Печатать книгуПечатать книгу

§ 26-1. Стылістычныя магчымасці словаўтварэння. Аднакаранёвыя словы як сродак тэматычнага адзінства тэксту

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 26-1. Стылістычныя магчымасці словаўтварэння. Аднакаранёвыя словы як сродак тэматычнага адзінства тэксту
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 27 Апрель 2024, 14:33

Практыкаванне № 236-1

Вызначце, якім стылям маўлення ўласцівы наступныя словаўтваральныя сродкі.

1. Суфіксы назоўнікаў -аж-, -ат-, -ізм- (-ызм-), -ік- (-ык-), -асць- і інш.: арбітраж*, халіфат*, дэмакратызм, сімволіка, напружанасць;

2. Прыстаўкі звыш-, неда-, анты-, архі-, дэ-, дыс-, супраць- і інш.: звышпрыбытак, недаацэнка, антыцыклон, архімільянер, дэмантаж, дыскваліфікацыя, супрацьдзейнічаць;

3. Суфіксы назоўнікаў -ач-, -ок-, -ун-, -ух- (-юх-), -ак- (-як-) і інш.: барадач, яздок, ласун, фарсуха, выхваляка;

4. Суфіксы ацэнкі -ізн-, -ізарн-, -энн-, -еньк-, -ютк-, -ават- і інш.: вялізны, велізарны, страшэнна, маленькі, бялюткі, таўставаты, малавата;

5. Прыстаўка за-: завялікі, зацёмны, зацесна, замала.

6. Прыстаўкі дзеясловаў папа-, уз- (ус-): папамерзнуць, уз’есціся.

Практыкаванне № 236-2

Прачытайце тэкст. Знайдзіце словы з суфіксамі ацэнкі. З якой мэтай аўтар выкарыстоўвае іх у тэксце? Для якога стылю маўлення характэрна ўжыванне такіх афіксаў? Якое значэнне яны надаюць словам?

Дзіва-птушачка

Выйшлі мы на падворак. Прыглядаемся. А наш дзед са шлангам у руцэ стаіць пад самай вялікай яблыняй і струмень вады накіроўвае на самую сярэдзіну галін. Цікава нам стала. Падыходзім да дзеда як найбліжэй.

— Глядзіце, глядзіце, — ледзь не зашаптаў ён і вачыма клікаў нас сачыць за струменьчыкам вады, які ён накіроўваў у самую гушчэчу галінак яблыні.

Мы ўсе ўжо адначасна заўважылі ў срэбных крышталіках на галінцы варухлівую маленькую-маленькую птушку-камячок. Яна гойсала на адным месцы, імгненна паварочвалася з боку на бок, падстаўляючы пад пырскі вады ўсю сябе. Крыльцы яе трапяталі, галоўка хісталася, ножкі ажно танцавалі. Ва ўсім гэтым была такая радасная задаволенасць, такая пекната ад купання, што дзіва-птушачка нікога з нас не заўважала. І вось, добра намачыўшы свой пуховы ўбор, птушачка гайсанула прама дзеду на галаву і, жвава крутануўшыся, борздзенька паляцела ў суседні з вёскаю лес.

А дзед глядзіць на нас і так радасна ўсміхаецца (П. Кавалёў).

Выпішыце з тэксту ў асобныя групы па тры словы са словаўтваральнымі і формаўтваральнымі марфемамі, абазначце іх.

Практыкаванне № 236-3

Прачытайце тэкст. Назавіце словы, што выступаюць у якасці сродкаў сувязі сказаў у тэксце.

Даўно заўважана, што многія шапачкавыя грыбы сустракаюцца пад пэўнымі пародамі дрэў або паблізу ад іх. Так, напрыклад, падбярозавік часта расце паблізу бяроз, падасінавік — побач з асінамі, масляк — у сасняках, рыжык — каля елак. Гэта адбываецца таму, што грыбніца шапачкавага грыба зрастаецца з каранямі пэўных дрэў. Сувязь грыбоў з дрэвамі прыносіць карысць грыбу і дрэву. Грыбніца, якая зраслася з каранямі дрэва, забяспечвае яго вадой і мінеральнымі рэчывамі. Грыб у сваю чаргу атрымлівае ад дрэва арганічныя рэчывы, якія выкарыстоўвае для свайго росту і развіцця. Такую карысную для двух арганізмаў узаемасувязь называюць сімбіёзам (ад грэч. symbiosis — сужыццё). Цесная ўзаемасувязь грыбоў з каранямі раслін называецца мікарызай, або грыбакоранем (Паводле дапаможніка «Сусвет»).

Вызначце спосаб утварэння выдзеленых слоў.
Вызначце ролю аднакаранёвых слоў у тэксце.
Разгледзьце фотаздымак. Да назвы адлюстраваных на ім грыбоў падбярыце роднасныя словы.

Практыкаванне № 236-4

Спішыце тэкст, устаўляючы прапушчаныя літары.

Лядоўня

Лядоўня як бы бабуля сучасных х..ладзільнікаў.

Лядоўня — гэта пограб з кавалкамі лёд.. ці валунамі зл..жалага снег.., дзе захоўваўся харч, што асабліва баяўся ц..плыні. Свежая рыба, і св..жаніна, і малако, і масла...

Зімой, калі лёд пераставаў расці, выс..калі ці рэзалі крыгі, бралі ў абхапы сумёты ды перавозілі ў гэтыя н..звычайныя хацінкі.

Звычайна дах, што вытыркаўся з зямлі, як кап..люшык грыба, багата засыпаўся пілавін..ем,  і ўвесь гэты покрыў уціскаўся зямлёю, дз..рнам.

Слова лядоўня мае чыста беларускую форму. Утворана на ўзор слоў  вазоўня, саладоўня.

Калі ў хаце зімой холадна, кажуць: як у лядоўн.. .

Лядоўня — трывалая схоўня (Паводле Р. Барадуліна).

Растлумачце значэнні слоў вазоўня, саладоўня.
Чаму аўтар сцвярджае, што «слова лядоўня мае чыста беларускую форму»? Прывядзіце прыклады назваў збудаванняў, утвораных па такой самай мадэлі.
Вызначце спосабы ўтварэння слоў свежаніна, абхапы, пілавінне, покрыў, дзярноўе.
Падкрэсліце ў тэксце адной лініяй словы з нулявым канчаткам, дзвюма лініямі — словы, якія не маюць канчаткаў.
Выпішыце з тэксту словы (па два прыклады), марфемная будова якіх адпавядае наступным схемам: 

 
Пазнаёмцеся з вынікамі этнаграфічных назіранняў Э. Дубянецкага, апісанымі ў кнізе «Таямніцы народнай душы». Выкарыстоўваючы фальклорныя крыніцы, дакажыце або абвергніце сцвярджэнне даследчыка пра выкарыстанне беларусамі слоў з памяншальна-ласкальным значэннем.