§ 26-1. Стылістычныя магчымасці словаўтварэння. Аднакаранёвыя словы як сродак тэматычнага адзінства тэксту

Практыкаванне № 236-3

Прачытайце тэкст. Назавіце словы, што выступаюць у якасці сродкаў сувязі сказаў у тэксце.

Даўно заўважана, што многія шапачкавыя грыбы сустракаюцца пад пэўнымі пародамі дрэў або паблізу ад іх. Так, напрыклад, падбярозавік часта расце паблізу бяроз, падасінавік — побач з асінамі, масляк — у сасняках, рыжык — каля елак. Гэта адбываецца таму, што грыбніца шапачкавага грыба зрастаецца з каранямі пэўных дрэў. Сувязь грыбоў з дрэвамі прыносіць карысць грыбу і дрэву. Грыбніца, якая зраслася з каранямі дрэва, забяспечвае яго вадой і мінеральнымі рэчывамі. Грыб у сваю чаргу атрымлівае ад дрэва арганічныя рэчывы, якія выкарыстоўвае для свайго росту і развіцця. Такую карысную для двух арганізмаў узаемасувязь называюць сімбіёзам (ад грэч. symbiosis — сужыццё). Цесная ўзаемасувязь грыбоў з каранямі раслін называецца мікарызай, або грыбакоранем (Паводле дапаможніка «Сусвет»).

Вызначце спосаб утварэння выдзеленых слоў.
Вызначце ролю аднакаранёвых слоў у тэксце.
Разгледзьце фотаздымак. Да назвы адлюстраваных на ім грыбоў падбярыце роднасныя словы.