* Паэзія Уладзіміра Жылкі
Паэзія Уладзіміра Жылкі
Творчае крэда Уладзіміра Жылкі можна акрэсліць такімі яго словамі: «Я маю права пісаць не толькі ўра-патрыятычныя, пралетарскія рэчы, але і заставацца ў самотным, ціхім храме хараства. Мой лятунак (мара. – Аўт.) — выдаць кніжку не больш 30—50-ці вершаў. Выключна з матывамі кахання, смерці, хараства, прыроды, менскіх тавернаў і падобнага. Без адзінае рыфмы на “бедная старонка” і “гэй, наперад”».
Вершы пра прыроду аказваліся ў Жылкі філасофскім роздумам пра бачныя і таямнічыя з’явы. Яго герой-рамантык быў і прарокам, і летуценнікам адначасова, ён быў агорнуты супярэчлівымі пачуццямі, вагаўся паміж сілай і слабасцю. А для самога паэта найвышэйшай каштоўнасцю было хараство — Радзіма і дзяўчына, у дачыненні да якіх Уладзімір Жылка прынцыпова выкарыстоўваў слова «кахаць», а не «любіць». Напрыклад, некаторыя радкі ў вершы, прысвечаным Беларусі, выглядаюць як любоўныя: «Скажуць людзі: як ліст адарваны, // Па табе я ў чужыне засох» («Верш развітання»).
«Кахаць зямлю з яе жыццём глухім», — пісаў Жылка ў санеце «Максім Багдановіч» (1927). Верш быў пачаты яшчэ ў Празе, а скончаны ўжо ў Мінску, таму мае некалькі варыянтаў. Позірк класіка «зазямліўся» — перамясціўся з нябесна-эфемернай сферы ў чэшскім тэксце (дзе Максім Багдановіч нібыта ўмеў «кахаць пасевы зор і хмарак дым») на «зямлю», «палеткі» ў мінскім варыянце твора. Наогул гэта невыпадковы верш у творчасці Уладзіміра Жылкі, бо паэт сапраўды арыентаваўся на Багдановіча, з якім яго аб’ядноўвалі і біяграфія (адарванасць ад Радзімы, ранняя смяротная хвароба), і класічная адукацыя, і тэмы творчасці (гісторыя, горад).
Жылка пісаў у санеце: «Ды тым цяжэй ў краі чужым заўжды // Счыняць павекі», не ведаючы, што праз некаторы час яго таксама напаткае смерць на чужыне, і іх з Багдановічам лёсы займеюць яшчэ больш агульнага. Адрознівалася іх паэзія стаўленнем да смерці, бо Жылка прыняў сваю хваробу і нават эстэтызаваў завяданне («мо і ў гэтым // Трагічнае схавана хараство»).
З успамінаў. Пісьменнік Міхась Скобла згадваў у прадмове да тома «Беларускага кнігазбору» пра жыццё Уладзіміра Жылкі ў Празе: «Часта губляў прытомнасць, трызніў, аднойчы лекары канстатавалі клінічную смерць… Толькі назаўтра санітары выявілі, што ў адным з нябожчыкаў нібыта цепліцца жыццё». |
Да пераезду ў Мінск Жылка напісаў шмат санетаў, трымаючыся багдановічаўскай традыцыі. Санет «Максім Багдановіч» быў апошнім з санетаў Уладзіміра Жылкі, бо ў літаратуры Савецкай Беларусі на той час гэты жанр не быў папулярны. Класічнае мастацтва ўспрымалася як састарэлае.
Навукоўцы гавораць. «Янка Купала заклаў сваю, купалаўскую, традыцыю беларускага санетапісання, якая вызначаецца — пры захаванні асноўных архітэктанічных1 асаблівасцей санета (чатырнаццаць радкоў, два катрэны і два тэрцэты, звязаныя адпаведна дзвюма і трыма рыфмамі) — адносна вольным стаўленнем да яго вершаванага памеру і рыфмоўкі. Гэтаксама як Максім Багдановіч заклаў сваю, багдановічаўскую, строга рэгламентаваную традыцыю, увасобленую і на практыцы, і ў тэарэтычных развагах. Абедзве яны выявіліся ў творчасці беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя» (Вячаслаў Рагойша). |
Па класічнай схеме пабудаваны і санет Уладзіміра Жылкі «Меч» (1924). У першых васьмі радках акрэслена сітуацыя: аратай выпадкова знайшоў старадаўні меч з надпісам «Дарэшты бой!». Меч нагадаў аратаю пра слынную гісторыю: «Абцёр набожна йржу часу благога, // І заблішчаў старых стагоддзяў сон». У апошніх шасці радках, як і належыць, вытлумачэнне, адказ, рэакцыя, роздум над прапанаванай сітуацыяй. Меч абудзіў самасвядомасць аратая, які цяпер гатовы змагацца: «Я з грамадой іду па шчасце нам. // Мой меч зіхціць, непераможны, востры. // Змагуся сам — дык сотням перадам!». У класічнай паэтычнай форме (санет) паэт паказаў, як араты ператварыўся ў ратніка, воіна, з дапамогай высакароднай зброі, каб бараніць сваю Айчыну.
У паэзіі Жылкі наогул дамінавалі развагі пра мінулае і будучыню Радзімы. І гісторыю Беларусі паэт бачыў у дынаміцы, усведамляючы, што вялікія часы («Край вялікіх і дум, і людзей») натуральна чаргуюцца з заняпадам, а велічныя замчышчы і курганы стаяць побач з беднымі хатамі. Так піша Уладзімір Жылка ў вершы «Беларусь» (1920). Лірычны герой (як і аўтар, які доўга жыў за межамі краіны) сумаваў па Беларусі, у вершы паэт апісаў ірацыянальнасць і неадольнасць настальгіі: «Беларусь, Беларусь — гэты зык // Паліць душу маю, як агнём. // Я не ведаю, чым ён вялік, // Але думак не змог я аб ём». Больш за тое, лірычнаму герою здаецца, што нават само слова «Беларусь» кліча таго, хто здатны пачуць яго музыку: «Беларусь, Беларусь… гэтых слоў // Пойме музыку, хто ўсёй душой // Іх магутны, тужлівы іх зоў // Зловіць думкай сваёю жывой».
Навукоўцы гавораць. «Аддаленасць ад рэалій жыцця і ў той жа час пякучая надзённасць маналога — вось улюбёны спосаб рамантызацыі малюнка ў Жылкі» (Уладзімір Калеснік). |
Лірычны герой Уладзіміра Жылкі падыходзіў да гісторыі рацыянальна: спрабаваў вучыцца і ад кепскіх, і ад добрых фактаў – «і помнім мы і веча звоны, // І вольнасць роднай стараны; // І нат мамэнты заняпаду» («Мы любім даўнія паданні…», 1921). Лірычнае «мы» ў творы — гэта не ўвесь народ, а інтэлектуальная эліта, тая частка народа, якая ведае гісторыю краіны ад старажытных кніг да асабістых сведчанняў дзядоў і бацькоў. Толькі для шчасця адной славутай гісторыі мала — герой 1920-х гадоў выступае за дзеянні: «Але нам будуць усё ж мілейшы // Часы, калі з нізін, балот // З надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых // Устане ўзбуджаны народ». Гэты пад’ём бачыцца лірычнаму «мы» настолькі ўсеабдымным і ўсеабсяжным, што не далучацца да яго толькі тыя, у каго няма нічога жывога.
Звяртае на сябе ўвагу наяўнасць у палатне верша рамантычнага шыфру, багатага на абстрактныя паняцці, і сярод іх выраз «дух творчы ў Беларусі». Згодна з думкай даследчыка Уладзіміра Калесніка, ён пераняты Жылкам ад Ігната Канчэўскага, аўтара кнігі «Адвечным шляхам», ідэйны стрыжань якой — ідэалізацыя чалавечай творчасці, творчага духу ва ўсіх яго магчымых праявах: ад творчасці грамадскай, арганізацыйнай да штодзённа-бытавой. Творчы дух жыве і «змагае» «долі жах». Іскрай гэтага творчага духу Радзімы Жылка лічыць і сваю паэзію, што дае яму сілу тварыць.
Верш Уладзіміра Жылкі «Палімпсест»2 (1921) у беларускай літаратуры выглядае своеасаблівым працягам цыкла Максіма Багдановіча «Старая Беларусь» (вершы «Летапісец», «Перапісчык», «Кніга»). Але твор цалкам арыгінальны і па вобразнасці, і па думцы. Незвычайнае наслаенне мінуўшчыны і сучаснасці паэт убачыў у Вільні, якой за дзесяць гадоў да яго натхняўся Максім Багдановіч.
Лірычны герой уявіў, што на самай справе ўся гісторыя Беларусі — гэта палімпсест, з якога сцерлі ўсе выбітныя факты, замяніўшы іх на іншыя. І народны дух паўстае, каб прачытаць сапраўдныя запісы на палімпсесце, убачыць сваю сапраўдную гісторыю. Уладзімір Калеснік удакладняе, што «сувязь з гісторыяй для патрыёта Беларусі ўскладняецца і абвастраецца тым, што прадаўняя слава радзімы сцёрта нядобразычліўцамі, і патрэбна незвычайная сіла любові і сіла ўяўлення, каб дайсці да першаасноў, да вытокаў. Затое вялікую асалоду абяцае паэт таму, хто дойдзе. Гэта будзе не інтэлектуальная прыгода разгадчыка шарад, а слодыч духоўнага адраджэння. I ў самым акце грамадзянскага адраджэння закладзена пачуццё чалавечай годнасці».
Жахлівыя падзеі 1930-х гадоў прывялі да таго, што лёс і творчасць самога Уладзіміра Жылкі і многіх яго сяброў-калег на шмат дзесяцігоддзяў сталі такім самым змытым, зацёртым надпісам на палімпсесце. Толькі ў канцы 1970-х гадоў творчасць Жылкі пачала вяртацца ў чытацкі і навуковы ўжытак. Вельмі шмат для гэтага зрабілі тыя людзі, якія доўгія гады захоўвалі вершы паэта і змаглі іх даслаць дачцэ пісьменніка: яна збірала яго спадчыну.
Літаратурныя сувязі. Цяжка нават пералічыць усіх сусветна вядомых майстроў, чыё слова тым ці іншым чынам адгукнулася ў творчасці Жылкі: Гарацый і Дантэ, Петрарка і Персі Біш Шэлі, Гётэ і Адам Міцкевіч, Верлен і Бруна Ясенскі… І, вядома, цэлы пантэон — ад Пушкіна і Лермантава да сучаснікаў Жылкі. Пры гэтым відавочнай была ўвага Жылкі найперш да сусветнай літаратуры другой паловы XIX — пачатку ХХ стагоддзя, перыяду так званага дэкадансу, пераважна — да творчасці «пакутнікаў-мучальнікаў», «рыцараў Святла, змагароў з цемрай», якіх на Захадзе называлі яшчэ «праклятымі» і якіх у памяці паэта быў «цэлы рой»: «трагічны Гогаль, парадаксальны Оскар Уайльд, святы Гл. Успенскі, хворы Дастаеўскі, мудры Ібсен, Ніцшэ, які заблукаў» (Паводле Евы Лявонавай). |
_________________