§ 23. Адукацыя
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Book: | § 23. Адукацыя |
Printed by: | Guest user |
Date: | Thursday, 12 September 2024, 2:35 PM |
Паняцце адукацыі. Права на адукацыю лічыцца найважнейшым правам чалавека: яно было абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948 г.), у Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966 г.), Канвенцыі аб правах дзіцяці (1989 г.) і забяспечваецца нацыянальнымі прававымі актамі.
Што ж такое адукацыя? Адукацыя — гэта мэтанакіраваны працэс навучання і выхавання, які ажыццяўляецца на прафесійнай аснове спецыяльна падрыхтаванымі людзьмі. Пад навучаннем разумеюць арганізацыю дзейнасці навучэнцаў, у ходзе якой яны засвойваюць веды, уменні і навыкі. Выхаванне прадугледжвае арганізацыю дзейнасці вучняў, у ходзе якой фарміруюцца каштоўнасці, светапогляд, асабістыя якасці. Кожная гістарычная эпоха выбудоўвала такую сістэму адукацыі, якая не толькі абапіралася на дасягнуты да гэтага часу ўзровень ведаў, але і адпавядала мэтам развіцця грамадства. У развітых сістэмах адукацыі навучанне і выхаванне з’яўляюцца непарыўнымі кампанентамі адзінага цэлага.
Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.
У 2015 г. дзяржавы — члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прынялі дакумент «Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года», які ўтрымлівае 17 глабальных мэт развіцця чалавецтва на бліжэйшыя гады. Чацвёртая мэта мае на ўвазе «забеспячэнне ўсёахопнай і справядлівай якаснай адукацыі і садзейнічанне магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх».
Адукацыя як сацыяльны інстытут. У сучасным грамадстве адукацыя ўяўляе сабой складаны і шматузроўневы сацыяльны інстытут. Па-першае, гэта ўстановы адукацыі, у якіх арганізаваны навучанне і выхаванне (дзіцячыя сады, школы, каледжы, універсітэты і інш.). Па-другое, гэта сістэма норм і правіл, сацыяльных роляў і адносін, якія ўзнікаюць у адукацыйным працэсе паміж яго рознымі суб’ектамі (настаўнік, вучань, выкладчык, студэнт і г. д.).
У Рэспубліцы Беларусь склалася і паспяхова функцыянуе шматузроўневая сістэма адукацыі. Першым узроўнем з’яўляецца дашкольная адукацыя, затым ідзе агульная сярэдняя адукацыя, якая ўключае пачатковую адукацыю, базавую адукацыю, сярэднюю адукацыю.
Закончыўшы базавую школу, падлетак можа працягнуць навучанне ва ўстанове агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (каледжах, прафесійных ліцэях) ёсць магчымасць адначасова атрымаць агульную сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Навучэнцы, якія авалодалі прафесіяй на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, могуць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па роднаснай спецыяльнасці ў скарочаны тэрмін.
Вышэйшая адукацыя забяспечваецца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, да якіх належаць інстытуты, акадэміі, універсітэты. Пераход па ўзроўнях адукацыі ад прафесійна-тэхнічнай да сярэдняй спецыяльнай дае магчымасць пасля паступіць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на 3-ці курс навучання па роднаснай спецыяльнасці.
Добрыя магчымасці для развіцця асобы навучэнцаў у сферах тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастацтва, спорту, турызму ствараюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У кожнай краіне існуюць асаблівасці пабудовы адукацыйнай сістэмы і зместу адукацыі, якія абумоўлены нацыянальнымі, гістарычнымі і рэлігійнымі традыцыямі, характэрнымі для канкрэтных краін і рэгіёнаў.
Важную ролю ў развіцці вышэйшай адукацыі сёння адыгрывае Балонскі працэс, арыентаваны на фарміраванне адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі з дапамогай збліжэння сістэм адукацыі краін Еўропы.
У цэлым можна казаць пра ўніверсальныя заканамернасці развіцця адукацыі: па меры развіцця грамадства яна робіцца ўсё больш глыбокай і ўсебаковай, а свабода доступу да адукацыі з’яўляецца адным з найважнейшых крытэрыяў прагрэсіўнасці і адкрытасці грамадства.
Тэндэнцыі ў развіцці адукацыі. Сістэма адукацыі пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца. Развіццё лічбавых тэхналогій забяспечвае ўсё большыя магчымасці для дыстанцыйнага навучання, робячы адукацыю даступнай у любы час.
Найважнейшай тэндэнцыяй у развіцці сучаснай адукацыі з’яўляецца яе бесперапыннасць (адукацыя праз усё жыццё — lifelong learning), якая рэалізуецца праз павышэнне кваліфікацыі і разнастайныя курсы (адукацыя для дарослых). Сістэма бесперапыннай адукацыі адкрывае магчымасці не толькі для прафесійнага ўдасканалення, але і для больш поўнага развіцця асобы.
Бесперапынная адукацыя — адукацыя, якая ахоплівае ўсё жыццё чалавека і ўключае ў сябе фармальную (школа, універсітэт і інш.) і нефармальную (зносіны са значнымі людзьмі, гурткі па інтарэсах, адукацыйныя курсы без сертыфікацыі і г. д.) адукацыю.
У XXI ст. веды робяцца больш значныя для грамадства, чым сыравінныя рэсурсы. Грамадства ведаў — канцэпцыя сучаснага этапу грамадскага развіцця, дзе дамінуючай каштоўнасцю становяцца веды самі па сабе. У грамадстве ведаў важней за ўсё навучыцца вучыцца, арыентавацца ў патоку інфармацыі, развіць крытычнае мысленне, якое дазваляе адрозніваць карысную інфармацыю ад бескарыснай, умець яе аналізаваць, тлумачыць і ацэньваць.
Асноўнымі каштоўнасцямі робяцца інтэлект, крэатыўнасць, сацыяльныя ўменні, якія развіваюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Адукацыя ва ўсім свеце ўжо арыентавана не толькі на фарміраванне традыцыйных прадметных ведаў і ўменняў, але і на стварэнне ўмоў для развіцця кампетэнцый ХХІ стагоддзя. Да іх, у прыватнасці, належаць крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунікацыя, кааперацыя.
Крытычнае мысленне мае на ўвазе ўменні аналізаваць інфармацыю, знаходзіць сувязі паміж сцвярджэннямі, пытаннямі, аргументамі, ацэньваць іх надзейнасць і пераканаўчасць, выяўляць недахоп інфармацыі, фармуляваць гіпотэзы, рабіць самастойныя высновы і абараняць іх, праводзіць праверку высноў.
Крэатыўнасць з’яўляецца здольнасцю прапаноўваць новыя падыходы да вырашэння праблем, генерыраваць ідэі, прымаць нестандартныя рашэнні, мае на ўвазе цікаўнасць, самастойны пошук адказаў на пытанні, што ўзнікаюць.
Камунікацыя азначае здольнасць выказваць думкі, пачуцці і факты ў вуснай і пісьмовай форме, тлумачыць свае ідэі і прапановы, дамаўляцца з суразмоўцам.
Кааперацыя разглядаецца як эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі і праца ў разнастайных камандах, уменне вызначаць агульную мэту і спосабы яе дасягнення, размяркоўваць ролі, ацэньваць вынік.
Такім чынам, у грамадстве ведаў, акрамя прадметных, прафесійных навыкаў, усё больш запатрабаванымі становяцца такія навыкі, якія не звязаны з пэўнай прадметнай сферай, а маюць на ўвазе рашэнне нестандартных задач і эфектыўнае ўзаемадзеянне з навакольнымі людзьмі ў самых розных сітуацыях.
1. У чым заключаецца спецыфіка адукацыі як працэсу і як сацыяльнага інстытута?
2. Назавіце фактары, якія прывялі да істотных змен у адукацыі сёння.
3. Чаму крытычнае мысленне, крэатыўнасць, кааперацыю і камунікацыю называюць кампетэнцыямі будучыні? Абгрунтуйце сваю думку.