§ 26-1. Стылістычныя магчымасці словаўтварэння. Аднакаранёвыя словы як сродак тэматычнага адзінства тэксту

Практыкаванне № 236-2

Прачытайце тэкст. Знайдзіце словы з суфіксамі ацэнкі. З якой мэтай аўтар выкарыстоўвае іх у тэксце? Для якога стылю маўлення характэрна ўжыванне такіх афіксаў? Якое значэнне яны надаюць словам?

Дзіва-птушачка

Выйшлі мы на падворак. Прыглядаемся. А наш дзед са шлангам у руцэ стаіць пад самай вялікай яблыняй і струмень вады накіроўвае на самую сярэдзіну галін. Цікава нам стала. Падыходзім да дзеда як найбліжэй.

— Глядзіце, глядзіце, — ледзь не зашаптаў ён і вачыма клікаў нас сачыць за струменьчыкам вады, які ён накіроўваў у самую гушчэчу галінак яблыні.

Мы ўсе ўжо адначасна заўважылі ў срэбных крышталіках на галінцы варухлівую маленькую-маленькую птушку-камячок. Яна гойсала на адным месцы, імгненна паварочвалася з боку на бок, падстаўляючы пад пырскі вады ўсю сябе. Крыльцы яе трапяталі, галоўка хісталася, ножкі ажно танцавалі. Ва ўсім гэтым была такая радасная задаволенасць, такая пекната ад купання, што дзіва-птушачка нікога з нас не заўважала. І вось, добра намачыўшы свой пуховы ўбор, птушачка гайсанула прама дзеду на галаву і, жвава крутануўшыся, борздзенька паляцела ў суседні з вёскаю лес.

А дзед глядзіць на нас і так радасна ўсміхаецца (П. Кавалёў).

Выпішыце з тэксту ў асобныя групы па тры словы са словаўтваральнымі і формаўтваральнымі марфемамі, абазначце іх.