* Вацлаў Ластоўскі

Біяграфія

Ластоўскі шмат містыфікаваў гісторыю Беларусі, напрыклад, меў версію, што Каложская царква ў Гародні, зямля пад якой паступова размываецца ракой, пабудавана на месцы паганскага капішча, і таму багіня апраметнай Марва1 не даруе такога стаўлення да сябе.

Некаторыя з яго містычных ідэй прыжыліся (тэрмін «Крывія», думка пра кельцкае паходжанне беларусаў). Цікавасць да таямніц прывяла яго ў шэрагі масонаў, і таму многія яго творы прасякнуты масонскай сімволікай.

Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі 1 лістапада 1883 года ў Дзісенскім павеце Віленскай губерніі ў сям’і мяшчан. Няма дакладных звестак пра яго школьныя гады. Не маючы атэстата, юнак не мог атрымаць універсітэцкую адукацыю, таму ў Пецярбургскім універсітэце быў вольным слухачом. У 1903 годзе ўзяў шлюб з літоўскай пісьменніцай Марыяй Іванаўскайтэ, у пары нарадзіліся дзве дачкі. На жаль, шлюб аказаўся няўдалы. Жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на долю Ластоўскага, прайшла побач з ім другая жонка Станіслава.

У 1909 годзе Вацлаў Ластоўскі ў Вільні рэдагаваў «Нашу ніву», дзе пазнаёміўся з аўтарамі гэтага выдання Ядвігіным Ш., Янкам Купалам, Якубам Коласам і іншымі. Менавіта ён прыдумаў назву «Вянок» і прысвячэнне памяці Сяргея Палуяна для кнігі Максіма Багдановіча. Вацлаў Ластоўскі пакінуў адметны след у палітыцы: быў членам розных партый, удзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі і быў старшынёй кабінета міністраў. Выдаваў часопісы, падручнікі і слоўнікі.

У 1926 годзе Ластоўскі ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Інстытуце беларускай культуры — і падтрымаў кірыліцу, а не лацінку. Па збегу абставін пісьменнік і навуковец у 1927 годзе пераехаў у БССР.

З 1928 года — акадэмік Беларускай акадэміі навук. У выніку адной з арганізаваных Вацлавам Ластоўскім экспедыцый быў знойдзены арыгінал Крыжа Ефрасінні Полацкай ХІІ стагоддзя, выява якога была размешчана ў «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі».

 У 1930 годзе быў арыштаваны і высланы ў Саратаў, пасля другога арышту пісьменніка не стала.

Вацлаў Ластоўскі выступаў не толькі як пісьменнік, але і як гісторык, філосаф, публіцыст, педагог, лінгвіст. У 1910 годзе ён выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», дзе ўпершыню быў абгрунтаваны беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага.

У 1913 годзе на старонках газеты «Наша ніва» Вацлаў Ластоўскі пачаў славутую літаратурную дыскусію (пра яе ішла гаворка ў раздзеле пра нашаніўскі перыяд) і патрабаваў, каб стваралася элітарная беларуская літаратура: «Мы, чытаючае і думаючае беларускае грамадзянства, у праве вымагаць чагось для сваёй душы, мерыць… творчасць меркай еўрапейскай, якую прыкладаюць усе народы на свеце да творчасці сваіх прарокаў».

Тэкст меў надзвычайны розгалас. Лявон Гмырак разважаў пра асноўныя яго пастулаты ў артыкуле «Яшчэ аб сплачванні доўгу». Лічыцца, што вядомае выслоўе з «Апокрыфа» Максіма Багдановіча «Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком» — таксама водгулле гэтай дыскусіі.

Навукоўцы гавораць. У цэлым пад «няскладнымі плачамі» беларускіх паэтаў, супраць якіх выступаў Вацлаў Ластоўскі, разумелася пэўная прымітыўнасць ix паэзіі, што далёка адставала ад эстэтычных узораў еўрапейскай. Ён заклікаў беларускіх паэтаў арыентавацца на высокі ўзровень мастацтва, i гэта было слушнае патрабаванне.

Аднак тут былі два тонкія моманты. Першы — той, што Ластоўскі падзяляў чытачоў на дзве катэгорыі. Адны з ix, тыя самыя Янкі i Сымонкі, у чыіх хатах вокны заткнутыя анучай. Ім была адрасавана так званая «прымітыўная» паэзія. Другая катэгорыя — «думаючае беларускае грамадства» (Паводле Ірыны Багдановіч).

 

Сам Ластоўскі так казаў пра сваё творчае крэда:

                                        Формаў трупехлых я вораг дасконны,   
                                        сцежак стаптаных не зношу тварэнні;   
                                        новым імкненням даць новыя формы, 
                                        новыя словы і дум выражэння              
                                        стаўлю я мэтай.                                       

Пасля адной з публікацый Ластоўскага 1911 года пачалася доўгая гісторыя містыфікацыі пра Паўлюка Багрыма як аўтара верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы…». У 1854 годзе ў Лондане былі ананімна надрукаваны мемуары «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (сёння ўстаноўлены іх аўтар — Ігнат Яцкоўскі). У гэтым творы быў упершыню змешчаны шэдэўр беларускай лірыкі «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» (сёння яго верагодным аўтарам лічыцца Юльян Ляскоўскі).

У 1911 годзе на старонках газеты «Наша ніва» Вацлаў Ластоўскі змясціў гэты верш і пераказаў гісторыю пра Пётрака з Крашына, адкуль і пачалося прыпісванне тэксту пяру Паўлюка Багрыма (Паводле Ігара Запрудскага).

 

У 1918 годзе Ластоўскі выдаў «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы». У 1920-х гадах рыхтаваў, але не выдаў «Нарысы беларускай гісторыі» (рукапіс захоўваецца ў Літве). Друкаваўся ў папулярным зборніку «Што трэба ведаць кожнаму беларусу» (артыкулы «Колькі слоў аб даўняй веры беларусаў», «Як паступаць, каб дзеці, вырасшы, шанавалі сваіх бацькоў і былі ім апорай на старасці» і інш.). 

У 1924 годзе ў Коўна (Каўнас) Вацлаў Ластоўскі выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», дзе сярод іншага былі змешчаны аўтарскія наватворы пісьменніка: запалон (кабала), запастка (капкан); работня і працоўня (кабінет), жаўнерня (казарма), краймо (кайма), ногаўка (калоша), вапнік (кальцый), рэдніца (канва), цукернік (кандытар), наўзбярэжніцтва (кабатаж), прыбрамак (веснічкі), прорынь (канал), наўчароднік (кандыдат).

У 1926 годзе Вацлаў Ластоўскі як выдатны навуковец апублікаваў галоўную працу свайго жыцця — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: спроба паясніцельнай кнігапісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагоддзя», куды ўвайшоў агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма». Крытыкі папракалі аўтара, нібыта гэта кніга паказвае гісторыю асветы на тэрыторыі Беларусі, не заўважаючы, што робяць выданню дадатковы камплімент.

Паэтычная спадчына Вацлава Ластоўскага складаецца з традыцыйных па форме сілаба-танічных вершаў і верлібраў (каля 40 тэкстаў), празаічная — з філасофскіх і легендарных апавяданняў, некалькіх аповесцей.

Некаторыя сучасныя пісьменнікі паводле сілы таленту, значнасці асветніцкай і грамадскай місіі, глыбіні і шырыні навуковых інтарэсаў, ролі ў нацыянальным адраджэнні параўноўваюць Вацлава Ластоўскага з адраджэнцам Францыскам Скарынам.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Вацлаў Ластоўскі ўпершыню паказаў гісторыю беларусаў з пункту гледжання саміх беларусаў, абгрунтаваў беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага ў сваёй «Кароткай гісторыі Беларусі».

2. Адным з першых распрацаваў мастацкую праграму пра ўсведамленне будучыні беларускай краіны праз асэнсаванне яе мінуўшчыны.

3. Вацлаў Ластоўскі — адзін з пачынальнікаў беларускага верлібра.

4. Ластоўскі стварыў літаратурна-філасофскую ўтопію «Лабірынты», дзе сфармуляваў нацыянальную канцэпцыю быцця і фактычна прадказаў з’яўленне новага літаратурнага жанру — сінтэтычнага рамана, які стане модным на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. 

_________________

1 Ма́рва (Мара) — жаночы язычніцкі міфалагічны персанаж у продкаў славян і балтаў. Боства, якое злучае рэальны і іншасвет.