Алгарытм аналізу празаічнага твора

Аналіз апавядання «Бондар» Змітрака Бядулі

Час і абставіны напісання твора, задума. Упершыню апавяданне надрукавана ў сакавіку 1920 года ў газеце «Беларусь», якая выходзіла ў Мінску. Псеўданім Ясакар, якім падпісаны твор, азначае «чорная таполя». Паміж нашаніўскім перыядам і часам нацыянальнага адраджэння пісьменнік спрабаваў сябе ў мініяцюрах.

Адкуль у інтэлігенцкім асяроддзі, у якім апынуўся малады пісьменнік, магла з’явіцца задума твора пра вясковага ўмельца? Па-першае, Змітрок Бядуля паходзіў з простай сям’і, яму з дзяцінства была знаёма праца з дрэвам. Па-другое, на пачатку стагоддзя змяніліся агульныя падыходы да чалавека: яго самарэалізацыя стала звязвацца не толькі з грамадскай актыўнасцю, але і з творчасцю. Адсюль асаблівая ўвага да таленту, таямніц рамяства, натхнення, унутраных перажыванняў чалавека.

Тэма, праблема, ідэя. Апавяданне «Бондар» прысвечана тэме мастака і мастацтва. У ім перададзены шматлікія грані таленту бондара. Прыгадаем, як Даніла дзівіцца на свае інструменты, «як на любых дзяцей», або выбірае дрэва для будучых вырабаў, як вязе ў панскі двор «бялюткія, як малако, як пена марская, гучныя, як шкло, пасудзіны», «зграбныя, лёгкія, як бы жывыя».

На першы погляд, твор раскрывае праблему класавай няроўнасці. Пані пагардліва ставіцца да ўмельца, яна абыякавая да яго старанняў, не здольная ацаніць талент (пагрэбавала нават выйсці і зірнуць на набытыя вырабы). У такія моманты абясцэньвалася не толькі работа бондара, але і яго асоба. Гэта зрабіла бессэнсоўнай працу, штурхнула майстра на сацыяльнае дно. Аўтар звяртаецца і да праблемы непаразумення паміж бондарам, чалавекам здатным, з далікатным духоўным светам, і вяскоўцамі, на якіх ён глядзеў, «як на няўдалыя цабэркі з крывых, нязграбных клёпак або як на шурпатыя драўляныя лыжкі».

Ідэя выяўлена праз назву твора. Значэнне слова «бондар» у ім пашыраецца да значэння слова «мастак». Напачатку гэта проста ўмелец, які робіць драўляны посуд. Але паводле разгортвання сюжэта можна ўбачыць, як рамяство ў залатых руках Данілы пераўтвараецца ў сапраўднае мастацтва — «вялікую сілу», кажучы словамі аўтара.
У беларускай літаратуры мастак часцей за ўсё паўстае ў вобразе музыкі — і Змітрок Бядуля прыгадвае гэты матыў, апісваючы працу Данілы: яго пасудзіны гралі, «як скрыпкі», кожную ён «пробаваў рукамі на звон. Яна выдавала свой асабісты голас. Лёгка было падабраць з іх новы, па-свойму цікавы, музычны інструмент... Нашто тут патрэбны струны, ноты, пышныя абставіны багатых салонаў, калі ўсё прыгожае відаць і ў прастаце і шчырасці?».

Жанр, пафас. «Бондар» — гэта апавяданне: празаічны твор грунтуецца на адным эпізодзе, раскрываецца характар аднаго персанажа, прасочваецца адна лінія аповеду. Пафас твора трагічны: у фінале таленавіты майстар гіне, не зразуметы нікім, акрамя сваёй жонкі.

Сюжэт і кампазіцыя. Змітрок Бядуля паслядоўна прытрымліваецца структуры сюжэта, дзеліць твор на пяць частак:
   1) экспазіцыю — аповед пра сям’ю Данілы і яго драўляныя вырабы, якімі той славіўся ў наваколлі;
   2) завязку пра тое, як пані замовіла посуд;
   3) развіццё дзеяння — апісанне працы бондара;
   4) кульмінацыю — сцэну ў панскім маёнтку;
   5) развязку — духоўнае спусташэнне майстра і развітанне з ім. 

У пейзажных замалёўках можна заўважыць лірычныя элементы абразка, імпрэсіі: «Сонца засумавала разам з ім. Поле снежнае непрытульным зрабілася. Хвоі пад сівымі зімовымі шапкамі шапацелі аб вялікім Данілавым горы. Увесь яркі абшар пакрыла жалоба...»

Героі твора. Пісьменнік не дае апісання знешнасці Данілы, Аўдоцці, суседзяў — ён характарызуе персанажаў праз іх уменні, учынкі, узаемаадносіны, перажыванні. Так, у старога бондара былі залатыя рукі, ён славіўся на цэлую ваколіцу сваімі вырабамі, «песціў у сваім сэрцы агромную радасць творчасці», атрымліваючы ад яе «шчырае шчасце». Ён быў маўклівы і не вельмі далікатны, але сэрца бондара поўнілася прыгажосцю, а галава — новымі задумамі.

Пісьменнік эмацыянальна раскрывае вобраз Аўдоцці — жанчыны з «простым, добрым і падатлівым сэрцам». Падчас працы Даніла знаходзіўся нібыта ў цэнтры сусвету, і толькі яго жонцы — своеасаблівай «планеце» ў гэтай сістэме — было дазволена кружыць вакол сонца, бо яна добра разумела бондара і магла ацаніць яго вырабы. Аўдоцці, што ценем прысутнічала за спінай майстра, перадалося яго адчуванне прыгажосці. Калі яна галасіла па сваім нябожчыку, «гора пачало вылівацца ў прыгожыя словы сумных прычытанняў», а «суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцці».

Данілавымі вачамі чытач бачыць пані — «не мужыцкага роду асобу, а з таго гатунку людзей, што ўсё ведаюць». У сваіх спадзяваннях бондар надзяляў яе неіснуючымі якасцямі: «Звычайнае, простае вока бачыла б у гэтых пасудзінах звычайныя і простыя рэчы. Звычайнае вока лічыла б дзяцінствам урачыстае свята Данілавага сэрца. Звычайнае вока часта глядзіць на золата і думае, што гэта камень. Звычайнае вока не захапляецца парывамі вялікай душы, не блішчыць агнём шчырага падзякавання вялікаму майстру. У пані з двара незвычайнае вока. Яна ўгледзіць дарагі скарб там, дзе ён папраўдзе ёсць».

Мастацкія сродкі. Тэкст багаты на эпітэты, якія ўдакладняюць, аздабляюць асноўны сэнс. Разгледзім фрагмент: «...бачыў мастацкім вокам старога майстра ў нямых кавалках дрэва гаварлівыя, пявучыя, вабныя сваёй зграбнасцю і грацыяй начоўкі, вядзёркі і лыжкі». Вельмі трапныя ў творы параўнанні. Найперш яны тычацца паказу інструментаў («дзівіцца на іх (інструменты), як на любых дзяцей»; «хіліцца над інструментамі, нібы хоча іх цалаваць»; «інструменты блішчаць, як неба ў яркі дзень»; «навостраны, як брытвы, адпаліраваны, як люстэркі»).

Аўтар месцамі «разгортвае» аповед шматлікімі эпітэтамі, паўторамі. Твор фактычна пабудаваны на сінтаксічным паралелізме: «Шліфоўка інструментаў — рэч і не простая, і не звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты — падыходзіць да кожнага начыння. Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў і як плюнуць на яго. Трэба цяміць, як шараваць — ці наўскос, ці проста, ці памалу, ці хутка, ці моцна прыціскаць, ці памаленьку, каб было акурат у меру».

Затым пісьменнік «згортвае» тэкст да кароткага сказа, як бы канцэнтруючы, акумулюючы змест. Напрыклад: «Пасля гэтага здарэння Даніла стаў маўклівым і панурым. Бондарства ён закінуў». Увесь вялікі свет адоранага чалавека абрынуўся — і гэта ўкладзена ўсяго ў тры словы, што прымушае чытача спыніцца, асэнсаваць гэты трагічны злом. 

Узмацняе псіхалагізм і мастацкая дэталь: успомнім, у якую труну паклалі майстра — «шурпатую і нязграбную». Гэта прымусіла Аўдоццю галасіць, выявіла яе вялікае гора. Перад з’яўленнем бондара ў панскім доме як прадказанне нечага благога паказаны верабей, «хітрун і падшывалец», які «апаганіў чысценькі, бялюткі цабэрак», «нахабна выкпіў чыстыя пачуцці гэтых людзей». І сапраўды, прыём пані быў халодны і абразлівы. І зноў з дапамогай мастацкай дэталі Змітрок Бядуля абмалёўвае крыўду і абражаную годнасць бондара, калі той атрымаў заробак: «Як ашпараныя, выскачылі з панінай кухні Даніла і Аўдоцця. Пані нават не зацікавілася глянуць на пекную работу Данілы. Заплаціла, не таргуючыся, і гэтым справа скончылася. Грошы ён кінуў ля ганка, выйшаўшы на двор. Употайку ад яго іх падняла Аўдоцця».

Мова твора. Мова твора — узорная, літаратурная. Зрэдку ў тэксце сустракаюцца ўстойлівыя выразы («жыў прыпяваючы», «залатыя рукі», «проста з моста», «памятаць, як свае пяць пальцаў»), бо аповед ідзе пра вясковае жыццё. Нашмат часцей — сінонімы («выйшла як найлепш, як найпякней, як найскладней»), антонімы (Аўдоцця была адзінай разумніцай, а суседзі — неразумнымі). 

У тэксце пераважаюць простыя ўскладненыя сказы, што робіць яго лёгкім для ўспрымання, чыстым ад залішніх упрыгожанняў. Паназіраем, як пісьменнік дабіваецца эмацыянальнага ўздзеяння. Гэта не толькі падбор лексікі, але і будова сказаў, дзе мастак слова шырока ўжывае аднародныя члены: «Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі, арэшнік на абручы з сваіх лепшых запасаў?» Такія доўгія пералікі паўсюдна сустракаюцца ў творы, яны дазваляюць чытачу да драбніц зразумець працу бондара: «Даніла выбірае гэблі, скоблі, разцы, нажы, далаты, сякеры і сякеркі, гладзіць і мацае іх рукамі, пільна да іх прыглядаецца, адкідае злосна адзін інструмент, зноў за яго бярэцца, сумняваецца, разважае, нюхае жалеза, прыцмоквае губамі, ківае галавой і нешта мармыча сабе пад нос».

Асобна стаіць апісанне самога стварэння вырабу. Завязаныя ў адзін вялікі сказ, нагрувашчваюцца, удакладняючы адзін аднаго, дзеясловы: «адкінуць», «мусіць увайсці ў стос», «забыцца», «думаць і думаць», «меркаваць і меркаваць», «маляваць», «бачыць», «абмазгоўваць», «рабіць».

Асабістае меркаванне пра твор. Апавяданне Змітрака Бядулі «Бондар» напісана сто гадоў таму назад, і жыццё беларусаў з таго часу значна змянілася. Тым не менш і сёння праблемы, узнятыя ў творы, вельмі актуальныя. Гэта і ўнікальнасць унутранага свету таленавітага чалавека, і яго адносіны з людзьмі, далёкімі ад мастацтва, і нематэрыяльная каштоўнасць прыгожага. «Бондар» — твор пра трагедыю мастака, адарванага ад народнай грамады праз адданасць сваёй справе, узор дасканалай моўнай інструментоўкі празаічнага тэксту.