§ 2-26. Марфемы-сінонімы, марфемы-антонімы, марфемы-амонімы, іх стылістычныя асаблівасці. Разбор слова па саставе. Марфемныя слоўнікі

Практыкаванне 11

Прачытайце тэкст. Вызначце ў ім ролю фанетычных і словаўтваральных сродкаў выразнасці. 

Каса́

Каса косая, аднак там, дзе яна праходзіць, застаюцца чыстыя, без касмыкоў, касынкі лугоў і роўныя каснікі пакосаў.

Каса не спакушаецца славай і не выстаўляецца напаказ: яна толькі першаю, у расу, каштуе тыя  «смакосы», якія пасля будуць каштаваць каровы і козы.

Каса касуе ўсё, што ўзводзілі вясна і лета: яе кранае не краса званцоў, касачоў ці каласоўнікаў, а косінусы і катангенсы стасункаў з імі.

Пасада ў касы ка́ставая ад Касандры: яна прадказвае ўсім аднолькавы лёс і сама ж вершыць яго.На касу, як на смерць, касавурацца гусакі, на касу сыкае асака, яе кусаюць камяні, ад яе адкасоўваюцца кусты, але, вітаючыся з ёю, касу ксціць касец Ясь (А. Разанаў).

Выпішыце з тэксту аднакаранёвыя словы да назоўніка каса, абазначце ў іх карані.

Назавіце словы з аманімічнымі каранямі. Ці ўсе словы, падобныя гучаннем, маюць аманімічныя карані?

 Разгледзьце фотаздымак Ганны Івановай. Раскажыце пра пару́ касавіцы, ужываючы аднакаранёвыя словы.