§ 23. Адукацыя
Тэндэнцыі ў развіцці адукацыі. Сістэма адукацыі пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца. Развіццё лічбавых тэхналогій забяспечвае ўсё большыя магчымасці для дыстанцыйнага навучання, робячы адукацыю даступнай у любы час.
Найважнейшай тэндэнцыяй у развіцці сучаснай адукацыі з’яўляецца яе бесперапыннасць (адукацыя праз усё жыццё — lifelong learning), якая рэалізуецца праз павышэнне кваліфікацыі і разнастайныя курсы (адукацыя для дарослых). Сістэма бесперапыннай адукацыі адкрывае магчымасці не толькі для прафесійнага ўдасканалення, але і для больш поўнага развіцця асобы.
Бесперапынная адукацыя — адукацыя, якая ахоплівае ўсё жыццё чалавека і ўключае ў сябе фармальную (школа, універсітэт і інш.) і нефармальную (зносіны са значнымі людзьмі, гурткі па інтарэсах, адукацыйныя курсы без сертыфікацыі і г. д.) адукацыю.
У XXI ст. веды робяцца больш значныя для грамадства, чым сыравінныя рэсурсы. Грамадства ведаў — канцэпцыя сучаснага этапу грамадскага развіцця, дзе дамінуючай каштоўнасцю становяцца веды самі па сабе. У грамадстве ведаў важней за ўсё навучыцца вучыцца, арыентавацца ў патоку інфармацыі, развіць крытычнае мысленне, якое дазваляе адрозніваць карысную інфармацыю ад бескарыснай, умець яе аналізаваць, тлумачыць і ацэньваць.
Асноўнымі каштоўнасцямі робяцца інтэлект, крэатыўнасць, сацыяльныя ўменні, якія развіваюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Адукацыя ва ўсім свеце ўжо арыентавана не толькі на фарміраванне традыцыйных прадметных ведаў і ўменняў, але і на стварэнне ўмоў для развіцця кампетэнцый ХХІ стагоддзя. Да іх, у прыватнасці, належаць крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунікацыя, кааперацыя.
Крытычнае мысленне мае на ўвазе ўменні аналізаваць інфармацыю, знаходзіць сувязі паміж сцвярджэннямі, пытаннямі, аргументамі, ацэньваць іх надзейнасць і пераканаўчасць, выяўляць недахоп інфармацыі, фармуляваць гіпотэзы, рабіць самастойныя высновы і абараняць іх, праводзіць праверку высноў.
Крэатыўнасць з’яўляецца здольнасцю прапаноўваць новыя падыходы да вырашэння праблем, генерыраваць ідэі, прымаць нестандартныя рашэнні, мае на ўвазе цікаўнасць, самастойны пошук адказаў на пытанні, што ўзнікаюць.
Камунікацыя азначае здольнасць выказваць думкі, пачуцці і факты ў вуснай і пісьмовай форме, тлумачыць свае ідэі і прапановы, дамаўляцца з суразмоўцам.
Кааперацыя разглядаецца як эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі і праца ў разнастайных камандах, уменне вызначаць агульную мэту і спосабы яе дасягнення, размяркоўваць ролі, ацэньваць вынік.
Такім чынам, у грамадстве ведаў, акрамя прадметных, прафесійных навыкаў, усё больш запатрабаванымі становяцца такія навыкі, якія не звязаны з пэўнай прадметнай сферай, а маюць на ўвазе рашэнне нестандартных задач і эфектыўнае ўзаемадзеянне з навакольнымі людзьмі ў самых розных сітуацыях.