Камедыя «Хто смяецца апошнім»

Раскрыццё характараў у творы

П’еса выканана ў адпаведнасці з законамі сцэнічнага мастацтва. Крапіва плённа выкарыстоўваў камічныя сітуацыі для выяўлення характараў сваіх герояў, напрыклад, Гарлахвацкага і Зіначкі, калі іх застаюць разам у кабінеце дырэктара; сведчанне Нічыпара на дваровага сабаку Цюліка, што нібыта знайшоў костку «свінячага маманта».

Выключна трапна намаляваны персанажы: Зёлкін «ходзіць на мяккіх лапах ды прыслухоўваецца», Туляга вечна азіраецца. Вобразы раскрываюцца і праз прыём паступовай дэталізацыі: з кожным паваротам сюжэта мы больш даведваемся пра Гарлахвацкага і яго мінулае («А было ж раней — Гарлахвацкаму банкеты, Гарлахвацкаму авацыі, Гарлахвацкі мог любога ў бараноў рог скруціць»), а нахабны нораў прайдзісвета раскрываецца мацней («...каб Туляга і нават сам Чарнавус былі тут у мяне на паслугах... на іх спінах у вялікія вучоныя ўехаць. Хрыбеціны ў іх моцныя, галовы разумныя, — няхай стараюцца, калі хочуць на свеце жыць...»).

У п’есе падзеі разгортваюцца дынамічна. Гэтаму спрыяе і лаканічнасць рэплік, і адпаведнасць тэксту законам вуснага маўлення.

Багатая таксама мова, якая характарызуе персанажаў. Беларускі каларыт усесаюзна вядомаму твору надае мова дворніка Нічыпара і цёці Каці, якая іскрыцца выслоўямі («Новы поп, дык новае і маленне», «А таму раскоша тут, як шчупаку ў сажалцы»), іранічнымі заўвагамі («Баіцца, каб на цвёрдым мазалёў не панаседжваць») — у адрозненне ад штампаванай канцылярскай мовы таго ж Гарлахвацкага, багатай на русізмы («друг», «папа», «харошы», «дагаварыліся», «безабразіе», «пусцяковіна»), лозунгавасць («сацыяльнае зло», «сцяг навукі можам моцна трымаць», «каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову», «чыстка патрэбна») і пры гэтым няшчыра расквечанай памяншальна-ласкальнымі формамі («дзяўчуркі», «даражэнькі»).