромба) роўна дыяметру акружнасці. Існуюць два спосабы.

Спосаб I. Пабудова па клетках
1. На восевых лініях ад цэнтра О на адлегласці, роўнай радыусу акружнасці, наносяць 4 штрыхі. Паміж штрыхамі наносяць яшчэ чатыры штрыхі.
2. Штрыхі злучаюць і праводзяць акружнасць.

 

Спосаб II. Геаметрычная пабудова
1. Будуюць квадрат. Затым будуюць прамежкавыя пункты акружнасці: падзяляюць адрэзкі В2 і Е2 папалам, атрымліваюць адпаведна
пункты Е і F.
2. Далей падзяляюць адрэзак В1 на дзве роўныя часткі пунктам Q і злучаюць прамой пункт Q з пунктам F. Прамая QF перасячэ дыяганаль BD у пункце 5. Пункт 5 будзе аддалены ад цэнтра квадрата на адлегласць радыуса акружнасці. Аналагічна будуюць пункты 6, 7, 8. Затым пункты 1—8 злучаюць для атрымання акружнасці.

 

Разгледзьце рысунак. Апішыце паслядоўнасць адлюстравання акружнасці ў ізаметрычнай праекцыі.

Тэхнічны рысунак геаметрычнага цела ці дэталі неабходна адлюстроўваць ізалявана ад навакольнага асяроддзя (напрыклад, падстаўку, на якой стаіць прадмет, не паказваюць).

На аснове паслядоўнасці пабудовы квадрата і акружнасці выконваюць тэхнічныя рысункі геаметрычных цел і прадметаў.

Пабудова тэхнічнага рысунка куба
1. Аснова куба — квадрат са стараной, роўнай l. Праводзяць лініі старон квадрата велічынёй l паралельна пабудаваным восям.
2. З вяршынь асновы аднаўляюць перпендыкуляры і на іх адкладаюць адрэзкі, прыкладна роўныя вышыні шматгранніка h (для куба яна роўна h = l). Злучаюць вяршыні.

Выкарыстоўваючы інфармацыю пра пабудову куба ў ізаметрыі, пабудуйце ў ізаметрычнай праекцыі чатырохвугольную прызму.