* Уладзімір Жылка

Біяграфія

У дыптыху «Вершы аб Вільні» Уладзімір Жылка перанёс беларускую сітуацыю ў мусульманскую прастору, каб падняць беларусаў да барацьбы за сваю веру і сваю Радзіму.

Ён сцвярджаў, што думкі беларусаў вышэй за мінарэты, і пытаў, ці Вільня, крывіцкая Мекка1, вартая таго, каб сустрэць прарока.

 

Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 мая 1900 года ў вёсцы Макашы непадалёк ад станцыі Гарадзея, што каля Нясвіжа. Ён вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, агранамічным вучылішчы ў Расіі, скончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу, займаўся ў Ковенскай сельскагаспадарчай вучэльні. У 1917 годзе паэт пераехаў у Мінск, дзе працаваў аграномам. Пазнаёміўся з пісьменнікамі нашаніўскага пакалення Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш. і маладнякоўцамі (Міхасём Чаротам і інш.). Уладзімір Жылка актыўна ўдзельнічаў у палітычным руху (напрыклад, быў удзельнікам Усебеларускага кангрэса 1917 года).

У 1920 годзе захварэў на сухоты і з’ехаў да родзічаў у вёску, якая адышла да Польшчы пасля Рыжскага міру. У 1921 годзе ў жартоўным звароце да рэдактара газеты «Наша думка» паэт напісаў:  «Калі ж што лішняе сказаў, // Хай мне даруецца абмылка. // Затым з пашанай застаюсь // Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка, // Па волі лёсу беларус».  Верш быў не для друку, але яго апублікавалі, бо ён адгукаўся ў сэрцах тых, хто таксама быў «па волі лёсу беларусам» у Заходняй Беларусі. 

Уладзімір Жылка жыў у Вільні, дзе пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, у Дзвінску (Даўгаўпілсе),  Коўне. Адправіўся вучыцца ў Пражскі ўніверсітэт.

Навукоўцы гавораць. «Прага была, па сутнасці, другой пасля Парыжа культурнай сталіцай Еўропы; тут віравалі самыя розныя плыні — паэтызм і сюррэалізм, сімвалізм і экспрэсіянізм, рэалізм і інш.» (Даследчыца беларускай і замежнай літаратуры Ева Лявонава).

У час панавання авангардызму ў літаратуры Уладзімір Жылка па-ранейшаму трымаўся сваіх эстэтычных прыхільнасцей (рамантызму), і яго пераклады паказалі гэта найярчэйшым чынам: «Жылка відавочна адаптаваў і авангарысцкую паэтыку, і авангардысцкую канцэпцыю …да рамантычнай эстэтыкі, да традыцыйнай «адраджэнскай» паэтычнай канвенцыі» (Паводле Людмілы Сіньковай).

У 1926 годзе Жылка пераехаў у БССР, працаваў у газеце «Звязда», выкладаў у музычным тэхнікуме.

Чалавек, які належаў да беларускай культуры і адначасова меў заходнееўрапейскую адукацыю, Уладзімір Жылка на беларускім матэрыяле развіваў разнастайныя традыцыі: антычную (выкарыстоўваючы пентаметры і гекзаметры), рэнесансную (санеты, вершы-пасланні), сярэдневяковую (жанр ле), рамантычную (рамантычная паэма, вершы-мроі, малітвы, прароцтвы) і мадэрнісцкую (верлібры і белыя вершы). А як паэт-рамантык ён асабліва цаніў фальклор не столькі фармальна, колькі сутнасна, з містыкай, жахамі, чарадзейнымі матывамі. Пры гэтай разнастайнасці падыходаў і багацці форм паэт ставіўся даволі крытычна да сваёй творчасці. «Маё гора, што я не ўмею рабіць нічога вольна і звонка; ёсць у маёй істоце нешта цяжкое, панурае», — пісаў ён у дзённіку ў 1923 годзе.

Паэт абапіраўся на фальклор і ў разуменні смерці: невылечная хвароба наклала свой адбітак на яго творы. Пішучы пра смерць, ён называў яе «каханкай», «збавіцелькай», «сястрой», такім чынам аб’ядноўваючы ў творчасці агульнанароднае бачанне з уласна аўтарскім.  

Для паэзіі Жылкі была характэрна схільнасць да крайніх форм абагульнення — сімвалаў і алегорый. Уменне адасабляцца ад рэалій жыцця і паглыбляцца ў перажыванні трансфармавалася ў творчую манеру: «чым менш канкрэтнага — тым больш паэзіі» (Уладзімір Калеснік).

Перажыванні і развагі Уладзіміра Жылкі пра лёс Беларусі на рэвалюцыйным шляху аформіліся ў неарамантычную паэму «Уяўленне» (1923). Лірычны герой на свае вочы бачыў стварэнне гісторыі. Пасля публікацыі паэмы Жылка адразу быў прызнаны значным паэтам, твор ухвалены калегамі і крытыкамі і ў Заходняй, і ў Савецкай Беларусі. Аўтарытэтны крытык таго часу Антон Навіна так выказаўся пра паэму ў артыкуле «На новых шляхох»: «Паскольку Міхась Чарот выяўляе ў сваёй паэме духовую сутнасць рэвалюцыі сацыяльнай, пастольку Уладзімер Жылка ў “Уяўленні” адтварае псіхалагічны бок нацыянальнае рэвалюцыі».

Потым былі яшчэ дзве кнігі — «На ростані» (1924) і «З палёў Заходняй Беларусі» (1927). Апошняя кніга вельмі жорстка крытыкавалася, а яе тэматыка паступова пераставала быць актуальнай у савецкай культурнай прасторы. «З творчага боку ў Ул. Жылкі не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры», — пісаў часопіс «Маладняк» у 1928 годзе.

Працуючы ў Мінску, з «Маладняка» паэт перайшоў ва «Узвышша». Там ажаніўся са сваёй студэнткай Рымай Маневіч. У 1930 годзе ў іх нарадзілася дачка Беатрычэ (лёс склаўся так, што дзяўчынку мусіла гадаваць бабуля, так Беата паступова стала Натай, каб у выніку яе імя было афіцыйна зменена на Наталля), а Жылка быў арыштаваны і сасланы ва Уржум — і жонка пакінула яго і дачку. Паэт памёр у высылцы ад абвастрэння хваробы.

Уладзімір Жылка з жонкай Рымай Маневіч

Уклад у развіццё літаратуры

1. Уладзімір Жылка — паэт універсальнага тыпу, бо на яго творчасць наклалі адбітак адначасова многія эстэтычныя напрамкі (рамантызм, неарамантызм, сімвалізм, імпрэсіянізм, эстэтызм, экспрэсіянізм). Такая разнастайнасць вытлумачвалася суб’ектыўнымі (літаратурныя густы, асабістая цікаўнасць да сусветнага літаратурнага вопыту) і аб’ектыўнымі прычынамі (стан здароўя, жыццё ў чэшскай Празе).

2. Паэзія Уладзіміра Жылкі вельмі адрознівалася ад паэзіі яго ваяўнічых сучаснікаў: такога тонкага, інтэлігенцкага адчування жыцця ў той час не хапала беларускай паэзіі. Ён пісаў чыстую лірыку, у якой знешні свет ператвараўся ў ланцуг унутраных станаў лірычнага героя.

3. Уладзімір Жылка аб’ядноўваў у творчасці розныя, часам супрацьлеглыя феномены: сусветнае і нацыянальнае, вечнае і імгненнае, аптымістычнае і трагічнае, канкрэтнае і «невымоўнае», святло і цемру. Дазваляў сабе ў вершах багемныя і багаборчыя матывы.

4. Уладзімір Жылка даваў узоры паэтычнага мыслення: яго паэма «Уяўленне» развівала і паглыбляла погляды на будучыню Беларусі, якія выказаў філосаф Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) у эсэ «Адвечным шляхам».

5. Паэт займаўся перакладамі. Пераклады праграмных артыкулаў (напрыклад, Іржы Волькера2) рабіліся з мэтай прысвоіць, зразумець і прыняць папулярныя ў той час ідэі пралетарскага мастацтва. Так паэт рыхтаваўся да пераезду ў Савецкую Беларусь.

___________________________

1 Вільня ў 1919 годзе знаходзілася ў складзе Літвы і была ў цэнтры ваенна-палітычнай увагі Польшчы, якая рабіла спробы і вайсковага захопу, і дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэння Віленскага рэгіёна. Вільня, пра якую паэт Уладзімір Жылка пісаў «крывіцкая Мекка», была шматнацыянальным горадам: літоўцы, беларусы, палякі і немцы былі там прадстаўлены ў колькасці, дастатковай, каб кожная з нацый магла пры пэўных умовах прэтэндаваць на ўладу ў горадзе. Падрабязна пра падзеі ў Вільні ў гэты час можна прачытаць у аповесці Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары».   

2 Іржы Волькер (1900—1924) — чэшскі паэт-авангардыст, адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Чэхаславакіі.