Камедыя «Хто смяецца апошнім»

Аўтарская пазіцыя

У драматычных жанрах не прадугледжаны аўтарскі тэкст, як гэта адбываецца ў прозе або паэзіі, бо гавораць толькі персанажы. Аўтар жа прысутнічае апасродкавана.

Так, у драматычным творы аўтарская пазіцыя выяўляецца праз:

  1. назву твора;
  2. размяшчэнне і суадносіны частак твора;
  3. рэмаркі;
  4. дзейных асоб, сітуацыі, у якія аўтар ставіць сваіх герояў;
  5. мову персанажаў, дэталізацыю і іншыя выяўленчыя сродкі.

Назва твора ўтрымлівае частку вядомай прыказкі «Добра смяецца той, хто смяецца апошнім», якая бытуе ў фальклоры многіх народаў свету. Яна азначае, што не трэба заўчасна святкаваць перамогу — варта пачакаць канчатковых вынікаў. Так што назва твора — гэта перасцярога такім, як Гарлахвацкі.

Размяшчэнне і суадносіны частак твора. Акты п’есы пастаўлены аўтарам у такой паслядоўнасці, каб гледачу (чытачу) быў добра зразумелы асноўны сюжэт і парадак падзей: ад першай сустрэчы з галоўнымі героямі да развязкі. Пры гэтым з рэплік герояў мы даведваемся пра тое, што адбылося да моманту дзеяння. Гэта і «подзвігі»
Гарлахвацкага на мінулым месцы працы, і гісторыя яго прызначэння дырэктарам інстытута, і паводзіны Анны Паўлаўны, і дэталі, якія выдаюць Тулягу.

Рэмаркі. Праз кароткія рэмаркі можна прасачыць не толькі ход дзеяння, але і ўбачыць, як камедыёграф характарызуе персанажаў. Пра маладую і гарэзлівую Веру Крапіва піша: «В е р а (стаўшы ў позу, гаворыць урачыста-дураслівым тонам). Прывітанне галоўнаму далакопу, ахавальніку скарбаў старой бабулі-зямлі!» Няўпэўненасць Тулягі падкрэслівае такім чынам: «Т у л я г а (адважыўся). Дзіўнае здарэнне, ведаеце... Іду гэта я па вуліцы, раптам абганяе мяне нейкі чалавек. Абганяе і... (Не адважваецца сказаць.)» Аўтарскія ацэнкі відаць і ў апісанні паводзін Зёлкіна: то ён «нячутна ўваходзіць» і «аглядае калідор», то, «наморшчыўшы лоб, стараецца прыпомніць (адрас Чарнавуса. — Аўт.), потым дастае з кішэні блакнот і паспешна гартае».

Разгледзім канфлікт паміж групамі дзейных асоб і тыя сітуацыі, у якія аўтар ставіць сваіх герояў. Да першай групы можна аднесці тых, хто выражае пазіцыю аўтара (Веру, Чарнавуса, Левановіча), да другой — карыкатурна абмаляваных герояў (дырэктара інстытута, Анну Паўлаўну, яго навушніка Зёлкіна і сакратарку Зіначку).

Вобразы савецкіх вучоных абмаляваны даволі традыцыйна — яны бяссрэбранікі, шчырыя людзі, сціплыя, адданыя працаўнікі на ніве навукі.

Чарнавус — прафесар інстытута геалогіі, выдатны спецыяліст у сваёй галіне. Ён аўтар рукапісу, які стаў вынікам плённай шматгадовай працы. Нягледзячы на высокі аўтарытэт сярод беларускіх і маскоўскіх калег, ён вельмі просты і непрыдзірлівы чалавек, які клапоціцца пра тых, хто побач. За гэта прафесара паважаюць і супрацоўнікі, і тэхнічны персанал. Вучоны мае ўласнае меркаванне, ва ўсім даходзіць да сутнасці, таму Гарлахвацкаму цяжка яго падпарадкаваць. Драматург ставіць Чарнавуса ў складаную сітуацыю абгавору, паклёпу з боку Гарлахвацкага і Зёлкіна. Герой выходзіць з гэтага выпрабавання з дапамогай сваіх паплечнікаў.

Вера — памочніца Чарнавуса. Яна маладога веку, але ўжо навуковы супрацоўнік. Відавочна, у яе добрыя перспектывы ў геалогіі. Яе прага справядлівасці, прынцыповасць, энергічны характар ураўнаважваюць спакойную разважлівасць Чарнавуса. Дзяўчына горача падтрымлівае свайго настаўніка, непакоіцца пра яго кнігу, звяртаецца па дапамогу ў парткам. Веру аўтар паставіў у сітуацыю чалавека, які вымушана назірае за несправядлівасцю ў дачыненні да абылганых калег, перад якім стаіць выбар — змаўчаць або дзейнічаць.

Партыйны лідар Левановіч, як гэтага патрабаваў час напісання п’есы, увасабляе лепшыя чалавечыя якасці: ён дасведчаны, разумны, уважлівы, сумленны. Менавіта Левановіч удала разбіраецца ў сітуацыі, што склалася ў інстытуце, і ў фінале саркастычна выкрывае шкодніцкую дзейнасць Гарлахвацкага. Яго пазіцыя ў творы самая моцная: ён мае і аўтарытэт, і ўладу нешта змяніць.

Твор належыць да напрамку сацыялістычнага рэалізму, і аўтар натуральна ўводзіць у дзеянне «людзей з народа». Камедыя была задумана пра добра вядомае Крапіве навуковае асяроддзе, дзе героі не рабочыя і не сяляне, але ён увёў вобразы дворніка Нічыпара і прыбіральшчыцы цёці Каці, якія надзелены такой мудрасцю, кемлівасцю, дасціпнасцю, што па выразнасці часам выглядаюць ярчэй за прафесуру. Яны пастаўлены аўтарам у пазіцыю знешніх аб’ектыўных назіральнікаў за падзеямі, якія ацэньваюць іншых персанажаў з пункту гледжання народнай маралі.

Гарлахвацкі, Зёлкін, Зіначка, Анна Паўлаўна. Гэта група персанажаў утварае сабою другі лагер — апанентаў аўтара, тых, чые жыццёвыя прынцыпы выкрывае драматург.

Самы яркі персанаж, вядома, Гарлахвацкі.Кандрат Крапіва сабраў у яго вобразе адмоўныя якасці — і невуцтва, і кар’ерызм, і напышлівасць, і подласць, і ліслівасць, і хітрасць, і драпежніцтва, і тупасць, і нявернасць. Першымі распазнаю´ць яго сутнасць дасціпныя і назіральныя цёця Каця і Нічыпар, прычым па самых драбніцах — манеры абстаўляць кабінет, непарадку на стале, ганарыстым выглядзе. Крапіва на працягу камедыі паступова змяняе, здавалася б, абсалютна выйгрышную для дырэктара сітуацыю на ганебную. У гэтым сэнсе Гарлахвацкі падобны да герояў баек Крапівы «Ганарысты Парсюк», «Дыпламаваны Баран».

Стасункі з Зёлкіным таксама дакладна характарызуюць дырэктара інстытута. Толькі няшчыры чалавек будзе трымаць каля сябе такога навушніка і падхаліма, плеткара і паклёпніка. Зёлкін добра інфармаваны не толькі пра калег, але і пра стасункі начальніка з балбатлівай прыгажунькай Зіначкай і, не грэбуючы, карыстаецца абставінамі сабе на карысць.

Адзіны клопат Анны Паўлаўны — жонкі Гарлахвацкага — матэрыяльны прыбытак. Яе стаўленне да мужа таксама ўласніцкае: яна сочыць за ім, шукае нагоды пасварыцца, дбае пра свае інтарэсы. У гэтай пары абодва вартыя адно аднаго. У Анны Паўлаўны пазіцыя дваістая: яна быццам бы ахвяра мужавай нявернасці, але паводле ходу дзеяння бачна, што ёй важней выгоды, якія дае пасада мужа, чым шчырасць яго пачуццяў.

Асобна стаіць вобраз Тулягі. На фоне падзей разгараецца ўнутраны, душэўны канфлікт Тулягі, які, нягледзячы на пагрозу «выкрыцця » яго як палкоўніка Падгаецкага, усё ж прымае рашэнне высмеяць некампетэнтнага кіраўніка.

Вобраз Тулягі вельмі жывы, чалавечны, хоць і абмаляваны з гумарам. Гэты вобраз, бадай, самы складаны ў п’есе. З аднаго боку, Туляга прадстаўляе групу станоўчых персанажаў, бо ён, дасведчаны вучоны, шчыры чалавек, спрыяе выкрыццю прайдзісвета Гарлахвацкага. З другога — ён няўпэўнены, мае няцвёрды характар, паддаецца ўсеагульнаму страху, пагаджаецца на падман. Герой «туляецца» ад аднаго лагера да другога, шукаючы паратунку. Пры гэтым Кандрат Крапіва выступае на баку Тулягі, спачувае яму, дае чытачам магчымасць зразумець яго базабароннасць, небяспечную пазіцыю «ворага народа» пад цяжарам выдуманых абвінавачванняў Гарлахвацкага.

Гаваркое прозвішча
мастацкі прыём, пры якім прозвішча персанажа перадае галоўную рысу яго характару, маральныя якасці або асаблівасці знешнасці.

Безыменны чалавек у форме НКУС, сам таго не жадаючы, наганяе страху на ўсіх супрацоўнікаў — і яго прысутнасць стварае атмасферу ўсеагульнай падазронасці, бяспраўя.

Завяршаючы агляд дзейных асоб, адзначым, што ў Кандрата Крапівы як майстра камедыі прадуманы падбор імёнаў: яны вельмі інфарматыўныя, бо празрыста намякаюць гледачу на характар персанажа. Можна сказаць, што прозвішчы герояў гаваркія.