*§ 22-1. Навука

Прынцыпы навукі. У 1940-я гады, імкнучыся вызначыць своеасаблівасць навукі сярод іншых сацыяльных інстытутаў, амерыканскі сацыёлаг Роберт Мертан сфармуляваў «навуковы этас», які стаў шырока вядомы. Вучоны прапанаваў чатыры асноўныя прынцыпы навукі: універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць і арганізаваны скептыцызм. Правілы, што рэгулююць паводзіны ў навуцы, не маюць статусу юрыдычных законаў. Іх дзейснасць, паводле Мертана, звязана з арыентацыяй членаў навуковай супольнасці на пэўны комплекс каштоўнасцей і норм, які характэрны для гэтага сацыяльнага інстытута. Нормы выражаюцца ў форме дазволаў, забарон, прадпісанняў, пераваг і да т. п.

Універсалізм абумоўлены пазаасобасным характарам навуковых ведаў. Паколькі сцвярджэнні навукі належаць да аб’ектыўна існуючых з’яў і ўзаемасувязей, то яны ўніверсальныя і ў тым сэнсе, што справядлівыя ўсюды, дзе маюцца аналагічныя ўмовы, і ў тым сэнсе, што іх сапраўднасць не залежыць ад таго, кім яны выказаны. Надзейнасць новых ведаў вызначаецца па пазаасобасных крытэрыях — адпаведнасці назіранням і раней пацверджаным ведам. Каштоўнасць навуковага ўкладу не залежыць ад нацыянальнасці, класавай прыналежнасці або асабістых якасцей вучонага. Пад універсалізмам разумеецца незалежнасць вынікаў навуковай дзейнасці ад асабістых характарыстык вучонага, які робіць чарговы ўклад у навуку. Універсалізм праяўляе сябе ў абвяшчэнні роўных правоў на магчымасць займацца навукай і на навуковую кар’еру для людзей любой нацыянальнасці і любога грамадскага становішча.

Агульнасць прадпісвае вучонаму неадкладна перадаваць плён сваёй працы ў агульнае карыстанне, гэта значыць, паведамляць пра свае адкрыцці іншым вучоным адразу пасля праверкі, свабодна і без пераваг. Навуковыя адкрыцці з’яўляюцца прадуктам сацыяльнага супрацоўніцтва і належаць супольнасці. Яны ўтвараюць агульны здабытак, у якім доля індывідуальнага «вытворцы» вельмі абмежавана. «Права ўласнасці» ў навуцы фактычна не існуе. Патрэба вучонага неяк скарыстацца сваёй інтэлектуальнай «уласнасцю» задавальняецца толькі праз прызнанне і павагу, якія ён атрымоўвае як аўтар адкрыцця.

Бескарыслівасць. Імкненне вучоных да прыярытэту стварае ў навуцы свайго роду канкурэнтныя ўмовы. Такая сітуацыя можа штурхаць на нейкія асаблівыя дзеянні, каб спецыяльна засланіць сапернікаў. Гэтыя дзеянні здольны сказіць нармальны ход даследавання і, адпаведна, яго вынікі. У якасці «супрацьяддзя» названым пабуджэнням выстаўляецца патрабаванне бескарыслівай дзейнасці. Гэтая норма прадпісвае вучонаму будаваць сваю дзейнасць так, нібыта, акрамя спасціжэння ісціны, у яго няма ніякіх іншых інтарэсаў. Р. Мертан выклаў патрабаванне бескарыслівасці як папярэджанне ад учынкаў, якія здзяйсняюцца дзеля дасягнення больш хуткага ці больш шырокага прафесійнага прызнання ўнутры навукі.

Арганізаваны скептыцызм патрабуе ў дачыненні да любога прадмета дэтальнага аб’ектыўнага аналізу, які выключае магчымасць некрытычнага прымання. Для навукі няма нічога «святога», адгароджанага ад крытычнага аналізу. Паколькі работа кожнага вучонага-натураліста будуецца на выніках папярэдніх даследаванняў, наўмыснае ці ненаўмыснае адступленне ад ісціны з’яўляецца злачынным у адносінах да развіцця навукі. Адсюль вынікае, што ніякі ўклад у навуку не можа быць дапушчаны без стараннай, усебаковай праверкі. Норма скептыцызму прадпісвае вучонаму ставіць пад сумненне як свае, так і чужыя адкрыцці і выступаць з публічнай крытыкай любой работы, калі ён выявіў яе памылковасць. Імператыў арганізаванага скептыцызму стварае атмасферу адказнасці, бескарыслівасці, падмацоўвае прадпісаную ім як норму прафесійную сумленнасць вучоных.