* Язэп Пушча

Біяграфія

Пасля заканчэння Мінскага рэальнага вучылішча Іосіф Плашчынскі (Язэп Пушча) быў накіраваны настаўнічаць у родную вёску Каралішчавічы.

Праз некалькі месяцаў працы ён стаў вучыць дзяцей па-беларуску, а затым па ўласнай ініцыятыве пачаў выкладаць ім яшчэ нямецкую і французскую мовы. Пісьменнік быў перакананы, што адукаваны малады чалавек павінен ведаць еўрапейскія мовы.

Жыццё беларускіх аўтараў 1920–1930-х гадоў часта падзяляецца на «да» і «пасля» — рэвалюцыі, вайны, арышту, рэабілітацыі. Гэтак сталася і з Язэпам Пушчам (Іосіфам Плашчынскім).

Ён нарадзіўся 20 мая 1902 года ў вёсцы Каралішчавічы, што на Міншчыне, у сям’і непісьменных сялян, якія ўсімі сіламі намагаліся даць адукацыю дзецям. Бацькі выгадавалі шасцёра дзяцей, якіх пазней лёс раскідаў па свеце. Дзеці рана далучаліся да працы: так, Іосіф у дванаццаць гадоў ужо мог касіць нароўні са старэйшымі. Ён быў пятым сынам у сям’і. Яго брат Язэп Гуткоўскі (Ізідар Плашчынскі) займаўся літаратурнай творчасцю, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, але пасля апынуўся ў Амерыцы.

Вядома, што першапачаткова Язэп Пушча вучыўся ў народным вучылішчы ў Каралішчавічах, у 1915 годзе — у Мінскім вышэйшым пачатковым вучылішчы. Гады вучобы прыпалі на Першую сусветную вайну, дзве рэвалюцыі, грамадзянскую вайну. З 1918 года Іосіф Плашчынскі тры гады вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы1. У гэты час пасябраваў з беларускім паэтам Міхасём Чаротам, прачытаў першыя творы на беларускай мове — кнігу Янкі Купалы «Шляхам жыцця».

У 1920-я гады Наркамасветы2 БССР арганізаваў курсы беларусазнаўства, дзе выкладалі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, — на іх вучыўся Іосіф Плашчынскі.

У 1990-я гады ў пачатковых класах школ Беларусі, як і ў 1920-я, таксама выкладаўся курс беларусазнаўства. Праз гульні, святы, літаратурныя вандроўкі дзеці знаёміліся з нацыянальнай культурай — народнымі звычаямі, абрадамі, стравамі, славутымі аўтарамі і творамі беларускай літаратуры, культуры.

У 1923 годзе Язэп Пушча стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У гэты час яго творчасць была напоўнена пафасам абнаўлення, радасці, святла, так званай маладнякоўскай «санцавейнасці».

У 1925 годзе маладнякоўцы Язэп Пушча і Кузьма Чорны прыехалі выступаць у Слуцк.

На літаратурным дыспуце пазнаёміліся з мясцовымі дзяўчатамі Станіславай Шпакоўскай і Зінаідай Кобрык, якая пісала вершы пад псеўданімам Іда Чырвань. Праз некаторы час дзяўчаты прыехалі ў Мінск да сваіх жаніхоў.

І калі Язэп Пушча знайшоў са Стасяй сапраўднае сямейнае шчасце (дарэчы, менавіта ёй была прысвечана яго песня з радкамі «Ой ты, Стася, смуглявая Стася»), то шлюб меланхалічнага Кузьмы Чорнага і тэмпераментнай Іды Чырвань аказаўся няўдалым.

Адукацыя дазволіла Пушчу працаваць інспектарам у аддзелах народнай асветы, а ў 1925 годзе — паступіць на педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкуль праз два гады ён перавёўся ў Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург), дзе правучыўся яшчэ два курсы. Пераезд быў звязаны з канфліктам з калегамі па творчым цэху: не ўсе зразумелі і ўхвалілі яго выхад з «Маладняка» і пераход ва «Узвышша». Творы ўзвышэнскага перыяду характарызаваліся творчай арыгінальнасцю, пошукамі індывідуальнай вобразнасці, мадэрнісцкімі спробамі — рысамі, якімі ў канцы 1920-х гадоў асабліва абуралася вульгарызатарская літаратурная крытыка.

Творчасць Пушчы 1926—1927 гадоў не падобная да тэкстаў іншых аўтараў. У гарачай палеміцы з тагачаснымі крытыкамі ён адстойваў права аўтара на творчую індывідуальнасць. Гэта супрацьстаянне адлюстравалася ў паэме «Сады вятроў», у спрэчцы паэта-рамантыка Грыміцкага і празаіка-канфарміста Мярохі.


Паэзія ленінградскай пары́ пазначана заканамерным прыходам да буйной жанравай формы — паэмы, а таксама трагедыйнасцю, празорлівым прадчуваннем злому эпохі. Гэты тужлівы лейтматыў выражаны ў назвах цыкла «Чорная дарога», верша «Чорныя вораны», паэм «Цень Консула», «Крывавы год».

Пасля вяртання ў Мінск у 1929—1930 гадах Язэп Пушча ўладкаваўся стыль-рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва.

Праз год пасля вяртання на Радзіму паэт разам з Максімам Гарэцкім і Адамам Бабарэкам быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі, ва ўдзеле ў неіснуючай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» і высланы на Урал, дзе працаваў бухгалтарам у саўгасе. Пасля заканчэння тэрміну высылкі, у 1937—1941 гадах, хаваючы сваё літаратурнае мінулае, пісьменнік працаваў дырэктарам школы на Мурамшчыне (Расія), выкладаў рускую літаратуру.

Толькі праз два гады пасля афіцыйнай рэабілітацыі Язэп Пушча наважыўся вярнуцца ў Мінск. Яго нанава прынялі ў Саюз пісьменнікаў, і ў 1960-я гады ён выдаў некалькі зборнікаў парадна-ўрачыстай, сонечнай паэзіі (у тым ліку для дзяцей).

Уклад у развіццё літаратуры

1. Творчасць Язэпа Пушчы — яркі прыклад рамантычнай, мажорнай «вясковай» паэзіі. І гэта ў той час, калі перавага аддавалася мастацкаму рэалізму і апяванню стваральнай працы рабочага класа. 

2. Яму належаць удалыя імажынісцкія вопыты, якія нараджаліся на хвалі маладнякоўскага эксперыментатарства, захаплення знешняй эфектнасцю. 

3. Унікальнасць таленту Язэпа Пушчы, прынцыповае адрозненне ад іншых творцаў праявіліся ва ўменні метафарычна перадаваць трагічны пафас быцця.

____________________________________________
1 Рэа́льнае вучы́лішча — установа сярэдняй адукацыі, дзе асаблівая ўвага надавалася вывучэнню тэхнічных і прыродазнаўчых навук і не вывучаліся старажытныя мовы.

2 Народны камісарыят асветы.