ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Псіхалагізм у мастацкім творы

Псіхалагізм у мастацкім творы

Псіхалагізм у мастацкім творы

«Мастацкую літаратуру справядліва называюць чалавеказнаўствам, бо пісьменнікі сапраўды часта заглядваюць у душу чалавека, імкнуцца зразумець, што адбываецца з ім, яго ўнутраным светам, чым выкліканы яго душэўныя хваляванні, асабліва калі парушаецца стары лад, асновы, нормы і традыцыі. У мастацкіх творах, як правіла, дэталёва апісваюцца сітуацыі, у якіх раскрываюцца мастацкія характары», — слушна заўважае даследчыца Валянціна Ткачук.

Стварэнне цэласнага характару ў мастацкім творы ідзе двума шляхамі.

Па-першае, гэта адбываецца праз канструяванне ўнутранага свету асобы героя, так званую «плынь свядомасці» — асацыяцыі, матывы ўчынкаў, перажыванні, успаміны, уяўленні, што ў тэксце праяўляецца праз няўласна-простую мову.

Па-другое, псіхалагічны партрэт вымалёўваецца праз вонкавае прадстаўленне персанажа — дэталей знешнасці, асаблівасцей паводзін, выказванняў, слоўнага партрэта, узаемадзеянняў з людзьмі і абставінамі.

Напрыклад, вобраз Шумавай з апавядання «Дзіўная» псіхалагічна вывераны. Нягледзячы на пэўную абагульненасць і схематызм, у ім заключаны моцныя перажыванні, глыбока схаваныя эмоцыі. Ярка прадстаўлены і партрэт.

Вялікімі майстрамі псіхалагізму можна з поўным правам назваць Кузьму Чорнага і Івана Мележа. У творах Кузьмы Чорнага псіхалагізм, з аднаго боку, праяўляецца ў раскрыцці характару герояў, а з другога — тэксты ўключаюць чытача ў дзеянне, далучаюць да псіхалагічнай атмасферы твора, уздзейнічаюць на яго ўнутраны стан. У раманах Івана Мележа псіхалагізм іншага тыпу: пісьменнік валодае талентам з дапамогай трапнага слова, глыбокага роздуму, пейзажнай замалёўкі звяртацца да чалавечай душы і вылечваць яе.

Псіхалагізм — мастацка-вобразнае адлюстраванне і выяўленне ў мастацкім творы ўнутранага жыцця асобы, што абумоўлена каштоўнасцямі аўтара, яго ўяўленнямі аб асобе і задумай, канцэпцыяй твора (Паводле Зоі Мельнікавай)..