*§ 22-1. Навука
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 22-1. Навука |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 17:01 |
Эмпірыя і тэорыя. Эмпірыя вызначаецца як:
● чалавечы вопыт;
● успрыманне знешняга свету з дапамогай органаў пачуццяў;
● назіранне ў натуральных умовах (у адрозненне ад эксперыменту).
Тэорыя вызначаецца як сістэма навуковых ведаў, якая апісвае і тлумачыць сукупнасць з’яў і зводзіць адкрытыя ў дадзенай галіне заканамерныя сувязі да адзінага аб’яднальнага пачатку. Эмпірычнае і тэарэтычнае — два асноўныя, звязаныя між сабой віды ведаў (спосабы пазнання), якія якасна адрозніваюцца сэнсам і формай адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці. Эмпірычнае адлюстроўвае рэчаіснасць з боку яе знешніх сувязей і адносін, фіксуе знешнія праявы працэсаў і падзей, заключаючы ў сабе ўсё даступнае назіранню (усё, што можна ўбачыць, пачуць, адчуць і асэнсаваць). Тэарэтычнае вынікае з эмпірычнага, сістэматызуючы назапашаны матэрыял, прытрымліваючыся прынцыпу ўнутраных узаемасувязей і заканамернасцей у руху.
Вячаслаў Сцёпін. Узаемадзеянне навуковай карціны свету і вопыту
Першай з навук, якая сфарміравала цэласную карціну свету, абапіраючыся на вынікі эксперыментальных даследаванняў, была фізіка. У сваіх зародкавых формах узнікаючая фізічная карціна свету ўтрымлівала (асабліва ў перадгалілееўскі перыяд) мноства натурфіласофскіх наслаенняў. Але нават у гэтай форме яна накіроўвала працэс эмпірычнага даследавання і назапашвання новых фактаў. У якасці характэрнага прыкладу такога ўзаемадзеяння карціны свету і вопыту ў эпоху станаўлення прыродазнаўства можна назваць эксперыменты Вільяма Гілберта, у якіх даследаваліся асаблівасці электрычнасці і магнетызму…
Атрыманыя з назірання факты могуць не толькі відазмяніць складзеную карціну свету, але і прывесці да пярэчання ў ёй і запатрабаваць яе перабудовы. Толькі прайшоўшы доўгі этап развіцця, карціна свету ачышчаецца ад натурфіласофскіх наслаенняў і ператвараецца ў адмысловую карціну свету, канструкты якой (у адрозненне ад натурфіласофскіх схем) уводзяцца па прыметах, якія маюць доследнае абгрунтаванне.
У гісторыі навукі першай ажыццявіла такую эвалюцыю фізіка. У канцы XVI — першай палове XVII ст. яна перабудавала натурфіласофскую схему свету, што панавала ў фізіцы Сярэднявечча, і стварыла навуковую карціну фізічнай рэальнасці — механічную карціну свету. У яе станаўленні вырашальную ролю адыгралі новыя светапоглядныя ідэі і новыя ідэалы пазнавальнай дзейнасці, што склаліся ў культуры эпохі Адраджэння і пачатку Новага часу. Асэнсаваныя ў філасофіі, яны паўсталі ў форме прынцыпаў, што забяспечылі новае бачанне назапашаных папярэднім пазнаннем і практыкай фактаў аб працэсах, якія даследуюцца ў фізіцы, і дазволілі стварыць новую сістэму ўяўленняў аб гэтых працэсах. Найважнейшую ролю ў пабудове механічнай карціны свету адыгралі прынцып матэрыяльнага адзінства свету, які выключае схаластычны падзел на зямны і нябесны свет, прынцып прычыннасці і заканамернасці прыродных працэсаў, прынцып эксперыментальнага абгрунтавання ведаў і ўстаноўка на злучэнне эксперыментальнага даследавання прыроды з апісаннем яе законаў на мове матэматыкі. Забяспечыўшы пабудову механічнай карціны свету, гэтыя прынцыпы ператварыліся ў яе філасофскае абгрунтаванне.
Ісціна. Філасофскае паняцце ісціны ўведзена старажытнагрэчаскім філосафам Парменідам як супрацьпастаўленне меркаванню. Асноўным крытэрыем ісціны прызнавалася тоеснасць мыслення і быцця.
Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца класічная канцэпцыя ісціны, сфармуляваная Арыстоцелем. Яна мае на ўвазе, што ісціна ёсць адпаведнасць рэчы і інтэлекту (лац. Veritas est adaequatio rei et intellectus), ці, па-іншаму, гэта адэкватная інфармацыя пра аб’ект, якая атрымліваецца шляхам пачуццёвага і інтэлектуальнага вывучэння або прыняцця паведамлення пра аб’ект і характарызуецца з пазіцыі дакладнасці.
У навуковым пазнанні ісціна адначасова выступае і як мэта навуковага пазнання, і як самастойная каштоўнасць, што забяспечвае прынцыповую магчымасць навуковых ведаў супадаць з аб’ектыўнай рэальнасцю.
Праўда — паняцце, падобнае да паняцця «ісціна», але ў шэрагу выпадкаў адрозніваецца ад яго і нават супрацьпастаўляецца. Праўда, у адрозненне ад ісціны, мае анталагічны характар, інакш кажучы, адлюстроўвае рэчаіснасць значным для асобы чынам, у згодзе з маральнымі катэгорыямі і ў такой паўнаце, якая неабходна для сапраўднага разумення і ўпэўненасці, рашымасці дзейнічаць. Такім чынам, калі ісціна адпавядае аб’ектыўнай рэчаіснасці, то праўда — духоўнай.
Прынцыпы навукі. У 1940-я гады, імкнучыся вызначыць своеасаблівасць навукі сярод іншых сацыяльных інстытутаў, амерыканскі сацыёлаг Роберт Мертан сфармуляваў «навуковы этас», які стаў шырока вядомы. Вучоны прапанаваў чатыры асноўныя прынцыпы навукі: універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць і арганізаваны скептыцызм. Правілы, што рэгулююць паводзіны ў навуцы, не маюць статусу юрыдычных законаў. Іх дзейснасць, паводле Мертана, звязана з арыентацыяй членаў навуковай супольнасці на пэўны комплекс каштоўнасцей і норм, які характэрны для гэтага сацыяльнага інстытута. Нормы выражаюцца ў форме дазволаў, забарон, прадпісанняў, пераваг і да т. п.
Універсалізм абумоўлены пазаасобасным характарам навуковых ведаў. Паколькі сцвярджэнні навукі належаць да аб’ектыўна існуючых з’яў і ўзаемасувязей, то яны ўніверсальныя і ў тым сэнсе, што справядлівыя ўсюды, дзе маюцца аналагічныя ўмовы, і ў тым сэнсе, што іх сапраўднасць не залежыць ад таго, кім яны выказаны. Надзейнасць новых ведаў вызначаецца па пазаасобасных крытэрыях — адпаведнасці назіранням і раней пацверджаным ведам. Каштоўнасць навуковага ўкладу не залежыць ад нацыянальнасці, класавай прыналежнасці або асабістых якасцей вучонага. Пад універсалізмам разумеецца незалежнасць вынікаў навуковай дзейнасці ад асабістых характарыстык вучонага, які робіць чарговы ўклад у навуку. Універсалізм праяўляе сябе ў абвяшчэнні роўных правоў на магчымасць займацца навукай і на навуковую кар’еру для людзей любой нацыянальнасці і любога грамадскага становішча.
Агульнасць прадпісвае вучонаму неадкладна перадаваць плён сваёй працы ў агульнае карыстанне, гэта значыць, паведамляць пра свае адкрыцці іншым вучоным адразу пасля праверкі, свабодна і без пераваг. Навуковыя адкрыцці з’яўляюцца прадуктам сацыяльнага супрацоўніцтва і належаць супольнасці. Яны ўтвараюць агульны здабытак, у якім доля індывідуальнага «вытворцы» вельмі абмежавана. «Права ўласнасці» ў навуцы фактычна не існуе. Патрэба вучонага неяк скарыстацца сваёй інтэлектуальнай «уласнасцю» задавальняецца толькі праз прызнанне і павагу, якія ён атрымоўвае як аўтар адкрыцця.
Бескарыслівасць. Імкненне вучоных да прыярытэту стварае ў навуцы свайго роду канкурэнтныя ўмовы. Такая сітуацыя можа штурхаць на нейкія асаблівыя дзеянні, каб спецыяльна засланіць сапернікаў. Гэтыя дзеянні здольны сказіць нармальны ход даследавання і, адпаведна, яго вынікі. У якасці «супрацьяддзя» названым пабуджэнням выстаўляецца патрабаванне бескарыслівай дзейнасці. Гэтая норма прадпісвае вучонаму будаваць сваю дзейнасць так, нібыта, акрамя спасціжэння ісціны, у яго няма ніякіх іншых інтарэсаў. Р. Мертан выклаў патрабаванне бескарыслівасці як папярэджанне ад учынкаў, якія здзяйсняюцца дзеля дасягнення больш хуткага ці больш шырокага прафесійнага прызнання ўнутры навукі.
Арганізаваны скептыцызм патрабуе ў дачыненні да любога прадмета дэтальнага аб’ектыўнага аналізу, які выключае магчымасць некрытычнага прымання. Для навукі няма нічога «святога», адгароджанага ад крытычнага аналізу. Паколькі работа кожнага вучонага-натураліста будуецца на выніках папярэдніх даследаванняў, наўмыснае ці ненаўмыснае адступленне ад ісціны з’яўляецца злачынным у адносінах да развіцця навукі. Адсюль вынікае, што ніякі ўклад у навуку не можа быць дапушчаны без стараннай, усебаковай праверкі. Норма скептыцызму прадпісвае вучонаму ставіць пад сумненне як свае, так і чужыя адкрыцці і выступаць з публічнай крытыкай любой работы, калі ён выявіў яе памылковасць. Імператыў арганізаванага скептыцызму стварае атмасферу адказнасці, бескарыслівасці, падмацоўвае прадпісаную ім як норму прафесійную сумленнасць вучоных.